Як гэта — быць акцёрам: расказваюць Бахарэвіч і Жбанкоў

15 лютага (субота) у межах Трэцяга міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” адбудзецца паказ першага прафесійнага буктрэйлера “Смаленне вепрука” і сустрэча з яго стваральнікам Змітром Вайноўскім і Альгердам Бахарэвічам. Напярэдадні гэтай падзеі, прапануем інтэрв’ю з выканаўцамі галоўных роляў — пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам і культуролагам Максімам Жбанковым. 

“Напэўна, калі б у мяне была магчымасць усё вырашаць самому, буктрэйлер быў быў зусім іншы”, — кажа Альгерд Бахарэвіч. Якімі былі б буктрэйлеры Жбанкова і Бахарэвіча? Чаму яны пагадзіліся на ролі і якіх герояў гралі? Даем магчымасць акцёрам падзяліцца сваімі ўражаннямі пра здымкі.

“Смаленне вепрука” Міхася Стральцова вы ў “Гамбурскім рахунку” назвалі найлепшым тэкстам, напісаным у Беларусі савецкіх часоў. Цяпер у нас ёсць мажлівасць не толькі “слухаць з заплюшчанымі вачыма” ўрыўкі твора голасам Альгерда Бахарэвіча, а нават убачыць у вашым вобразе героя апавядання. Не страшна было браць на сябе такую адказнасць? Перайграць ці не дайграць, даць словам не тую інтанацыю?

Міхась Стральцоў у свой час сапраўды стаўся для мяне адкрыццём, і я пастараўся, каб гэта адчувалася ў вобразе, які мяне запрасілі стварыць. Стральцоў — у нейкім сэнсе марсіянін у беларускай літаратуры: самотны, нервовы, тонкі, адукаваны і чулы да вусцішы свету. Чалавек не адсюль. А значыць, у нас ёсць нешта агульнае, нават калі казаць пра Бахарэвіча-чытача і Стральцова-пісьменніка. Я адчуваю сваю сувязь з ім.

Сам працэс здымак мяне захапіў. Ад выбару касцюмаў да запісу — усё было займальна і цікава. Я працаваў з сапраўднымі прафесіяналамі. Што да адказнасці і інтанацыі… Я пісьменнік, а значыць, сам сабе рэжысёр, акцёр і сцэнарыст. Сам сабе Стральцоў. Найперш я імкнуўся быць сабой. Хаця, вядома, я па меры магчымасці прыслухоўваўся да рэжысёра. Усё ж у такіх відах мастацтва ў мяне досведу мала. Перш за ўсё тэхнічнага. Камера змяняе чалавека, як новая біяграфія. Напэўна, калі б у мяне была магчымасць усё вырашаць самому, буктрэйлер быў бы зусім іншы. Мусіць, больш адчайны і дэпрэсіўны.

1556402_10201560403987989_265594684_o

У кадры вы выглядаеце вельмі арганічна і свабодна. Здымацца было напраўду так проста, як падаецца цяпер, калі глядзіш буктрэйлер?

— Не ведаю, ці праўда я такі свабодны і арганічны, як падаецца. Ведаю толькі, што за апошнія дваццаць гадоў мне столькі разоў даводзілася апынацца пад аб’ектывамі, перад публікай, на сцэнах, подыумах, у студыях, у самых розных залах, столькі разоў даводзілася чытаць, гаварыць, спрачацца — карацей, граць ролю публічнага чалавека, што страху перад усім гэтым даўно няма. Адзіны, каго я баюся, гэта я сам. Так, відаць, было і ў Стральцова. Прынамсі, я бачу гэта ў яго тэкстах.

— А хацелася б убачыць буктрэйлер на сваю кнігу? На якую кнігу варта зрабіць чарговы буктрэйлер?

— Мне цяжка сказаць, ці здольны буктрэйлер паўплываць на цікавасць да літаратуры ці хаця б нейкай кнігі. Такія рэчы, як відэа, кіно і гэтак далей, падаюцца мне значна слабейшымі за літаратуру і значна прасцейшымі для ўспрымання. Таму, уласна кажучы, літаратуру і спрабуюць папулярызаваць з іх дапамогай. Што да маіх кніг, дык я ўсміхнуўся б, калі б нехта паспрабаваў зрабіць нешта такое з маімі “Шабанамі”. Што да нашай класікі, то такім жа адкрыццём, як Міхась Стральцоў, зрабіўся для мяне Вячаслаў Адамчык. Цікава было б паглядзець, як нехта паспрабуе з дапамогай відэа- або кінакамеры патлумачыць хаця б нейкае з ягоных апавяданняў.

1511749_10201560405148018_138741490_o

Спадар Максім, калі вы пагадзіліся здымацца ў буктрэйлеры паводле твора Стральцова, што было прычынай — магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці акцёра ці, можа, выбар твора? адрасуем пытанне выканаўцу другой, але не менш галоўнай ролі Максіму Жбанкову.

— Цікавай была магчымасць атрымаць прынцыпова новы досвед. Ніколі не лічыў сябе акцёрам, скептычна стаўлюся да свайго «артыстызму» — але было істотна папрацаваць на карысць белкульту яшчэ і такім чынам. Што да твора, шчыра кажучы, прачытаў яго ўжо падчас здымак.

Tarantino.by-2013--Backstage-Booktrailer-4208

Хто вы ў буктрэйлеры? Ваш герой не быў прапісаны ў апавяданні, дык каго вы гралі?

— Думаю, гэта суразмоўца і суайчыннік аўтара, люстэрка ягоных сумневаў і непакою. Крэатыўшчык. Чалавек без каранёў — дакладней, чалавек з абсечанымі каранямі ў пошуках страчанай ментальнай бацькаўшчыны. Звычайны беларус часоў заняпаду савецкай імперыі.

Якія на вашую думку, творы беларускіх аўтараў вартыя абавязковага прачытання. Чаму?

— Цяжка казаць пра прозу: яе чытаю вымушана, па прафесійным абавязку. Затое люблю і шаную айчынную постсавецкую паэзію — Хадановіча, Рыжкова, Прылуцкага. Лічу абавязковымі тэксты Міхала Анемпадыстава. Натуральна, неабходныя Акудовіч і Бабкоў. Чаму? Бо яны ўсе — кожны па-свойму — будуюць нацыянальную свядомасць 2.0.

Tarantino.by-2013--Backstage-Booktrailer-4194

Калі б Вы самі здымалі буктрэйлер, які твор абралі б?

— Магчыма, штосьці з Сэлінджэра. Ці з навелаў Фолкнэра. Дарэчы, я іх ужо здымаю. Кожны раз, калі пачынаю чытаць.

Запрашаем!

15 лютага (субота) а 14-й у канферэнц-зале Інстытута імя Гётэ ў Мінску (вул. Веры Харужай, 25/3, чацвёрты паверх) у межах Трэцяга міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” адбудзецца паказ першага прафесійнага буктрэйлера “Смаленне вепрука”. 

Глядзіце буктрэйлер паводле апавядання Міхася Стральцова “Смаленне вепрука” тут.

Чытайце апавяданне тут.

Фота: Аляксандр Ждановіч