У сераду, 20 верасня а 19-й, у Познані адкрываецца фотавыстава мастака Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023».
Дата: 20 верасня
Час: 19.00 (час мясцовы)
Месца: Galeria Fotografii pf, Święty Marcin 80/82, Познань
Самае цікавае падарожжа ў часе звычайна адбываецца выпадкова. Такая прыгода здарылася з Андрэем Логінавым, якому даверылі гісторыю закінутай хаты фатографа ў беларускай вёсцы.
Уявім сабе вёску, дзе жыццё віруе вакол калгаса, а маладое пакаленне з’ехала ў горад у пошуках лепшай долі.
Але ж некаторыя жыхары да гэтага часу памятаюць візіты фатографа ў раён. Менавіта там у дзяцінстве яны рабілі фотаздымкі з членамі сям’і, святочна апранутымі для гэтай асаблівай падзеі.
Жыхары расказвалі Андрэю Логінаву пра тое, якую аўру незвычайнасці яны адчувалі, увекавечваючы свае твары, паказваючы дарогу да разбуранага, закінутага дома фатографа.
Мастак знайшоў яго сярод хуткарослага лесу з некалькімі старымі фруктовымі дрэвамі. Дах дома ўжо часткова абваліўся, але пад ложкам фатографа спадар Андрэй знайшоў сапраўдны скарб: некалькі каробак шкляных негатываў і фон для пейзажных фота.
Адны негатывы засталіся цэлымі, іншыя зламаліся ці запляснелі ад вільгаці, якая пранікла ў дом. Фатограф працаваў з 1930-1950-х гадоў. З часам твары і сілуэты сфатаграфаваных людзей сталі размытымі і невыразнымі; яны нібы знікалі ці, наадварот, з’яўляліся прывідамі. На шкляных негатывах вяскоўцы пазіруюць на фоне намаляванага пейзажу.
Андрэй Логінаў дакрануўся да гісторыі гэтай беларускай вёскі, літаральна трымаў яе ў руках. Ён назваў праект «Чаромушкаўская адысея».
Праект складаецца з трох элементаў розных часавых пластоў: старых шкляных негатываў, пейзажнага фатаграфічнага фону і нядаўна зробленых чорна-белых фотаздымкаў.
Захаваўшы ўсе гэтыя каштоўныя прадметы з фотамайстэрні, Андрэй Логінаў пачаў фатаграфаваць сённяшніх вяскоўцаў на знойдзеным намаляваным пейзажным фоне, закальцоўваючы гісторыю свайго папярэдніка-фатографа. Ён з суперажываннем слухаў іх аповеды і ўсё больш даведваўся пра гісторыю вёскі.
Куратарка выставы — Марта Смаліньска.
АНДРЭЙ ЛОГІНАЎ — мастак родам з Мінска, скончыў мастацкую школу ў Мінску і Акадэмію выяўленчага мастацтва ў Дзюсельдорфе. З 2005 года жыве і працуе ў Берліне. У сваёй творчасці ён таксама закранае тэмы, звязаныя з гісторыяй і сучаснасцю.
Выстава працуе па 19 лістапада.
Квіткі — 7 злотых.