Адкрыццё выставы “Якуб Колас і русскія пісьменнікі” ў Смаленску
Пачатак: 21.04 (19:00)Канец: 21.04 (19:00)
Смаленская абласная ўніверсальная бібліятэка імя А. Т. Твардоўскага
21 красавіка 2017 года ў рамках Усерасійскай бібліятэчнай акцыі “Бібліяноч-2017” у Смаленскай універсальнай бібліятэцы імя А. Т. Твардоўскага адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Якуб Колас і русскія пісьменнікі” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (г. Мінск, Рэспубліка Беларусь).
Ужо даўно заўважана, што ні адзін вялікі паэтычны талент не можа паўнавартасна развівацца ў культурным вакууме. Заўсёды станаўленню паэта спрыяе паглыбленае вывучэнне і ўдумлівыя адносіны да сусветнай культурнай спадчыны, захапленне творчасцю паэтаў-класікаў. Не выключэннем у гэтым сэнсе быў і Якуб Колас. Яшчэ з ранняга дзяцінства будучы пісьменнік быў зачараваны творамі рускіх літаратурных карыфеяў: Крылова, Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Някрасава і Гогаля. Крыху пазней па некалькі разоў перачытваў раманы Дастаеўскага, кожны раз “пераконваючыся ў геніяльнасці пісьменніцкага дара Фёдара Міхайлавіча”. У лісце да сябра, вядомага рускага паэта Сяргея Гарадзецкага, Якуб Колас пісаў: “Выше по таланту Достоевского нет в мире писателя. Достоевский наш, Достоевскому, если нужно, всё надо простить…”.
Сярод твораў беларускага Песняра ёсць вершы, прысвечаныя Расіі, пераклады рускай класікі. Творчасць самога Коласа таксама перакладалася на рускую мову. Марыя Камісарава, Мікалай Браўн, Барыс Ірынін, Пётр Сямынін, Яўгеній Мазалькоў не толькі перадавалі сэнс творчай спадчыны паэта, але і стваралі новыя паэтычныя творы.
Цёплыя сяброўскія ўзаемаадносіны падтрымліваў беларускі паэт з многімі расійскімі літаратарамі, сярод якіх Сяргей Гарадзецкі (першы перакладчык на рускую мову паэмы “Новая зямля”), Сяргей Міхалкоў, Аляксандр Твардоўскі, Аляксандр Фадзееў, Канстанцін Сіманаў, Аляксей Новікаў-Прыбой і інш. Якуб Колас неаднойчы бываў у Расіі. Яму давялося хадзіць па расійскіх шляхах-дарогах у час Першай сусветнай вайны. Амаль на чатыры гады – з 1917 па 1921 – прытулкам для сям’і Міцкевічаў стала Курская вобласць. Пазней Якуб Колас па службовых і творчых справах часта бываў у Маскве. У час Другой сусветнай вайны шлях паэта ў эвакуацыю ў сонечны Узбекістан ляжаў праз Падмаскоўе – Клязьму, дзе знаходзілася родавае гняздо жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны (у дзявоцтве Каменскай).
Выстаўка “Якуб Колас і русскія пісьменнікі” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа пазнаёміць наведвальнікаў з асобай паэта, з яго жыццём і творчасцю. Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны асабістым і творчым сувязям Якуба Коласа з рускімі пісьменнікамі і Аляксандрам Твардоўскім.
На выстаўцы прадстаўлены выданні твораў Якуба Коласа розных гадоў, рукапісы, фотаздымкі і перапіска беларускага паэта з Аляксандрам Твардоўскім, якая дэманструе сведчанні сапраўды моцнага ўзаемапаважлівага сяброўства паміж усходнеславянскімі народамі, яркім прыкладам і спадзвіжнікам якога з’яўляецца вялікі Пясняр беларускага народа Якуб Колас.