Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на свята SONCAVAROT, якое адбудзецца 21 чэрвеня з 18.00 да 23.00.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту http://etna.by знаходзіцца ў в. Азярцо Мінскага раёна, што ў чатырох кіламетрах ад Мінскай кальцавой дарогі за аўтарынкам «Малінаўка». Адсюль яшчэ да нашай эры ўзяў свой пачатак Менск. Тут знаходзіцца Гарадзішча на рацэ Менка ― археалагічны помнік, курганныя могільнікі ІХ ― ХІ стст., рэшты панскага фальварка і сада канца ХІХ ст. На 151 га музейнай плошчы размешчана больш за 30 аб’ектаў традыцыйнай народнай архітэктуры канца XVIII ― пачатку XX ст. ― млыны, царква, школа, комплексы сялянскіх сядзіб з адноўленымі інтэр’ерамі і прадметамі побыту, якія характарызуюць розныя рэгіёны Беларусі.
Наведвальнікі музея змогуць паглыбіцца ў натуральнае прыроднае асяроддзе з водарам квітнеючых палёў, лугоў, пералескаў, забалочанай поймы ракі. Фестываль завабіць Вас у карагоды, гульні, дужанкі, забавы, русальна-купальскія абрады, конкурсы, майстар-класы па беларускіх народных рамёствах, народна-побытавых танцах, азнаёміць з традыцыямі дудніцкай, смыковай музыкі.
Наш беларускі скансан прапануе каляндарныя і сямейныя абрады, шоў, анімацыю, змястоўны адпачынак у народных традыцыях для моладзі, сем’яў з дзецьмі, айчынных і замежных турыстаў.
SONCAVAROT — свята ў гонар летняга сонцастаяння. Яго правядзеннем мы жадаем узнавіць вечную повязь часоў і пакаленняў у працэсе пераемнасці беларускіх народных традыцый. Кожны ўдзельнік свята праз асабістую эмоцыю зможа асэнсаваць сваё сапраўнае духоўнае месца ў сусвеце.
Асноўная ідэя праекта ― сцвярджэнне і актуалізацыя святкаванняў русальна-купальных і сёмушных традыцый сярод сучасных беларусаў.
ПРАГРАМА
Кірмашова плошча
– кірмаш і майстар-класы па народных рамёствах ад інтэрнэт-крамы “Народныя рамёствы” www.ramiostvy.com
– завіванне вянкоў разам са Школай традыцыйнага мастацтва «GUDA»
– выступленне фальклорных калектываў «Страла», «Талака», «Кроса», «Этнасуполка» кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, гурта дударскай музыкі і этнічных спеваў «ВЕТАХ». Рэжысёр праграмы ― Вячаслаў Калацэй
– майстар-класы па народных танцах ад Зьміцера Сідаровіча
Сектар Цэнтральная Беларусь
– канцэртная праграма фальклорных гуртоў Міншчыны. Вядучыя ― лiдэр групы «Палац» Алег Хаменка і лiдэр групы «GUDA» Вікторыя Міхно
– дэфіле–прэзентацыя народных строяў Цэнтральнай Беларусі. Рэжысёр ― Ларыса Мятлеўская
– конкурс сярод наведвальнікаў па намінацыях “Традыцыйны строй”, “Строй–рэканструкцыя”, “Русальны вянок”, “Дзявіца–краса ― доўгая каса”, “Русальны строй”
Поле каля вогнішча
– абрад – містэрыя распальвання вогнішча, услаўленне Купалкі, пошук папараць-кветкі, карагоды з удзелам фальклорных калектываў “Гасцінец”, “Туткі” ды інш. з рэгіёнаў Цэнтральнай Беларусі, калектываў кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ. Рэжысёр і вядучая Тацяна Пладунова
– этнадыскатэка – беларускія народныя танцы Лявоніха, Кракавяк, Падэспань, Млын, Ва саду лі, Грачанікі, Верабей, Гапак, Мільён, 101, Полька з камандамі да інш. зайграюць Дзяніс Сухі, Алесь Лось, Вячаслаў Калацэй, Зьміцер Сідаровіч, Аляксей Крукоўскі, Алесь Свірскі разам са сваімі паплечнікамі, а таксама вольныя музыкі.
СТРОЙ наведвальнікаў cвята SONCAVAROT павінен быць поўны, выкананы ў беларускіх народных традыцыях.
ЖАНОЧЫ/ДЗЯВОЧЫ:
Спаднічка традыцыйных колераў і матэрыялаў (аднатонная чырвоных адценняў альбо ў клетку, палоску) даўжынёй ніжэй калена. (Крой у гэтым годзе не будзе мець значэння, але ў наступных нашых праектах ён павінен будзе адпавядаць беларускім канонам).
Кашуля ручной работы, не фабрычная. Аздабленне вышыўкай па паліках, рукавах, гарлавіне, нізу (поўнасцю альбо асобныя элементы дэкору), карункамі і інш.
Фартух абавязковы для паўналетніх дзяўчат і жанчын белы альбо з каляровай тканіны, аздоблены вышыўкай, карункамі, атласнымі лентамі.
Валасы сабраныя ў косы, замацаваныя атласнымі лентамі, шпількамі, кветкамі альбо інш. згодна традыцый. Распушчаныя валасы дапускаюцца пад вянок з жывых кветак, зеляніны. Для жанчын абавязковая наяўнасць жаночага галаўнога ўбору адпаведна рэгіянальных традыцый (паркалёвая, ільняная, атласная хустка з чапцом альбо без яго, капар/каптур, намітка і інш.).
Абутак любы летні, без вялікіх абцасаў.
МУЖЧЫНСКІ/ХЛАПЕЧЫ:
Нагавіцы звычайнага крою – не шорты, не джынсы, не спартыўныя.
Кашуля ільняная навыпуск, белага ці шэрага колеру, аздоблена згодна традыцый.
Пас (паяс) тканы, плецены, віты альбо скураны.
Абутак любы летні, не спартыўны.
Наўнасць строяў адпаведнай вартасьці гарантуе ВОЛЬНЫ ЎВАХОД на тэрыторыю беларускага скансана ў в. Азярцо.
Кошт квіткоў ― 55 000 бел.руб. праз www.kvitki.by
Можна набыць на месцы.
За дадатковую плату
– наведванне карчмы
– катанне на брычцы і вярхом
– русальны і этнаграфічны фотакуткі
– набыццё вырабаў майстроў народнай творчасці
– набыццё музычных альбомаў
На тэрыторыі музэя працуе карчма.
Падчас мерапрыемства будуць арганізаваны дадатковыя кропкі храрчавання ад страўні “Камяніца”.
Арганізавана стаянка для ровараў.
Даезд арганізаваны ад аўтастанцыi “Паўднёва-Заходняя” і ст. метро “Міхалова” ў музей і назад у горад з 16:30 да 23:00
Шаноўныя наведвальнікі!
Калі ласка, паклапаціцеся пра абутак і вопратку згодна ўмоў надвор’я.
Музей пакідае за сабой права адмены карэктаваць праграму мерапрыемства.
Кантакты
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
220004 г. Мінск, вул. Кальварыйская, 17, п. 614
Факс: 8(017) 209-41-63 з пазнакай “Сонцаварот”
E-mail: fest_soncavarot@tut.by