6 лютага (субота) Цэнтр публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжу Liberal Arts у Беларусі (ECLAB) запрашае ўсіх жадаючых на публічную сустрэчу з гісторыкам Андрэем Чарнякевічам «Біяграфія Гародні, пераказаная гісторыкам: досвед гарадскіх даследаванняў сучаснай Беларусі».
Асноўнай тэмай лекцыі – ці, дакладней, сустрэчы-дыялогу – будзе спроба прэзентаваць галоўныя напрамкі даследаванняў мінулага Гародні ды асабісты досвед выступоўцы ў прасоўвання гістарычных ведаў у сферу публічнай гісторыі.
Сучасная Гародня – не зусім тыповы беларускі горад, своеасаблівай візітнай карткай якога была і застаецца гэтак званая польскасць. Нават у савецкія часы тут заўсёды прысутнічаў міф пра крэсовы «Grodno». Толькі калі раней ён быў сумбурным, сентыментальна-рамантычным, дык цяпер ператварыўся ў легенду і нават стаўся часткай нацыянальнага канону, што праўда, суседняй польскай дзяржавы.
Разам з тым, спробы стварыць гісторыю іншай – яўрэйскай, праваслаўнай, беларускай ці нават савецкай – Гародні прыводзілі да таго самага: паўставаў у найлепшым выпадку толькі кавалак краявіду, пэўная яго частка, якая ўвесь час была ў проціпастаўленні да іншых. У выніку стасавання розных сістэм каардынат у дачыненні апісання мінулага мы сёння маем нават не гістарычную мазаіку, а некалькі паралельных сусветаў, якія зводзяцца адзін да аднаго толькі геаграфічна. Гэта часамі выглядае так, быццам бы гарадзенец-паляк існаваў зусім у іншым горадзе, чым мясцовы яўрэй, рускі ці беларус. Фактычна, сёння гісторыя Гародні падзеленая на асобныя падзеі ды персанажаў, якія разам ствараюць пэўную культурную ды ідэалагічную «хімеру».
Гэтыя супярэчнасці асабліва востра праявіліся падчас уніфікацыі гарадской прасторы, якую мы перажываем у Беларусі цягам апошняга часу. Прычым ролю галоўнага «інтэрпрэтатара» мінулага ўзялі на сябе нават не нейкія містычныя ідэолагі, а… прарабы, якія ператварылі тую ж Гародню ў вялікую будаўнічую пляцоўку. Вонкавыя змены, якія закранулі аблічча горада, не толькі зноў нагадалі аб праблеме пошуку яго тоеснасці, але і прымусілі частку гарадзенскіх гісторыкаў да больш актыўнага дыялогу з уладаю ды грамадствам.
Мы паспрабуем закрануць некалькі пытанняў:
- Асноўныя этапы фармавання гістарычнай прасторы Гародні: вобразы «польскага», «савецкага» ды «беларускага» горада;
- «Гродназнаўства», ці досвед удзелу ў напісанні падручніка па гарадской гісторыі;
- Кароткі гістарыяграфічны аналіз сучасных даследаванняў, прысвечаных гісторыі Гародні, і іх праекцыя на гарадскі ландшафт.
Пра лектара:
Андрэй Чарнякевіч нарадзіўся ў 1974 г. у Гародні. Скончыў гістарычны (1996) ды юрыдычны (1998) факультэты ГрДу. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Политика Польши на оккупированной территории Беларуси 1919–1921» (2001). Магістр культуралогіі Варшаўскага ўніверсітэта (2004). Працаваў дацэнтам кафедры эканамічнай тэорыі ГрДу (2001–2012). Дактарант факультэта паліталогіі ды журналістыкі Універсітэта імя А. Міцкевіча ў Познані (з 2013-га). Займаецца даследаваннем беларускага нацыянальнага руху, беларуска-польскіх адносінаў, гісторыяй БНР. Апошняя яго кніга выйшла ў 2015 г. пад назвай «Нараджэнне беларускай Гародні».
Уваход вольны!
Мерапрыемства ў Facebook
Як трапіць у ECLAB:
Уваход праз прахадную, якая знаходзіцца на супрацьлеглым баку ад кафэ ENZO – крыху наўскос цераз пляцоўку / аўтастаянку.
Праз прахадную ідзіце смела, нягледзячы на турнікет. Вы трапіце ў панадворак. Ідзіце прама да прыступак, падымайцеся, уваходзьце ўнутр.
Увайшоўшы, трэба павярнуць налева па калідоры і ісці да канца – там будзе лесвіца на трэці паверх. (УВАГА: лесвіца пры ўваходзе не вядзе на трэці).
На трэцім паверсе вы ўбачыце жалезную дзвер з кодавым замком – яна не зачынена, смела цягніце за ручку і ўваходзьце.
Па калідоры налева ўбачыце нашы аўдыторыі №12, №13 і №14.