“Пакуль на зямлі Беларускай
Будзе жыць хоць адзін беларус,
імя Васіля Быкава будзе святым”
Рыгор Барадулін.
Васіль Быкаў… Чалавек, пісьменнік, філосаф. Асоба ў гісторыі беларускай культуры.
Ён Чалавек сусвету, бо вымярае з’явы і падзеі жыцця ў сістэме адвечных каштоўнасцей, яго словы зразумелыя кожнаму, незалежна ад месца нараджэння ці месца пражывання.
Месяц Васіля Быкава – чэрвень. Ён нарадзіўся ў чэрвені (19 чэрвеня 1924 – 22 чэрвеня 2003) і назаўсёды застаўся ў ім. Яго збалелая душа адляцела ў трагічны дзень – магчыма невыпадкова абрала гэту дату. Можа душа хацела знесці нашу агульную зямную бяду, наш боль, каб ніколі Беларусь больш не зведала вайны.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры гасцінна запрашае ў “Быкаўскія дні” – 19.06 і 22.06 наведаць экспазіцыю Музея-дачы Васіля Быкава ў а.г. Ждановічы. Усе госці быкаўскага лецішча змогуць адчуць энергетыку гэтага святога для беларусаў месца, дакрануцца да стромкіх бярозак, якія памятаюць Васіля Уладзіміравіча.
Ваенныя песні, успаміны пра Васіля Уладзіміравіча самых блізкіх людзей, яго сяброў, што будуць гучаць ў гэтыя памятныя дні, вернуць нас у “быкаўскі час”. Акрамя гэтага госці лецішча змогуць:
- пагартаць альбом з фатаграфіямі Васіля Быкава;
- прайсці па экспазіцыі;
- пачуць голас гаспадара дачы;
“Быкаўскія дні” ў Музеі-дачы Васіля Быкава стануць добрай традыцыяй ушанавання памяці асобы Пісьменніка і Чалавека, творчасць якога для многіх была і застаецца ўзорам сумленнай, мужнай і праўдзівай літаратуры.
19 чэрвеня у межах “Быкаўскіх дзён” для ўсіх жадаючых запланаваны квэст, які дапаможа глыбей зазірнуць у таямніцы творчага жыцця народнага пісьменніка. Прапануюцца першыя два заданні, астатнія можна будзе атрымаць, наведаўшы саму дачу. Заданне 1. Зрабіць сэлфі каля дома Васіля Быкава ў Мінску так, каб былі бачны назва вуліцы і нумар дома. Заданне 2.Адшукаць Музей-дачу Васіля Быкава і не прапусціць наступнае заданне на весніцах.
22 чэрвеня запрашаем наведаць выставу аднаго дня “Здабыўшы Перамогу”. Упершыню ў філіяле пройдзе выстаўка фатаграфій часоў Вялікай Айчыннай вайны – Васіль Быкаў, Максім Лужанін, Пімен Панчанка, Пятро Прыходзька і інш. Рукапісныя радкі нашых выдатных майстроў слова дадуць магчымасць адчуць боль за сваю Бацькашчыну, імкненне да перамогі, роздум над тым, што адбылося.
Музей-дача Васіля Быкава ( а.г. Ждановічы, вул. 6-ая Дачная, д. 62) працуе з 12.00 да 18.00 кожны дзень, акрамя панядзелка і аўторка.
! У “Быкаўскія дні” ўваход у музей вольны.
Кантактны тэлефон: (017) 335-44-47