8 верасня 2018 г. а 15-й гадзіне ў рамках «Вераснёвай ночы ў Мастацкім» адбудзецца адкрыццё выставы «Кропка адліку» беларускага мастака Віктара Альшэўскага.
Кропка – гэта заўсёды цэнтр, пачатак адліку; гэта нараджэнне новага, крыніца стваральнай энергіі жыцця і развіцця сусветнай цывілізацыі.
Новы аўтарскі арт-праект «Кропка адліку» ўключае ў сябе чатыры тэматычныя кірункі: «Мой Мінск», «Музеі свету», «Фрагменты Вавілонскай вежы», «Партрэт сучасніка». У іх аб’ядноўваюцца месцы, добра вядомыя большасці жыхароў нашага горада, дзеячы мастацтва, з ім звязаныя, і агульнасусветная культура праз сімвалічныя ўвасабленні мастацкіх дамінант розных народаў і эпох. Дзякуючы гэтаму праекту аб’ядноўваюцца мінулае, сучаснасць і будучыня чалавецтва, яго гістарычная памяць і сённяшняя плынь жыцця.
«Кропка адліку» з’яўляецца працягам міжнароднага творчага праекта «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» (2016–2017), напаўняе новым зместам ідэю творчага ўзаемадзеяння аўтараў трыццаці сталіц свету. Гэта новы, магутны імпульс да інтэграцыі культур у духоўнай прасторы ўсіх краін Еўразійскага кантынента, пошук новага, міжнароднага, інтэлектуальнага дыялогу, працяг дыскусій і аўтарскіх праектаў на платформе ўзаемаразумення ў сталіцы Беларусі – Мінску.
Месцазнаходжанне нашай культуры ў кантэксце сусветнай цывілізацыі – бадай, галоўная ідэя гэтага праекта, прымеркаванага да штогадовага свята – Дня горада Мінска.
Выстава будзе працаваць з 8 па 30 верасня 2018 г. На адкрыццё і творчую сустрэчу з мастаком запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Куратар выставы: Вольга Клёцкіна, загадчык сектара міжнародных выстаў.