На беларускай мове выйшла аповець Гінтараса Граяускаса «Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі»

Фонд Kamunikat.org выдаў аповесць аднаго з вядомых у Літве і свеце сучасных аўтараў Гінтараса Граяускаса «Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі». Пераклад на беларускую мову зрабіла беларуская паэтка і перакладчыца Сабіна Брыло.

«Historyi pra advažnaha rycara Tenksalota i drakona mistara Kajndli»

Пра што аповесць?

«Біць альбо не біць?»— маральная дылема рыцара.

Герой аповесці Гінтараса Граяускаса адпраўляецца на пошукі дракона, каб яго забіць, бо гэта лагічна і натуральна, калі ты завешся рыцарам.

Тваё атачэнне патрабуе ад цябе канвенцыйнага дзеяння — забойства. Гэта экзамен, які належыць здаць, каб цябе прызналі за таго, кім ты заяўлены. Але «штосьці пайшло не так».

Два антаганісты — рыцар і дракон — замест таго, каб біцца, пачынаюць размаўляць. Чытач робіцца слухачом захапляльных гісторый, у якіх рэальныя гістарычныя падзеі і персанажы пераплятаюцца з фантазіямі, поўнымі гумару і філасофіі.

«Гісторыі рыцара Тэнксалота і дракона містэра Кайндлі» — аповесьць гаючая. Упэўнена, што на якой бы мове яе ні чыталі, гэтая кніга будзе ўплываць і на дзіця, і на падлетка, і на дарослага. Яна вельмі добры інструмэнт, каб нешта не балюча паправіць у чалавечай душы, калі ў той душы, вядома, ня ўсё канчаткова запушчана. І хоць яна пісалася ў часы міру — яна і пра вайну. Вайну чалавека з чалавекам, чалавека з драконам, чалавека з самім сабой, вайну сьвятла і цемры», — адзначыла Сабіна Брыло ў інтэрв’ю для «Радыё Свабода».

Набыць кнігу можна па спасылцы.