Адкрыццё выставы “Мой мілы сын…” да 100-гадовага юбілею Юрыя Міцкевіча

03.05.2017 16:00 - 17:00 Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5) Уваход вольны

3 мая 2017 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на адкрыццё выстаўкі “Мой мілы сын…”, прымеркаванай да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння Юрыя Канстанцінавіча Міцкевіча (1917 – 1941), сярэдняга сына народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Нарадзіўся Юрый Міцкевіч 1 мая 1917 года ў горадзе Пярмі, дзе сям’я Якуба Коласа знаходзілася падчас Першай сусветнай вайны. У 1935-1937 гг. Юрый вучыўся на геолага-геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля каля года правучыўся на геалагічным факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым вярнуўся ў Мінск і закончыў геаграфічны факультэт БДУ (1940).

У 1940 г. Юрый Міцкевіч быў прызваны на вайсковую службу і праходзіў яе пад Беластокам. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны яфрэйтар Ю. Міцкевіч знаходзіўся ў Мінску на спаборніцтвах па стэндавай стральбе, з Мінска і быў накіраваны ў 49-ы карпусны артылерыйскі полк. Удзельнічаў у абароне Смаленска. Юрый Міцкевіч загінуў у баях пад Вязьмай (верагодна) увосень 1941 г.

Трагічны лёс Юрыя назаўсёды стаў болем душы яго родных. У дзённіку “Гаворыць Клязьма” ў 1944 г. Якуб Колас пісаў: “30/IV. Бедная Маруся, яна засталася адна ў хаце, рыхтуецца да заўтрашняга дня. Успомніла дзень нараджэння Юркі – 1 мая, расчулілася, расплакалася. Як цяжка ёй было. Яе настрой перадаўся і мне. Юрка, Юрачка – загінуў ты бясследна. І мы не ведаем твайго лёсу. А як ты перажываў з таго дня, калі вайна, пажар Мінска разлучылі нас. І не ведалі мы, што разлучыліся навекі!”

На выстаўцы жыццёвы шлях Юрыя Канстанцінавіча Міцкевіча раскрываецца праз фотаздымкі, дакументы, ліставанне з роднымі. Удзел у адкрыцці выстаўкі прымуць беларускі паэт і перакладчык Мікола Мятліцкі, малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, родныя і блізкія сям’і Міцкевічаў.

Пачатак мерапрыемства ў 16.00 у музеі народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

 

 


Вам можа быць цікава

Выстава Ілоны Касабукі «Тры чвэрці» ў Віцебску

18.12.2025 17:00 - 18.01.2026 19:00 Арт-цэнтр Марка Шагала (вул. Савецкая, 25)

Выстава Аксаны Еўдакіменка "Каляровыя гісторыі" ў Магілёве

19.12.2025 16:30 - 18.01.2026 19:00 Мастацкi музей (вул. Міронава, 33)

Выставы Фёдара Хамякова "Чай у маёй галаве" ў Мінску

24.12.2025 19:00 - 10.02.2026 20:00 Галерэя "Арт Фабрыка" (вул. Свярдлова, 2)

HAPPY NEW YEAR’S JAZZ з Паўлам Аракелянам у Вільні

31.12.2025 (18:00 - 22:00) Downtown Piano Lab (Konstitucijos prospektas 7A)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ