Валера Руселік: «Выкараніць усё беларускае й ператварыць нас у расейцаў — вось і ўся задача РПЦ на нашых землях»

А вы ведалі, што выраз «воўк у авечай шкуры» — з Бібліі? У Эвангельлі ад Мацьвея Езус у часе Нагорнай пропаведзі засьцерагае людзей: «Беражыцеся ілжэпрарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне ёсьць ваўкі драпежныя». У цяперашнія змрочныя часы выраз больш як актуальны і для нашае з вамі краіны. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік прыглядаецца да гэткага «ваўка» й задаецца пытаньнем: што наагул робіць РПЦ у Беларусі? І, галоўнае, што робяць беларусы — у РПЦ?

Я не люблю РПЦ. Ніколі не любіў. І не таму, што я рыма-каталік, але таму, што я — беларус.

Хаця і як рыма-каталіку любіць РПЦ мне няма за што.

Valiera Rusielik
 Валера Руселік. Травень-2026, Варшава. Фота з архіву аўтара

Не сказаць, каб я быў надта рэлігійны. І пагатоў мяне раздражняе, калі рэлігія — якая-колечы — пнецца ўва ўладу. Паўсюль, дзе гэта адбываецца, няўхільна ў той ці іншай форме зьяўляюцца гвалт, карупцыя, крывадушша. Нездарма ж, бадай, у кожнай рэлігіі, у самых яе скрайніх вучэньнях, у розныя часы выяўляўся антаганістычны падзел на сваіх, каго трэба падтрымліваць, і чужых, каторых трэба няшчадна нішчыць: хрысьціяне й нехрысьці, мусульмане й няверныя, юдэі і гоі і г.д.

Хіба адзіны вядомы мне вынятак — будызм. За што яго і люблю.

Ну а калі рэлігія зрошчваецца з уладай, то падзел на сваіх і чужых атрымлівае доступ, у тым ліку і да наяўных у дзяржавы сродкаў гвалту і прымусу. Прыкладаў — процьма.

Хаця ж, здавалася б, у падмурку маюць быць любоў і свабода, праўда? Свабода выбару жыць праведна, паводле высокіх духовых і маральных запаветаў альбо грашыць, за што пазьней, аднак, давядзецца адказваць. І — любіць бліжняга свайго, як самога сябе.

Прынамсі гэтак я разумею хрысьціянства. І менавіта гэтага ня бачу ў РПЦ.

Śviatar bielaruskaha addzialieńnia RPC aśviačaje ściah AMAP u Miensku
 Сьвятар беларускага аддзяленьня РПЦ асьвячае сьцяг АМАП у Менску. Фота АМАП ГУУС Менгарвыканкаму

Надоечы ў сацсетцы Threads выбухнуў чарговы (Божа, колькі яшчэ?! Нібы ранейшых было мала...) скандал. Расейскі поп... пасьмяяўся зь беларусаў:

«Не удивлюсь тому, если окажется, что вы считаете, что изначально все люди были беларусами и говорили исключительно на единственно правильном вашем языке с идеальным произношением, пожевывая единственно истинную еду — дранники. Если кто не знает, то Адам и Ева были беларусами».

Гэта Павал Астроўскі з-пад Масквы, які акрамя службы ў РПЦ яшчэ і актыўна блёгерыць: у YouTube мае 278 тысяч падпісчыкаў, у Threads — 158 тысяч, піша кнігі, прадае ўласны мэрч і ходзіць на тэлешоу.

То-бок гэткі мэдыйны дзядзька зь вялізнай аўдыторыяй. Які, аднак, замест таго, каб несьці ў масы ідэі любові і свабоды, высьмейвае памкненьне нас, беларусаў, жыць уласным розумам — як асобны самадастатковы народ. Памятаеце, расейскі фэйк пра «старажытных украў, якія нібы выкапалі Чорнае мора»? Вось і цяперашні допіс пра беларусаў Адама і Эву — з тае самае парафіі.

Post śviatara RPC Paŭla Astroŭskaha ŭ Threads
Пост сьвятара РПЦ Паўла Астроўскага ў Threads у адказ на просьбу беларускі да расейцаў называць нашую краіну Беларусьсю, а не Белорусьсіей. Скрын з Threads.com@pavelostrovski

Самае ж паганае — тое, што гэта далёка не адзінкавы выпадак, які інакш можна было б сьпісаць, скажам, на дрэннае пачуцьцё гумару — ці то самога папа-блёгера, ці то беларусаў, якія, у тым ліку і я, абурыліся ягонай кпінай.

Без ілюзіяў, Расейская праваслаўная царква стагодзьдзямі нясе на нашыя землі каштоўнасьці не хрысьціянства, але «расейскага сьвету». Што не дарабіў расейскі штык, даробіць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейскі поп — памятаеце? То-бок выкараніць усё беларускае й ператварыць нас у расейцаў — вось і ўся задача РПЦ на нашых землях. А хто будзе супраціўляцца — зьнішчыць!

Дзе ж тут хрысьціянства?

Маршы з імпэрскімі сьцягамі і казацкімі нагайкамі па каталіцкіх ваколіцах Гарадзеншчыны і антыкаталіцкія ўлёткі ў Горадні, бацюшка з татуіроўкай свастыкі і пісталетам ад фашыстаў з Расейскага нацыянальнага адзінства, які біў да чорнага і гвалціў сваю дачку, Сьвята-Елізавецінскі манастыр у Менску, гарадзенскі Сьвята-Раства-Багародзіцкі манастыр у Горадні ды іншыя РПЦшныя ўстановы, якія зьбіраюць дапамогу расейскім акупантам ува Ўкраіне і апраўдваюць гвалт АМАПу над мірнымі беларусамі, заява РПЦшнага папа пра тое, што маці забітага лукашыстамі Рамана Бандарэнкі павінна пашкадаваць амапаўцаў і пакаяцца за тое, што «дрэнна выхавала сына», і гістэрыка РПЦшнай ненавісьніцы ўсяго беларускага Гаўрыілы, якая ў 2020-м са сцэны называла пратэстоўцаў бесамі і абражала наш нацыянальны сьцяг — гэта ўсё яшчэ пра хрысьціянства? Пра любоў да бліжняга свайго?

Гэты ганебны сьпіс можна працягваць і працягваць — я ж згадаў толькі некаторыя «дасягненьні» РПЦ у нашай краіне. Зрэшты, і гэтага дастаткова, бо, як вядома, зло, якое застаецца без пакараньня і да таго ж атрымлівае ўладу, здольнае павялічвацца да сапраўды д’ябальскіх маштабаў.

Усе ж памятаюць, якую ролю адыграла гэтая расейская шавіністычная спэцслужба пад праваслаўнымі харугвямі ў вайне супраць Украіны, праўда? Альбо як РПЦшныя папы асьвячалі міжкантынэнтальную балістычную ракету «Сатана» — адную з найбольш забойчых у сьвеце.

Дык за што любіць тую РПЦ?

За кепікі маскоўскага папа зь беларусаў? Альбо за ягонае апраўдваньне — нават без належнага пакаяньня і споведзі — расейскіх забойцаў і марадзёраў, якія паехалі ўва Ўкраіну ў межах гэтак званай «СВА»?

Думаеце, калі раптам Крэмль разьвяжа падобную вайну ў Беларусі, каму гэты РПЦшны блогер будзе «адпускаць грахі»? Тым, хто будзе бараніць сваю радзіму? Альбо тым, хто штыком, напалмам і «Сатаной» будзе даводзіць нам, што ў нас «одно отечество — Россия»?

Не, я дакладна не люблю РПЦ. Ніколі не любіў. Бо зло любіць немагчыма.

Śviatary RPC aśviačajuć mižkantynentaĺnuju balistyčnuju rakietu «Satana»
Сьвятары РПЦ асьвячаюць міжкантынэнтальную балістычную ракету «Сатана». Хадынскае поле, Масква, 2015 г. Фота АГН «Москва»

Ну і пастскрыптум. Безумоўна, сярод праваслаўных сьвятароў у беларускім філіяле РПЦ ёсьць цудоўныя, сьветлыя і сумленныя людзі. Шчырыя хрысьціяне і патрыёты нашага Краю. Тыя, хто публічна выступіў супраць гвалту над мірнымі пратэстоўцамі ў 2020-м і за гэта сам апынуўся за кратамі. Тыя, хто асудзіў расейскую вайну ўва Ўкраіне. Тыя, хто працягваюць трымацца беларускай мовы ў набажэнствах.

Супраць гэтых сьвятароў я ніколі не гаварыў і не скажу аніводнага дрэннага слова. Як і супраць іх прыхаджанаў.

Адзінае — не разумею, што яны забылі ў шэрагах гэтай злачыннай і абсалютна антыхрысьціянскай і антыбеларускай арганізацыі.

А вы?

Ну гэта ж як з тымсама АМАПам альбо ГУБАЗіКам: тэарэтычна і там сёньня могуць працаваць сумленныя людзі, але ж як гэта — быць у структуры, якая пакрыла сябе ганьбай і крывёй мірных беларусаў? Што пра гэта кажа ўласнае сумленьне?

Цікавае супадзеньне. У 2020-м, пратэстуючы супраць гвалту і беззаконьня, разьвязанага сілавікамі, зь іх шэрагаў сышла частка праваахоўнікаў, для каго праўда і справядлівасьць былі вышэйшыя за злачынныя загады. Тады ж, пратэстуючы супраць апраўдваньня гвалту альбо прынамсі крывадушнага маўчаньня з боку кіраўніцтва РПЦ, адтуль сышла частка сьвятароў і вернікаў — ці то ў Канстантынопальскі патрыярхат, ці то да каталікоў або пратэстантаў.

Ну бо, урэшце, РПЦ — гэта ўсяго толькі калярэлігійная арганізацыя, якая паразітуе на адной з хрысьціянскіх канфэсіяў — праваслаўі.

І, дарэчы, засьцярога ад гэткага сыходу за апошнія гады гучыць аднолькава: калі сумленныя праваахоўнікі сыдуць зь сілавых структур, а сумленныя сьвятары і вернікі — з РПЦ, то на іх месца адразу прыйдуць новыя кадры з Расеі — што ў пагонах, што ў рызах. А таму, маўляў, лепш усё-ткі заставацца ўнутры сыстэмы.

Лёгіка ёсьць, згодны. Вось толькі, у кожным выпадку, гэта выбар паміж хай большым і меншым, але ўсё-ткі злом. Дык чаму ж замест яго не абраць Любоў і Свабоду?

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org