Суботнім вечарам 11 ліпеня ў варшаўскай кніжнай краме «Кнігаўка» панавала багемная атмасфера. Усё таму, што выдавецтва «Мяне няма» арганізавала там аўтограф-сесію новай кнігі «ШокингКульт. Книга перемен» культурнага аглядальніка, пісьменніка, арт-менеджара, блогера і кнігавыдаўца Максіма Жбанкова, які ў ёй падсумаваў першую палову драматычных 2020-х.
Журналіст культурна-асветнага партала «Будзьма беларусамі!» адмыслова паразмаўляў з пісьменнікам пра новую кнігу, трансфармацыю грамадства пасля шоку 2020-х і пра тое, якая будучыня чакае беларускую культуру і творцаў.
Максім Жбанкоў. Вільня, 2024 г.
— Якія ў вас адчуванні ад таго, што выходзіць чарговая ваша кніга? Што гэта для вас азначае?
— Для мяне кожная кніжка — гэта падсумаванне пэўнага кавалка майго жыцця і адначасова пэўнай культурніцкай сітуацыі ў Беларусі. Бо ўсё, што я пішу, — гэта пра тое, як я адчуваю час, як спрабую яго разумець, якія назвы, імёны і маркеры, на маю думку, адлюстроўваюць наяўны стан рэчаў.
Гэта адначасова і прыватныя дзённікі культурніцкага чалавека, і рэпартажныя тэксты з нагоды пэўных культурніцкіх працэсаў.
Гэта ўжо мая трэцяя кніга [дагэтуль выйшлі «No style. Белкульт между Вудстоком и Дажынкамі» (2013) і «SloMo: Хатняя крытыка культурнага дызайну» (2021) — рэд. Budzma.org]. Яна, натуральна, адмысловая, бо не проста фіксуе пэўныя сітуацыі і спрабуе іх аналізаваць. Гэта, я б сказаў, экзістэнцыяльны выклік.
Гэта кніга пераменаў. Гэта кніга пра ломку матрыц. Пра тое, як прыватнай асобе, крэатыўнаму культурнаму актывісту паразумецца з катастрафічна зламаным часам, з эпохай прымусовай міграцыі, з часамі разбурэння папярэдніх канвенцый, у вельмі няпростай і невідавочнай сітуацыі змены лёсу.
Кніга “ШокингКульт. Книга перемен”. Фота: сайт выдавецтва "Мяне няма"
Напэўна, гэта самая асабістая з маіх кніг. Яна безумоўна новая для мяне, бо тут новая стылістыка, новая мова, новы фармат. Першапачаткова ўсё гэта з’явілася як падкасты, а пасля ператварылася ў тэксты.
Усе гэтыя новыя рэчы мне вельмі прыемныя і вельмі цікавыя. Спадзяюся, што нешта атрымалася. А пра вынік, думаю, будуць разважаць ужо тыя, дзеля каго гэта было зроблена.
— У назве кнігі прысутнічае слова «шок». Як вы адчуваеце: наколькі цяпер гэты шок, які цягнецца фактычна з 2020 года ўжо шэсць гадоў, яшчэ адчувальны? Наколькі ён пульсуе, ці ўжо прытупіўся?
— Калі я кажу, што гэта чарговая кніга, якая падсумоўвае чарговы кавалак актуальнай культурніцкай гісторыі Беларусі, то маю на ўвазе, што гэта, як і ўсё, што я рабіў раней, тэксты, напісаныя па гарачых слядах, і падсумаванне пэўнага перыяду, які, на маю думку, ужо скончыўся.
Гэтая пяцігодка перазагрузкі завершаная. Бо той першасны адчай, змяшаны з рамантызмам, чаканнем хуткай перамогі і безумоўнага вяртання на радзіму, ужо прайшоў.
Мы пазбавіліся ілюзій хуткіх вынікаў. Пазбавіліся празмернай ахвярнасці. Пазбавіліся спадзяванняў на безумоўную перамогу і звышхуткія перамены.
Мы вучымся жыць у складаным свеце.
За гэтыя пяць гадоў мы самі сталі іншымі. Мы ўжо знаходзімся ў іншай сітуацыі. Я лічу, што паміж намі і новым культурніцкім кантэкстам ужо склаліся пэўныя дамоўленасці. Мы знайшлі ў ім сваё месца. Мы існуем у ім як саўдзельнікі, а не як няшчасныя ахвяры знешніх абставін.
Гэта гісторыя крэатыўнай перазагрузкі крэатыўнай меншасці — тых самых людзей, якія ў 2020 годзе выходзілі на вуліцы і стваралі тое неверагодна прыгожае, гіпернаіўнае вулічнае шоу.
Цяпер гэтыя людзі ўладкоўваюцца ў іншых вымярэннях, на іншых тэрыторыях, у іншых лакацыях. Яны застаюцца беларусамі, але гэта ўжо беларускасць прынцыпова іншай, новай якасці.
Пра гэта я і спрабую пісаць.
На маю думку, як новая мабільная нацыя мы ўжо адбыліся. За гэтыя пяць гадоў мы склаліся як пэўны лад жыцця, як супольнасць, як набор культурніцкіх стратэгій і дамоўленасцяў з новым кантэкстам.
Таму тое, пра што я кажу ў гэтай кнізе, — ужо мінулае. Будучыня адкрытая. Пра будучыню мы будзем пісаць цяпер.
Дарэчы, у мяне ўжо амаль напісаная новая кніга. Яна якраз пра тое, што адбываецца цяпер.
— Якім вы бачыце лёс беларускай культуры — і ў замежжы, і ўнутры Беларусі? Ці будзе ён такім жа трагічным або драматычным, як папярэдняя пяцігодка?
— Я не разважаю пра гэта ў катэгорыях катастрафізму, ахвярнасці ці трагізму. Думаю, што ўсё гэта перабольшаныя рэчы.
Мы сапраўды існуем у няпростай і драматычнай сітуацыі. Але ў гэтай сітуацыі, прынамсі лепшыя з нас, выбіраюць моцную ролю. Не ролю пасіўнай няшчаснай ахвяры, не ролю шматпакутнага выгнанніка ці мігранта.
Мы — людзі новага часу і новай сітуацыі. У гэтай сітуацыі мы даём сабе рады.
З’яўляюцца новыя кнігі, новыя музычныя альбомы, новыя фільмы. Беларуская культура фактычна аднаўляецца ў прынцыпова новых вымярэннях.
Ці адбываецца гэта ўнутры краіны, ці па-за яе межамі — абсалютна неістотна.
Па-першае, культура заўсёды рэч нязручная.
Па-другое, яе заўсёды стварае крэатыўная меншасць — адчайныя маргіналы, самураі культурнага пошуку.
І, па-трэцяе, культуру немагчыма ні дазволіць, ні забараніць. Яна заўсёды здараецца.
З намі цяпер здарылася новая стадыя беларускай культуры. І гэта неверагодна прыгожа. І з гэтым ніхто нічога не зробіць.
Таму я — цынічны аптыміст.

Максім Жбанкоў са сваёй кнігай “ШокингКульт. Книга перемен”. Фота: сацсеткі выдавецтва "Мяне няма"
— Тады пытанне пра вашу працу ў выдавецтве «Мяне няма». Якую ролю вы бачыце для сябе і для выдавецтва ў гэтай новай будучыні, што нарадзілася пасля драматычнай першай паловы дваццатых гадоў?
— У прынцыпе, што робіць культурніцкая меншасць, якая выбірае місію не ўзначальваць працэс, а быць істотнай яго часткай?
Гэта місія стварэння сэнсаў. Гэта місія знаходзіць трапныя маркеры новага часу.
Гэта місія самавызначэння чалавека, здольнага перажыць разбурэнне ўласнага космасу дзеля новай рэальнасці.
У гэтым сэнсе мы ўсе, як казаў Дэвід Боўі, — absolute beginners. Мы ўсе цудоўныя пачаткоўцы ў гэтым новым, цудоўным часе.
Гэта і ёсць наша роля.
У гэтых катастрафічна цудоўных часах у нас ёсць місія: быць шчырымі, быць перакананымі, быць канфліктнымі, быць нязручнымі. Папросту быць заўважнымі.
Калі мы здольныя генераваць новыя сэнсы, будаваць новыя мапы рэчаіснасці, а гэта ўжо адбываецца, то атрымліваецца, што мы не кіруем працэсам, але граем у ім моцную партыю.
Менавіта здольнасць граць моцную партыю ў складанай, поліфанічнай, лапікавай рэчаіснасці і ёсць нашай роляй і нашым здабыткам.
Бо і вы, і я, і спадар Янушкевіч, і спадар Кулікоў, і спадар Калеснік — усе мы існуем у сітуацыі татальнай непрадказальнасці і агрэсіўнага вымушанага крэатыву.
Гэтае спалучэнне гераічнага крэатыву і непрадказальнай будучыні і ёсць актуальны беларускі дзэн. Натуральна, будучыня паўстае перад намі непрадказальнай. І гэта шыкоўна.
Бо больш за ўсё ў жыцці я баюся татальнай прадказальнасці. Absolute beginners — гэта яшчэ і людзі, якія штодня пачынаюць усё нанова.
Гэта адначасова і моцна, і праблемна. Праблемна таму, што мы кожны раз забываемся пра тое, што было раней, адштурхоўваемся ад мінулага, робім выгляд, што яго не існавала, а многія нават не ведаюць, што яно было.
Але ў той жа час гэта вызваляе нас ад штампаў, стэрэатыпаў і шаблонаў.
Мы жывём, пераадольваючы інерцыю папярэдняй мадэлі беларускасці. І гэта самае цікавае.
Максім Жбанкоў. Вільня, 2024 г.
— Тады апошняе пытанне. Калі чакаць вашу наступную кнігу?
— Як казаў нехта мудры: хочаш насмяшыць Бога — раскажы яму пра свае планы. Таму не буду называць тэрмінаў.
Магу толькі сказаць, што асноўны масіў тэксту ўжо ёсць. Сачыце за навінамі. Паспрабую зрабіць так, каб вам не давялося чакаць чарговыя пяць гадоў.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org