Лепшыя фільмы фестываля «Паўночнае ззяння - 2023»

01.12.2023 Кіно

9-ы кінафестываль «Паўночнае ззянне» завяршыўся, ён прайшоў пад слоганам «УВАГА АДЛЕГЛАСЦЬ». У гібрыдным фармаце: бясплатна online, па квітках — offline ў Вільнюсе і Таліне, — на кінафэсце паказалі 42 фільма, а таксама правялі 11 online- і offline-івэнтаў. Фільмы і івэнты «Ззяння» сёлета глядзелі ў два разы больш, чым у мінулым годзе. Прафесіяналы са сферы кіно абралі пераможцаў Міжнароднага конкурсу дэбютаў і Беларускага конкурса. Упершыню за гісторыю кінафэсту аўтары фільма, які заваяваў Гран-пры Беларускага конкурса, атрымалі грашовы прыз. Распавядаем пра вынікі кінафэсту.


DSC4693.jpg

На працягу двух тыдняў у беларусаў і беларусак была магчымасць паглядзець 42 фільма, сярод якіх 14 з беларускай праграмы, 17 — з міжнароднай, менавіта з краін Скандынавіі і Балтыі, 3 працы ўкраінскіх аўтараў і 8 стужак з праграмы кароткага метра. Тэматычны дыяпазон фільмаў у гэтым годзе быў шырокі: стужкі пра барацьбу за свае правы, жаночую салідарнасць, экзістэнцыйны пошук сябе, пераасэнсаванне гісторыі сваёй сям'і, наступства экалагічнай катастрофы і іншае. Пры гэтым многія фільмы адзначаныя прызамі і намінацыямі найбуйнейшых міжнародных фестываляў, а некаторыя з іх прадстаўляюць свае краіны ў «Оскараўскай гонцы».

«Паглядзела ўсе фільмы і амаль усе івэнты. Гэта сапраўды шыкоўны досвед. Упершыню за тры гады мая галава перапоўненая вобразамі мастацтва, а не абдумваннем чарговай цяжкай навіны», — гэта адзін са шматлікіх захопленых водгукаў, якія гледачы «Ззяння» пакідалі на платформе кінафэсту. І гэта якраз тое, дзеля чаго каманда кінафестывалю працягвае ўпарта працаваць, каб ён ізноў праходзіў.

Падзякаваць камандзе «Паўночнага ззяння» за 9-ы сезон кінафэсту можна зрабіўшы данат.

Фільмы фестывалю паказвалі і offline?

Так! Другі год запар «Паўночнае ззянне» часткова праходзіць offline ў Вільнюсе і Таліне. Дзякуючы калабарацыі «Паўночнага Ззяння» з Талінскім кінафестывалем «Цёмныя ночы» у Таліне прайшлі паказы фільмаў беларускіх рэжысёраў («Радзіма», «У жывым эфіры», «Калыханка», «Усё добра, я сплю», «Ператрымка») і панэльная дыскусія «Пераадольваюсы адлегласць: ад выгнання да стварэння Беларускай незалежнай кінаакадэміі». У Вільнюсе адбыліся паказы фільмаў «Радзіма», «Дзённік Анастасіі», «Чатыры колы далей ад цэнтра», «Ястраб памерам з каня» і «Ты мне нічога не нагадваеш» пры падтрымцы кінацэнтра Skalvija. Такім чынам, фільмы пра Беларусь маглі ўбачыць не толькі беларусы, але і замежнікі. 

2 (1).jpg

Івэнты таксама праходзілі і online, і offline?

Усё так! У рамках традыцыйнай Індустрыйнай платформы «Паўночнага ззяння» прайшло 11 online- і offline-мерапрыемстваў розных фарматаў: online-размовы, Q&A з рэжысёрамі, панэльныя дыскусіі.

Напрыклад, у Таліне адбылася панэльная дыскусія пра розныя практыкі беларускіх незалежных фільммейкераў для ажыўлення кінаіндустрыі. Падчас гэтай панэлі беларускія фільммейкеры, прадстаўнікі кінафестываляў, сузаснавальнікі Беларускай незалежнай кінаакадэміі ды іншыя прафесіяналы кіно падзяліліся канкрэтнымі крокамі, якія ўжо зараз робяць, каб быць пачутымі і ўбачанымі ў сусветнай кінасупольнасці, нягледзячы на тое, што даводзіцца гэта рабіць у эміграцыі. Мадэраваў дыскусію кінакрытык і журналіст партала Cineuropa Давідэ Абатэшані.

Важная інфармацыя для тых, хто не паспеў «наведаць» івенты, што адбыліся online у рамках кінафэсту: яны захоўваюцца ў свабодным доступе на платформе «Паўночнага ззяння». Можна пачаць прагляд з выдатнай тлумачальнай дыскусіі аб легальным і пірацкім кантэнце з адвакаткай і спецыялісткай ў аўтарскім праве Марыяй Колесавай-Гудзілінай. 

Колькі людзей глядзелі фільмы фэсту?

Другі год запар кінафэст дэманстраваў большую частку сваёй праграмы online абсалютна бясплатна па папярэдняй рэгістрацыі. Унікальная магчымасць бясплатна паглядзець легальна куратарскую падборку фільмаў ад праграмераў «Паўночнага ззяння» зрабіла ажыятаж. 2989 новых гледачоў зарэгістравалася на платформе, каб сёлета далучыцца да прагляду стужак «Ззяння». А агульная колькасць карыстальнікаў платформы кінафэсту склала 4774!

5 (1).jpg

Такім чынам, сёлета на платформе кінафэсту зафіксавалі 18 435 прагляды фільмаў і івэнтаў «Ззяння». Гэтая лічба ў два разы перавышае паказчыкі мінулага года. Аднак зафіксаваць дакладнае значэнне немагчыма, бо многія глядзяць фестывальныя фільмы дома з сябрамі ці з сям'ёй. Таму выніковую лічбу праглядаў можна павялічваць у некалькі разоў. Апроч гэтага, агульная колькасць прагледжаных гадзін на платформе разам з івэнтамі складае 6513 гадзін, што раўняецца 271 дню. Гэта таксама ў два разы больш за леташнія значэнні.

Хто перамог у Міжнародным конкурсе дэбютаў «Паўночнага ззяння — 2023»? 

Міжнароднае журы, у складзе якога літоўскі рэжысёр Вітаўтас Пуйдокас, беларуская рэжысёрка Ганна Саўчанка і шведскі рэжысёр Віктар Нордэншэльд, — аглядала фільмы з Міжнароднага конкурсу дэбютаў. Яны выбралі пераможцам у Конкурсу дэбютаў — дакументальную карціну «Апалонія, Апалонія» рэжысёркі Леа Глоб.

«Шчырае даследаванне падарожжаў мастачкі Апалоніі і самой рэжысёркі. Нягледзячы на зусім розныя жыццёвыя выклікі, жанчыны знаходзяць паразуменне ў сваім імкненні перадаць рэчаіснасць праз выявы. Фільм выходзіць за рамкі тыповага партрэта мастака — сведчанне глыбокага ўплыву, які можа аказаць здымка чужой гісторыі на рэжысёра, моцнай сувязі паміж аповедам і асабістай трансфармацыяй», — каментуюць свой выбар журы.

Журы таксама адзначыла спецыяльнымі згадкамі два фільмы:

«Апошняя вясна» Францішкі Эліасен: «Гэты фільм створаны сэрцам і інтуіцыяй — двума найкаштоўнейшымі інструментамі кінематаграфіста. Яны нараджаюць сапраўдную творчасць. Смелае і дзёрзкае выказванне свайго пакалення і часу».

«Горы» Крысціяна Айнсхоя: «Шчырае, забаўнае, самасузіральнае, трошкі крынджовае падарожжа. Рэжысёр і яго сям'я — адзіныя аб'екты. Прысутнасць камеры набліжае герояў адзін да аднаго, а гледачоў — да саміх сябе».

Які фільм перамог у Беларускім конкурсе «Паўночнага ззяння — 2023»?

На працягу кінафестывалю фільмы Беларускага конкурсу аглядала асобнае міжнароднае журы, у складзе якога ўкраінская прадзюсарка Дар’я Бассель, беларускі рэжысёр Аляксей Палуян і дырэктар Еўрапейскага кінарынку Дэніс Рух. Яны прысудзілі Гран-пры Беларускага конкурсу фільму «Радзіма» рэжысёраў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі!

«Нягледзячы на тое, што аповед не выклікае аптымізму, само існаванне гэтага таленавітага фільма, прагледжанага гледачамі па ўсім свеце, дае надзею на тое, што заганны круг траўм і санкцыянаванага дзяржавай гвалту ўрэшце будзе разарваны са з'яўленнем новага пакаленне вызваленых беларусаў», — абгрунтавалі свой выбар журы.

Спецыяльным прызам узнагароджаны фільм Андрэя Кашперскага «Ператрымка»: «Гэты фільм унікальны, арыгінальны, смелы і смешны, а яго гумар не толькі адлюстроўвае дзівацтва дзяржаўных рэпрэсій, але і ёсць спосабам супраціву, якому журы выражае захапленне і падтрымку».

Таксама журы адзначыла спецыяльнай згадкай карціну Максіма Буйніцкага «Дзённік Анастасіі»: «Творчы і цёплы партрэт, які кранае нас сваім майстэрствам. Выразным і спачувальным назіраннем за сваёй гераіняй рэжысёр надае голасу мастачкі яскравую афарбоўку ў няпростыя часы».

Упершыню на «Паўночным ззянні» фільмы-пераможцы Беларускага конкурсу атрымаюць грашовыя прызы. Прызавая падтрымка прадастаўляецца тэлеканалам «Настоящее время» і складае 1200$ для фільма, які заваяваў Гран-пры, і 800$ стужцы, якой сябры журы прысудзілі Спецыяльны прыз.

З якіх краін часцей за ўсё беларусы глядзелі фільмы фэсту?

Сёлета больш за ўсё людзей глядзелі фестывальныя стужкі «Ззяння» на тэрыторыі Беларусі. Аднак ужо тры гады як кінафестываль «Паўночнае ззянне» дае магчымасць глядзець фільмы са сваёй праграмы беларусам, дзе б яны не знаходзіліся. Дзякуючы гэтаму стужкі фэсту глядзяць беларусы па ўсім свеце, а ў топ-5 самых папулярных краін сёлета ўвайшлі: Польшча, Літва, Германія, Грузія, Францыя.

10 (1).jpg

Які самы папулярны фільм?

Самым папулярным фільмам па колькасці праглядаў на платформе кінафэсту стаў «КУЛ (Навіны з Беларусі)» — зін, які складаецца з навэл розных рэжысёраў, заснаваных на беларускіх навінах. Яго глядзелі 1154 разоў. 

Акурат цяпер у афіцыйным канале Telegram «Паўночнага ззяння» праз апытанку выбіраюць фільм-пераможцу глядацкіх сімпатый. Галасуйце ў пяці адборачных апытаннях і абавязкова ўдзельнічайце ў фінальным вопыце, дзе і вырашыцца, хто стане пераможцам глядацкіх сімпатый у 2023 годзе.

У гэтым годзе слоган «Паўночнага ззяння» — «УВАГА АДЛЕГЛАСЦЬ». Прымеркавана да гэтага кінафэст прапанаваў сваім гледачам падлічыць, як далёка мы ўсе ад месца, што называем домам. Трэба было ўвесці колькасць кіламетраў ад горада нараджэння да горада актуальнага пражывання. Прынялі ўдзел у гэтай задуме 152 гледачы, а мы падлічылі нашу агульную адлегласць ад дома, і яна складае: 175 500 кіламетраў, — гэта як чатыры з паловай разы перасекчы Зямлю па экватары.

DSC4674.jpg

Аднак нягледзячы на адлегласць мы спадзяемся, што кінафестываль «Паўночнае ззянне» дазволіў вам стаць крыху бліжэй: са сваімі блізкімі людзьмі, якія знаходзяцца далёка, але на працягу двух тыдняў у вас была выдатная нагода абмеркаваць добрае кіно, а не толькі сумныя навіны; ці бліжэй з такой часткай культуры, як беларускае незалежнае кіно.

Нягледзячы на заканчэнне кінафэсту гледачы у чаканні 10-га сезона «Паўночнага ззяння» могуць працягнуць глядзець цудоўнае кіно з сэнсам ад беларускіх незалежных рэжысёраў і рэжысёрак. Штомесяц адкрываць для сябе новыя фільмы можна ў анлайн-кінатэатры VODBLISK — праект, які робіць каманда «Паўночнага ззяння». 

Сачыце за навінамі кінафэсту ў сацыяльных сетках FB, Instagram, Telegram. Каб не прапусціць цікавінкі беларускага кіно, падпішыцеся на акаўнт у Instagram анлайн-кінатэатра VODBLISK. Калі вам падабаецца дзейнасць «Паўночнага ззяння», падтрымайце кінафэст данатам