У нядзелю, 16 мая, у 13.00, у Мінску на пляцоўцы вядомага сярод гараджан фудкорта «Пясочніца» будзе закладзены гарадскі агарод #Plantация — сумесны праект “Пясочніцы”, МАССА, мастака Яўгенія Cowek і гарадскіх ініцыятыў “Марыс Мар” і “Дбаю”. Свае ўласныя градкі са спецыяльнымі таблічкамі пасадзяць эка- і фуд- блогеры, актывісты і гараджане, а ў выніку ў Мінску з’явіцца ўтульнае месца, дзе можна будзе пабачыць, як расце радыс і памідоры, дагледзіць сваіх зялёных гадаванцаў і выпіць духмянай гарбаты, настоенай на зёлках з Plantацыі.
Назву для агарода арганізатары прапанавалі прыдумаць самім гараджанам, звярнуўшыся да іх праз сацыяльныя сеткі. Для аўтара лепшай ідэі падрыхтавалі адмысловы падарунак — цішотку “Дбаю” з надпісам “Змяняем гарадскую прастору”. Фінальная галасаванка ў Instagram “Пясочніцы” вызначыла пераможцу — цяпер у Мінску будзе свая #Plantация! Аўтарка назвы-пераможцы — Алена Смалякова — атрымала запрашэнне на адкрыццё агарода.
Ідэя завесці ў “Пясочніцы” свой агародзік узнікла не выпадкова. Арганізатары пляцоўкі даўно хацелі дадаць яскравых зялёных куточкаў на фудкорце, зрабіць цікавым знаходжанне гасцей у аддаленых няшумных месцах пляцоўкі, быць больш экалагічнымі. Дапамагчы “Пясочніцы” вырашылі гарадская ініцыятыва “Дбаю”, Моладзевыя Альтэрнатыўныя Секцыі Саюза Архітэктараў (МАССА), ініцыятыва “Марыс Мар” і мастак Яўген Cowek.
Праектаваннем прасторы займаюцца маладыя архітэктаркі і азяляняльніцы з каманды МАССА пад кіраўніцтвам Андрэя Каравянскага. На пляцоўцы будуць устаноўленыя кадкі са змешанымі пасадкамі і цікавая модульная канструкцыя. Калі будзе жаданне, яе можна разабраць і сабраць у іншым парадку, кожным разам ствараючы новую прастору. Па словах аўтаркі модульнай канструкцыі Юліі Косач, “гэта так прыемна, калі ты ведаеш, што прыдуманая табой рэч будзе жыць сваім жыццём і прыносіць людзям карысць і радасць. “Пясочніца” — дужа яркае і каларытнае месца, дзе бесперапынна віруе жыццё, куды прыходзяць як сяброўскімі кампаніямі, так і сем’ямі. І пры распрацоўцы агарода адной з асноўных мэтаў было стварэнне своеасаблівай ціхай і утульнай прасторы, адасобленай ад асноўнай масы людзей, дзе можна адпачыць, пагаварыць без патрэбы перакрычаць музыку і шум натоўпу, ці паўдзельнічаць у майстар-класах”.
Што будзе расці ў агародзе? Падбор раслінаў і глебы, падрыхтоўка расады і дагляд за зялёнымі жыхарамі агарода, — усім гэтым займаюцца актывісткі ініцыятывы “Гарадская ферма Марыс Мар” Марыя Грыц і Марыс Мар. Марыя Грыц: “Важна рабіць акцэнт менавіта на вырошчванні мясцовых культур. Па-першае, яны ўжо раслі ў нашых умовах і добра сябе зарэкамендавалі — выжылі, далі ўраджай і насенне для будучых пасадак. Па-другое, лакальныя расліны паводзяць сябе прадказальна. Ёсць прывазныя культуры, якія дужа падабаюцца агароднікам і ландшафтным дызайнерам, але наступствы іх вырошчвання становяцца часам пагубнымі. Напрыклад, залатарнік — расліна, што цвіце жоўтымі кветкамі ў канцы лета, — лічыцца інвазіўнай культурай, ён хутка разрастаецца і выціскае іншыя культуры і зараз з ім патрэбна змагацца. Мы за прадказальнасць і бяспеку. Па-трэцяе, мы хочам у грамадскім агародзе паказаць мясцовыя гатункі, каб гараджане маглі захапляцца родным. Нашыя культуры вельмі прыгожыя, у агародзе будзе на што паглядзець”.— распавядае Марыя.
Дапоўніць гарадскі агарод малюнак ад мастака Яўгена Cowek: “Эскіз зараз на стадыі фінальнага ўзгаднення. Гэта дакладна будзе нешта міфічнае, вобраз, што сягае ў глыбіню нашай гісторыі. Мне падабаецца ствараць візуальныя рашэнне для складаных аб’ектаў, калі ёсць не проста белы аркуш, а няроўная паверхня сцяны, выступаючыя часткі, асвятляльныя мачты, аб’ёмныя лесвіцы, неідэальная тэкстура, — усё гэта можна выгадна выкарыстаць для малюнка. А ідэя стварыць стрыт-арт, які будзе дапоўнены жывымі раслінамі, у мяне ўжо даўно выношвалася. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца”.
Гарадскі праект “Дбаю” ужо не ўпершыню дапамагае зялёным ініцыятывам. Для каманды праекта важна, каб у Мінску з’яўлялася больш утульных і экалагічных месцаў для адпачынку гараджан. Сёння задача “Дбаю” — злучаць гарадскія ініцыятывы з пляцоўкамі, дзе яны змогуць рэалізавацца, знаходзіць партнёраў для ўмацавання праектаў, дапамагаць актывістам даводзіць свае ідэі да фінальнай кропкі рэалізацыі. Ідэя гарадскога агарода прыйшлася да душы актывісткам “Дбаю” Адарцы Шут і Святлане Чакушка, якія ўзялі на сябе вырашэнне ўсіх пытанняў па арганізацыі і прасоўванню Plantацыі.
Узяць удзел у закладцы гарадскога агарода каманда праекта запрашае эка- і фуд-блогераў, лідараў меркаванняў і актыўных гараджан. Форма для рэгістрацыі на Plantацыю хутка будзе дасяжная на сайце і ў сацыяльных сетках гарадскога праекта “Дбаю” і “Пясочніцы”.
Хочаце аўтарскую градку на гарадскім агародзе? З нецярплівасцю чакаем вас на першай мінскай Plantацыі!