Адкрыццё выставы беларускага фатографа Максіма Сарычава «Сляпая зона»

16.02.2017 19:00 - 19:00 Прастора «ЦЭХ» (вул. Кастрычніцкая, 16) На адкрыццё ўваход вольны

16 лютага а 19:00 у ЦЭХу адкрыецца выстава беларускага фатографа Максіма Сарычава «Сляпая зона».

У сваім новым праекце фатограф даследуе гвалт як інструмент улады дзеля кантралявання сацыяльнага асяродку. Гэта тэма заўжды прысутнічала ў творчасці аўтара, але тут гаворка ідзе не столькі пра канкрэтныя падзеі ці з’явы беларускай штодзённасці, як пра адчуванне небяспекі ў аўтарытарным грамадстве і механізмы сілавой рэгуляцыі.

«Сляпая зона» яднае фатаграфію, графіку, аб’екты, гістарычны матэрыял. Дакументальнае фота і вынікі працы з архівам у спалучэнні з пастановачнымі здымкамі дазваляюць удала аб’яднаць прыватныя гісторыі і яскравыя спасылкі на мясцовы палітычны кантэкст Разам з тым аўтарскае выказванне не зводзіцца да выключнай радыкальнай пазіцыі, Сарычаў хутчэй імкнецца спалучыць добра знаёмыя вобразы і падаць агульную карціну, паралельна разважаючы над сваім стаўленнем да яе.

На сённяшні дзень Максім Сарычаў – адзін з найбольш вядомых візуальных мастакоў Беларусі, які працуе з тэмай улады і грамадства. Сярод ягоных прафесійных дасягненняў – шматлікія ўзнагароды ў нацыянальных конкурсах і ўдзел у міжнародных фестывалях, такіх як Warsaw Photo Days 2013 (Польшча), Vilnius Photo Circle 2013, 2014, 2016 (Літва), Tbilisi Photo Festival 2016 (Грузія). Сарычаў – пераможца важных фотападзеяў Беларусі: конкурсаў PRAFOTA 2015 і Belarus Press Photo 2015. Удзельнік калектыву мастакоў LĒD.

Выстава адкрыецца 16 лютага а 19:00 і працягнецца да 6 сакавіка.

Кошт уваходу – 4 руб. Школьнікам, студэнтам і пенсіянерам – 2 руб.

На адкрыццё ўваход вольны.

Адрас: прастора ЦЭХ, вул. Кастрычніцкая 16 (ст. м. «Першамайская», 2-і паверх, над барам «Хуліган»).

Сайт Максіма Сарычава: http://sarychau.com


Вам можа быць цікава

Выстава Радаславы Моцка «Minsk» у Мінску

23.01.2026 18:00 - 22.02.2026 19:00 галерэя ДК (вул. Герцэна, 2а)

Масленіца ў Магілёве

21.02.2026 (12:00 - 15:00) канцэртная зала філармоніі (вул. Першамайская, 10)

Фінал Дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы ў Беластоку

24.02.2026 (17:00 - 19:00) Беластоцкі тэатр лялек (вул. Каліноўскага, 1)

Майстар-клас па гарлячках у Гомелі (12+)

28.02.2026 (12:00 - 14:00) Філіял Веткаўскага музея (плошча Леніна, 4а)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ