22 ліпеня летнюю серыю канцэртаў у дворыку на плошчы Свабоды, 4 працягне гурт BosaeSonca разам з фіналістамі конкурсу «Заспявай 3.0» – Ганнай Крамер, Антосем Звычайным і Mk-band.
BosaeSonca апошнім часам выступае зрэдчас – іх вакаліст Алесь Кот-Зайцаў цяпер жыве ў Варшаве, а баяніст Алесь Ясінскі ў Празе. Сваіх мінскіх прыхільнікаў каманда парадавала канцэртам акурат год таму ўлетку. Але пры гэтым музыкі не збіраюцца разыходзіцца – летась яны прэзентавалі альбом «Unplugged-2», які стаў працягам выдатнага live-рэлізу «Адпусці». Песні з гэтых праграмаў стануць асновай сэт-ліста гурта на канцэрце 8 ліпеня ў дворыку плошчы Свабоды. Tuzin.fm склаў топ-12 найлепшых песень у выкананні гэтай цудоўнай каманды.
Наогул жа гэты канцэрт фіналістаў будзе самым разнастайным. Антось Звычайны прадставіць свой праект у стылістыцы abstract/decadence hip-hop. Разам з Яўгенам Касцючэнкам ён прадставіў для намінацыі «Спяваная паэзія» сваё бачанне верша Ўладзіміра Караткевіча «Быў.Ёсць.Буду» і трапіў у лік найлепшых. Сярод лідараў яго назвалі Андрэй Хадановіч і Сяргей Балахонаў. Цяпер Антось працуе над канцэптуальным рэлізам, куды ўвойдзе не толькі хіп-хоп альбом на ўласныя вершы і аўтарскую музыку, але і кніга – раман-антыўтопія, а таксама караткаметражны фільм, як будзе дастаткова сродкаў. Таму перамога на «Заспявай» будзе для Антося вельмі дарэчы.
Ганна Крамер прэтэндуе на перамогу ў іншай намінацыі – «Беларускі кавер». Яна зрабіла для конкурсу сваю інтэрпрэтацыю песні гурта «Бонда» – «На станцыі Койданава». Для ўдзелу ў конкурсе «Заспявай 3.0» 30-гадовая вакалістка гурту «Мерада» сабрала сапраўды выдатны склад музыкаў. У запісе конкурснай песні ўзялі ўдзел басіст J:Mors Валеры Дасюкевіч (32 гады), гітарыст (+мандаліна) з «Мерады» Сяргей Бальцэвіч (30 год), бубнач Дзмітры Дзядзечка (21 год) і скрыпач Віталь Хрушчоў (23 гады) з гурту «Эльдорадо», а губным гармоніку падыграў гомельскі музыка Вадзім Міцько (28 год). Песню, дарэчы, упадабалі аўтар слоў Адам Глобус і выканаўцы арыгіналу Ігар Варашкевіч. А ў лік фаварытаў яе паставілі сябры журы Глеб Лабадзенка і Сяргей Будкін.
Выступіць з сэтам і прэтэндэнт на перамогу ў намінацыі «Замежны кавер» – гурт «МК» з Беразіно, які пераклаў на беларускую песню Эрыка Клэптана «Change The World» – гэта частка іх праекту з працоўнай назвай «Парк імя Э.П.Клэптана», куды ўвойдуць іх пераасэнсаванні творчасці брытанскага музыкі. Усе песні перакладзеныя не літаральна, а з улікам мясцовага каларыту і гумару. Маюць музыкі ў рэпэртуары і багата ўласных песень, прычым спяваюць толькі па-беларуску. Сярод іх – «Дзеўчына з айфонам», «Мінорны шлях», «Маладая Беларусь» (на верш Янкі Купалы). У склад гурту ўваходзяць Міхаіл Максімовіч, Канстанцін Уласевіч, Глеб Шаўчэнка і Міхаіл Лабунскі. У ліку фаварытаў у гэтай намінацыі гэты гурт назвалі сябры журы Віталь Рыжкоў і Ўладзь Лянкевіч.
Весці канцэрт «Заспявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 50 квіткоў.
За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэньне найлепшага на меркаваньне народнага журы.
Замовіць квіткі – https://bezkassira.by/bosaesonca__ganna_kramyr_antos_zvychainy_mk-band-1508/
22.07. Мінск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19.00-22.00. BosaeSonca+ фіналісты «Заспявай 3.0»: Ганна Крамер, Антось Звычайны, гурт «МК». Кошт квіткоў: 10 руб. (папярэдне), 15 руб. (у дзень, пры наяўнасці). Інфа: +375 29 687-20-93.