15 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава «Час цішыні», на якой будуць прадстаўлены палотны аднаго з лепшых пейзажыстаў першай паловы ХХ стагоддзя Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі і мастакоў, з якімі ён быў звязаны не толькі сяброўствам, але і працай ва Удомельскім краі. Гэта Станіслаў Жукоўскі, Ігар Грабар, Абрам Архіпаў, Мікалай Багданаў-Бельскі, Аляксей Сцяпанаў, Аляксандр Маравін, Фёдар Мадораў і іншыя. Таксама ў экспазіцыю ўключаны творы Ісака Левітана. Будзе прадстаўлена больш за 40 работ са збору Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Пра сваю познюю працу «Над вечным спакоем» Ісак Левітан напісаў: «…у ёй я ўвесь, з усёй маёй псіхікай, з усім маім зместам…». Этапны для рускага мастацтва пейзаж быў створаны ў 1893 годзе на возеры Удомля (Цвярская губерня). Некалькі пазней для шэрага маладых жывапісцаў Удомельскі край таксама стаў часткай творчай біяграфіі. А для аднаго – Вітольда Бялыніцкага-Бірулі – цэлым жыццём.
Будучы студэнтам Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, ураджэнец Магілёўскай губерні В.К. Бялыніцкі-Біруля шмат працаваў над фарміраваннем уласнага почырку, прыслухоўваючыся да парад Левітана і экспануючы работы на выставах. У 1892 годзе яго невялікае палатно «З аколіц Пяцігорска» (Дзяржаўная Траццякоўская галерэя) было набыта Паўлам Траццяковым, што стала для маладога пейзажыста фактам прызнання таленту. У пачатку ХХ стагоддзя Вітольд Бялыніцкі-Біруля ўжо мастак з імем. Ён быў прыняты ў Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў, Саюз рускіх мастакоў.
Прыезд на возера Удомля стаў для Бялыніцкага-Бірулі паваротным. Тут у 1912 годзе ён пабудаваў дачу «Чайка». Сюды прыязджаў да канца свайго жыцця. Сюды ж для працы, гутарак, палявання наведваліся і іншыя мастакі – Станіслаў Жукоўскі, Аляксей Сцяпанаў, Абрам Архіпаў, Мікалай Багданаў-Бельскі, Фёдар Мадораў, Аляксандр Мараваў, Ігар Грабар. Яны не былі прыхільнікамі радыкальных плыняў у мастацтве, а таму, як і многія іх сучаснікаі, мелі сваё аўтарскае крэда.
«Візітнай карткай» С.Ю. Жукоўскага стаў сядзібны інтэр’ер («У маі», 1916, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь; «Чырвоная гасціная», 1939, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя). У яго творах штодзённасць – катэгорыя эстэтычная. Да твораў Жукоўскага набліжана работа Аляксея Сцяпанава «У пакоі» (1912, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). А.С. Сцяпанаў – мастак разнапланавы, які прайшоў шлях творчай эвалюцыі, дасягнуўшы ў кампазіцыі, каларыце, манеры пісьма вялікай свабоды і экспрэсіі. Грунтоўнымі бакамі мастака былі анімалістыка і тонкае разуменне прыроды. Гэтыя два аспекты нярэдка зліваліся ў элегічныя, пранікнёныя вобразы («Выехалі», 1914, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя).
Творчую спадчыну Абрама Архіпава цяжка ўявіць без яркіх, жыццесцвярджальных тыпажоў сялянак, якія спалучаюць у сабе дакументальнасць і паэтычнасць («Дзяўчына, якая ўсміхаецца», 1920-я, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). Работы Мікалая Багданава-Бельскага прыцягваюць вобразамі сялянскіх дзяцей-падлеткаў, якія знаходзяцца на рубяжы двух вялікіх жыццёвых этапаў («Ля перавозу», 1915, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь; «Дзеці за піяніна», 1918, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя). Сваё, «мажорнае», прачытанне «сялянскай тэмы» бачым у Аляксандра Маравава («Мужыкі», 1910-я, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь).
Адзін з буйных прадстаўнікоў рускага імпрэсіянізму – Ігар Грабар – вылучаецца педантычнасцю, злучаючы фактурныя мазкі ў непадзельнае цэлае выразнага мастацкага вобраза («Лютаўскі блакіт», 1904, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь; «Рабінка», 1915, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя).
Многіх мастакоў пачатку ХХ стагоддзя сваёй строгай, велічнай прыгажосцю і традыцыйнымі жыццёвымі асновамі натхняла поўнач (А.І. Архіпаў «На Поўначы», 1909–1910, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя; А.В. Мараваў «На паўночным возеры», 1910, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя; В.К. Бялыніцкі-Біруля «Зімовы сон», 1911, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь; Ф.А. Мадораў «Базар на Поўначы. Эскіз», 1917, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь).
У пэўнай меры мы можам бачыць складаную панараму развіцця рускага мастацтва на мяжы XIX–ХХ стагоддзяў. Асновай усіх прадстаўленых на выставе мастацкіх напрамкаў была рэалістычная школа, якая пачалася з наўмыснай рыгарыстычнасці і прыйшла, па выказванні Івана Крамскога, да неабходнасці «рухацца да святла, фарбаў і паветра».
Аляксей Харак, намеснік генеральнага дырэктара
па навуковай і асветніцкай рабоце