Пра жыцьцё гарадоў і людзей у іх. Беларусы стварылі бясплатны адукацыйны курс з чат-ботам

Беларусы стварылі адукацыйны праект пра беларускія гарады. Ён расказвае, на што варта зьвяртаць увагу падчас шпацыру, чаму прамысловая архітэктура — самая супярэчлівая катэгорыя гарадзкой забудовы і як горад падштурхоўвае да адзіноты. Свабода пагаварыла з адной з аўтарак праекта.

Urbik
Урбік, сымбаль праекта


Беларусы стварылі даступны бяплатны адукацыйны праект пра горад «Урбік». Яго аформілі ў выглядзе тэлеграм-бота. У ім пэрсанаж Урбік расказвае простай мовай цікавінкі пра гарады «зь вялікіх кніг і навуковых працаў», тлумачыць Свабодзе заснавальніца праекту Ксенія* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).

«Прывітаньне, я Урбік! Жыву ў горадзе: выгульваю суседзкага сабаку, дасьледую новыя месцы, часам перабягаю на чырвонае. І ўвесь час лаўлю сябе на пытаньні: «А чаму тут усё ўладкавана менавіта так — і ці можа быць інакш?»», — прадстаўляе сябе анімаваны вядоўца курсаў.

У гэтым праекце можна прайсьці пяць міні-курсаў пра тое, як ежа зьмяняе кварталы, чаму пасьля залевы горад тоне, як стары завод ператвараецца ў модны лофт, з чаго «сабраная» вуліца, як горад уплывае на нашае сяброўства і адзіноту. Курсы ў кожнай тэме доўжацца ад 15 да 30 дзён і адрозьніваюцца ўзроўнем складанасьці — ад лёгкага да прасунутага.

Чалавек можа выбраць мову навучаньня — беларускую або расейскую. Абірае таксама час, у які яму штодня будуць прыходзіць матэрыялы. Гэта звычайна адзін факт пра горад з прыкладамі, карцінкамі і фота з асабістага архіву аўтараў праекту. Каб азнаёміцца з урокам на дзень, дастаткова пяці хвілін. Для тых, хто хоча паглыбіцца ў тэму, ёсьць дадатковыя спасылкі, прыкладам, на заканадаўчыя дакумэнты ў пэўным пытаньні.

Ксенія зьвяртае ўвагу, што сярод розных сваіх роляў жыхар гораду можа забывацца, што ён гараджанін, што ён часта ўзаемадзейнічае з горадам.

«Мне здаецца, несправядліва не заўважаць горад навокал сябе і тое, як ён фармуе твой дзень і тваё штодзённае жыцьцё. Калі ты выбудоўваеш свае адносіны з горадам, ты можаш зрабіць сваё жыцьцё лепшым і цікавейшым. «Урбік» заклікае сябраваць з горадам», — дзеліцца думкай суразмоўца.

«Ботаў з такім функцыяналам мы ня бачылі»

Ксенія расказала, што каманда працавала над праектам каля году: падбіралі матэрыялы, пісалі тэксты і афармлялі гэта ў выглядзе бота.

«Тэхнічная праца заняла больш часу, бо мы ня бачылі ботаў з такім функцыяналам. То бок гатовага рашэньня гэтай буйной задачы не было. Мы пісалі ўсё з самага пачатку», — тлумачыць заснавальніца праекту.

У камандзе ёсьць спэцыялісты ў архітэктуры, горадабудаўніцтве, сацыялёгіі, дызайнэр, праграміст, працягвае Ксенія. Тыя, хто ня мае адпаведнай адукацыі, цікавяцца ўрбаністыкай як хобі. Стваральнікі «Урбіка» досыць шмат падарожнічаюць або жывуць у розных месцах — яны бывалі ў краінах Эўропы, Азіі, Паўночнай і Лацінскай Амэрыкі — і могуць параўноваць гарады розных краін і кантынэнтаў.

Drevy ŭ horadzie
Дрэвы ў горадзе


«Нашая каманда — маладыя цікаўныя людзі, якім не цярпіцца даведацца пра нешта новае, і ня толькі пра Беларусь, але агулам пра сьвет. Даведацца пра розныя гарадзкія практыкі, чым жывуць розныя гарады, чым абумоўлена гэтае жыцьцё. Як гарады ўплываюць на жыцьцё людзей і людзі ўплываюць на жыцьцё гарадоў», — камэнтуе Ксенія.

Праект некамэрцыйны. Аўтары рабілі яго ў вольны час як валянтэры. Доступ да яго цяпер бясплатны для ўсіх ахвотных.

Добрыя гарадзкія рашэньні

Роварныя сьцежкі ў Менску

Калі ў Менску пачалі будаваць інфраструктуру для раварыстаў, значна больш людзей сталі карыстацца роварам як сродкам перасоўваньня ці адпачынку, адзначае Ксенія. Інфраструктуру працягваюць паляпшаць.

Rovarnaja ściežka i piešachodnaja zona
Роварная сьцежка і пешаходная зона


Парклеты ў Стакгольме

Ксенія падчас гутаркі знаходзіцца ў Стакгольме. Яна зьвяртае ўвагу на тое, як шмат у горадзе парклетаў — месцаў для адпачынку пасярод гораду, на ходніку, дзе можна прысесьці, перадыхнуць, пагаварыць. Яны звычайна складаюцца з лавак розных формаў, колераў, з дрэва, мэталу, бэтону. Часта побач ёсьць дрэвы, якія даюць цень, і кветкі. У Беларусі, на думку суразмоўцы, такіх парклетаў не хапае.

Parkliet
Парклет


Зялёная Варшава

Добрая рэч у Варшаве, адзначае суразмоўца, — яе азеляненьне.

«Яны ашаламляльна працуюць з дрэвамі. Гэта паўнавартасная праца з гадавальнікамі, калі высаджваюць ня проста малыя несфармаваныя саджанцы, а ўжо дастаткова дарослыя высокія дрэвы. Столькі шматгадовых расьлінаў, колькі высадзілі ў Варшаве, я ня бачыла пакуль ні ў водным іншым горадзе», — расказвае Ксенія.

Zialiony ŭčastak u horadzie
Зялёны ўчастак у горадзе


Што варта палепшыць у Беларусі

Шматгадовыя расьліны

Варта замяніць шматгадовымі расьлінамі на клюмбах і зялёных астраўках аднагадовыя, перакананая Ксенія. Гэта ашчадзіць сродкі гарадзкога бюджэту, дадасьць эстэтычнай шматаблічнасьці.

«Калі ласка, няхай у Гомлі будуць ня толькі пэтуніі, высаджаныя ўлетку! У нейкі момант жыцьця ў Гомлі мне здавалася, што гэта наш нацыянальны сымбаль. Хай будзе болей шматгадовых расьлінаў, на догляд якіх пойдзе менш грошай зь бюджэту і будзе больш разнастайнасьці», — выказвае пажаданьне Ксенія.

Лякальны брэнд

Кожнаму гораду варта парупіцца пра свой брэнд, адкрыць і разьвіць сваю цікавінку, якая будзе таксама прывабліваць турыстаў, мяркуе суразмоўца. Ёсьць беларускія месцы, у якіх ужо ёсьць выразны брэнд — адзін або некалькі. У Лідзе — кеды і піва, у Рагачове і Глыбокім — згушчанка, у Салігорску — горы, у Воршы — Караткевіч, у Краснасельскім — Мальдывы, у Іўі — татарская традыцыя.

«Каб кожны горад захаваў сваю ідэнтычнасьць і разумеў, чым ён прывабны, што ў горадзе можна паглядзець, чым натхніцца», — разважае Ксенія пра лякальныя брэнды.

Спальныя раёны не пад капірку

«Пры рэнавацыі спальных раёнаў можна не рабіць усё пад капірку, а шукаць цікавыя візуальныя рашэньні для кожнага дому або кварталу. Падумаць, як зрабіць, каб сюды хацелі пераяжджаць людзі, а ня толькі як пабудаваць як мага больш кватэраў; як высаджваць паркі, а ня толькі сячы дрэвы; рабіць утульнымі дзіцячыя пляцоўкі; спрыяць таму, каб жыхары камунікавалі адно з адным», — разважае праектная мэнэджарка.

Fasad domu ŭ centry Horadni
Фасад дому ў цэнтры Горадні


Горад, даступны пешаходам

Горад, які клапоціцца пра сваіх жыхароў, мае быць зручным ня толькі для аўтамабілістаў, але і для пешаходаў, раварыстаў, самакатнікаў, бацькоў зь дзіцячымі вазкамі, людзей з інваліднасьцю, якія перасоўваюцца на вазках, мяркуе суразмоўца.

«Гэта пра даступнасьць. Ня важна, на чым ты перасоўваесься, мусіш мець магчымасьць спакойна праехаць з пункту А ў пункт Б, не перажываць, што табе трэба сыходзіць (з ровара або самаката. — РС), каб спусьціцца з бардзюру, падняцца на бардзюр. Не перажываць, як ты будзеш пераходзіць вуліцу, скрыжаваньне», — тлумачыць дзяўчына.

Piešachodnaja vulica ŭ Horadni Пешаходная вуліца ў Горадні


Ксенія думае, што і звычайныя жыхары могуць дамагацца зьменаў у сваім раёне, горадзе. Адзін з спосабаў — зьвяртацца ў выканкамы ў прыёмныя дні і выказваць свае прапановы, а потым імкнуцца да іх рэалізацыі.

Праектная мэнэджарка заўважае цікавасьць да іхнага праекту. З «Урбікам» ужо пазнаёміліся ўдвая больш людзей, чым яны разьлічвалі. Называць колькасьць карыстальнікаў яна ня хоча.

«Каб сфармаваць крытычны погляд на горад, трэба шмат часу, асабліва звычайнаму гараджаніну, які не архітэктар, ня горадабудаўнік. Гэта можна рабіць таксама з дапамогай «Урбіка». Калі да беларусаў прыйдуць экспэрты з канкрэтнымі пытаньнямі: «Што вам не падабаецца?», «Што вы б хацелі палепшыць?», хацелася б, каб людзі разумелі гэтыя пытаньні і разумелі, што можна на іх адказаць», — кажа Ксенія.