Адкрыццё выставы твораў Васіля Шаранговіча

30.10.2012 17:00 - 19:00 Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Праспект Незалежнасці, 47) Бясплатнае

30 кастрычніка 2012 года ў 17.00 у вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца адкрыццё выстаўкі твораў народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара Васіля Шаранговіча, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены станковыя работы, кніжныя ілюстрацыі, эскізы і варыянты ілюстрацый мастака, зробленыя па матывах творчасці песняроў. Сярод іх – ілюстрацыі да паэмы Я.Коласа “Новая зямля”, да паэм Я.Купалы “Адвечная песня”, “Курган”, “Бандароўна”, “Ганчар”, літаграфія “А хто там ідзе”, трыпціх “Дзе крыўда адвечная спела” і іншыя.

Нацыянальнага мастака ў многім вызначае тэматыка яго работ. Для Васіля Шаранговіча яна  – у вобразах сялян, занятых цяжкой, але заўжды плённай працай. Іначай, мабыць, і не магло адбыцца. З дзяцінства выхавалася ў яго павага да працавітага вясковага люду, якому ён прысвяціў практычна ўсе свае творчыя памкненні. Дыпломная работа В.Шаранговіча, зробленая пры заканчэнні кафедры графікі БДТМІ, была прысвечана паэзіі Я.Купалы. Па сутнасці з яе пачалася знакамітая “купаліяна” мастака, якая зрабіла яго творчасць запамінальнай, а почырк і стыль – пазнавальнымі. Самога мастака вабіла рамантычная ўзнёсласць, чысціня вобразаў, лёгкасць паэтычнага слова песняра, яго ўзвялічванне “пана сахі і касы”, заклік мець гонар і “людзьмі звацца”.

“У маладосці, пасля вучобы, калі я стаў самастойна працаваць як мастак, я больш захапляўся паэзіяй Янкі Купалы. Але ў 1967г. мяне запрасілі зрабіць падарункавае выданне да зборніка вершаў Якуба Коласа “З майго летапісу” з шэрагам гравюр. Пазней выйшла кніжка-малютка коласавых вершаў. Думаю, што падсвядома ў мяне мацнела думка, што трэба аддаць Коласу большую даніну. Падступіць да коласавай глыбіні аказалася намнога цяжэй, чым увайсці ў рамантычныя варункі паэзіі Купалы. Якуб Колас шмагранны: ён глыбока любіў свой край, стварыў велічны гімн хараству роднай прыроды і горкі спеў безнадзейнаму і цяжкому існаванню простага сялянскага чалавека. У паэме “Новая зямля” паказаны амаль поўны “каляндарны” цыкл народнага жыцця са штодзённымі турботамі, святамі, марамі звычайнага чалавека.” (З успамінаў мастака)

Для Васіля Шаранговіча “Новая зямля” ажыла ўспамінамі дзяцінства, у радках паэмы ён згадваў мядзельскія краявіды, хутары, землякоў, іх мары аб сваёй “новай” зямлі, якой, на жаль, ім так і не давялося дачакацца.

Гледзячы на графічныя лісты Васіля Шаранговіча, згадваюцца словы мастака: “Я заўсёды цвёрда стаяў на роднай зямлі і мне заўсёды, як у словах Янкі Купалы, “будуць сніцца сны аб Беларусі”.

аддзел выстаў тэл.288-24-68


Вам можа быць цікава

Выстава "Мастакі на вакацыях" у Мінску

12.12.2025 11:00 - 25.01.2026 19:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. К. Маркса, 24)

Калядны джаз у Нясвіжы (6+)

03.01.2026 (15:00 - 19:00) Нясвіжскі замак (Нясвіжскі замак)

"Ноч ваўкоў" у нацпарку "Прыпяцкі"

17.01.2026 12:00 - 18.01.2026 16:00 ля гатэля "Тураў+" (ля гатэля "Тураў+")

Выстава “Беларуская ваза” ў Мінску

24.12.2026 11:00 - 01.03.2026 19:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. К. Маркса, 24)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ