Адкрыццё выставы “Зорны шлях Язэпа Драздовіча”

29.03.2019 17:00 - 17:00 Палац мастацтва (вул. Казлова, 3) Бясплатнае

29 сакавіка 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы “Зорны шлях Язэпа Драздовіча” мастакоў творчай суполкі “Пагоня” і іх сяброў, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння мастака Язэпа Драздовіча і арганізаванай ГА «Беларускі саюз мастакоў», Рэспубліканскай мастацкай галерэяй.

Язэп Драздовіч (1888 – 1954) – мастак вялікіх пачуццяў і вялікага самабытнага таленту, які ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры не толькі як творца арыгінальных жывапісных палотнаў, графічных лістоў і замалёвак, але і як скульптар, этнограф, археолаг, пісьменнік, аўтар шматлікіх маляваных дываноў. Яго багатая спадчына пэўны час была раскіданая па нашым краі і далёка за яго межамі. Прайшоў час, і сёння мы можам бачыць ягоныя творы ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, рэгіянальных музеях і прыватных зборах. Самая вялікая калекцыя маляваных дываноў знаходзіцца ў фондах Заслаўскага гісторыка-культурнага запаведніка. Імем Язэпа Драздовіча названы вуліцы. У Мінску, у Траецкім прадмесці, ўсталяваны помнік мастаку.

Творчая суполка “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў разам з культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча (кіраўнік Ада Райчонак) ужо каторы год арганізуе мастацкія пленэры на яго радзіме, на Глыбоччыне. Гэтыя выставы карыстаюцца поспехам у гледача, далучаюць яго да багатай духоўнай спадчыны.

Выстава “Зорны шлях Язэпа Драздовіча” аб’яднала некалькі пакаленняў мастакоў суполкі “Пагоні”, якая існуе ўжо больш за 25 гадоў. На выставе экспануюцца творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-ужытковага мастацтва такіх прызнаных майстроў, як Эдуард Агуновіч, Мікола Купава, Уладзімір Крукоўскі, Аляксей Марачкін, Валянціна Бартлава, Ягор Батальёнак, Алесь Цыркуноў, Леў Талбузін ды іншых. А таксама творы мастакоў маладзейшага пакалення: Усевалада Свентахоўскага, Генадзя Драздова, Ігара Марачкіна, Алеся Лася, Галіны Горавай, Наталлі Белавокай і інш.

На радзіме Язэпа Драздовіча жывуць і працуюць мастакі Віктар Крук, Валерый Шчасны, Аляксандр Шыёнак. Іх жывапісныя палотны шчырыя і пранікнёныя, нібы асвечаныя духам вялікага мастака, таксама прадстаўлены на выставе.

Сапраўдным падарункам для ўсіх наведвальнікаў стане магчымасць убачыць арыгінальныя творы Язэпа Драздовіча з калекцыі Аляксея і Ігара Марачкіных.

Падчас выставы запланавана дэманстрацыя дакументальных фільмаў пра жыццё і творчасць Язэпа Драздовіча.

На ўрачыстым адкрыцці выставы будуць гучаць дуда, ліра, цымбалы і скрыпка ў выкананні мастака, этнографа і музыкі Алеся Лася і Алесі Сівохінай.

Ігар Марачкін, куратар выставы

старшыня творчай суполкі “Пагоня”

Выстава працягнецца па 09 красавіка 2019 г.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00.

Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49;

+375 (29) 844 99 68 (МТС); +375 (29) 264 68 48 (МТС).


Вам можа быць цікава

Выстава Наталлі Сухаверхавай «Каляровы фэст» у Мінску

19.12.2024 18:00 - 19.01.2025 18:00 галерэя Савіцкага (пл. Свабоды, 15)

Выстава «Срэбнае шчасце. Гісторыя PF» у Мінску

26.12.2024 18:30 - 18.01.2025 18:00 музей-майстэрня Заіра Азгура (вул. Азгура, 8)

Новы год па-беларуску ў Батумі

31.12.2024 22:00 - 01.01.2025 02:00 Аксяродак (Парнаваза, 60)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ