Выйшаў новы выпуск праекта «Хрусь і папалам». Культурна-асветніцкі партал «Будзьма беларусамі» ў супрацы з «Купалаўцамі» ламае беларусафобныя стэрэатыпы ў новым відэапраекце «Хрусь і папалам». Дапамогуць у гэтай справе блогер «daroha» Валера Руселік і ганаровы чалец «ЧынЧынЧэнэл» Сяргей Мікалаевіч (Міхась Зуй).
Хто з вас аніразу не чуў пра тое, што беларусы, маўляў, гэта вёска і нічога больш? Нібы і мова ў беларусаў — «дзеравенская», а з культуры — ну хіба што нейкія там скокі праз купальскае вогнішча і каза з каляднай зоркай, а ўсё астатняе — панскае, імпартнае! Вось і Сяргей Мікалаевіч ажно пусціў слязу замілавання, апісваючы сялянскую натуру беларусаў. Вось толькі дастаткова працерці вочы ды зірнуць на факты — і ўсё, стэрэатып пра сялянскасць беларусаў развальваецца ўшчэнт!