Анлайн-прэзентацыя кнігі апавяданняў Марэка Гласкі «Першы крок у аблоках»

25.11.2025 18:00 - 20:00 Анлайн Бясплатна

Перакладчыца Марыя Пушкіна разам з мадэратарам Андрэем Хадановічам прадставяць сапраўдную літаратурную падзею — першую кнігу легендарнага польскага пісьменніка Марэка Гласкі па-беларуску. Зборнік «Першы крок у аблоках» (Выдавецтва Логвінаў, 2025), будзе прэзентаваны праз выбраныя фрагменты прозы, захапляльныя гісторыі пра творцу і разважанні пра тое, чаму Гласка застаецца культавым аўтарам і сёння.


Асноўныя тэзісы размовы:

🔹 Марэк Гласка – пісьменнік з абсалютным слыхам.
🔹 «Бунтаўнік на шворцы» ці парушальнік усіх магчымых межаў?
🔹 Што зрабіла «Першы крок у аблоках» культавым дэбютам празаіка?
🔹 «Фірмовы» кантраст Гласкі: жыццё як уяўленне і як яно ёсць насамрэч.
🔹 “Два па сто. Толькі хутка, бо нам у школу трэба…”: мастацкае даследаванне алкагалізму ў апавяданні “Пятля”.
🔹 Кароткі перыяд гучнай славы аўтара – і дзесяцігоддзі забароны.
🔹 «Цяпер я ведаю, што ў Польшчу не вярнуся ўжо ніколі»: апошія гады літаратара і перадазіроўка эміграцыяй.
🔹 Чым абавязанае пісьменніку польскае кіно?
🔹 Гласка як выклік і запрашэнне да перакладу.

Марэк Гласка (Marek Hłasko, 1934–1969) — бунтар, легенда, аўтар, забаронены ў Польшчы на дзесяцігоддзі. Зборнік знаёміць з выбранымі апавяданнямі Гласкі, дэбютнымі і крыху пазнейшымі: жорсткімі, кранальнымі, поўнымі трывогі і пяшчотымі адначасова. Яны сталі голасам пакалення 1950-х — моладзі, расчараванай пасляваенным светам і душнай рэчаіснасцю Польскай Народнай Рэспублікі. Героі Гласкі кахаюць, працуюць, змагаюцца за сэнс у бязлітасных абставінах, губляюць надзею, п’юць і мрояць. І не чакаюць шкадавання. Гэта літаратура, напісаная з агнём і на нервах, перакладзеная на дзясяткі моў свету і экранізаваная вялікімі рэжысёрамі. Проза Марэка Гласкі дагэтуль чытаецца як выклік.

На задніку беларускага выдання чытаем папярэджанне: “У кнізе прысутнічаюць сцэны гвалту, апісанні алкагольнай залежнасці і ненарматыўная лексіка”. Спадзяёмся, чытачоў і чытачак зацікавіць не толькі гэта.


Вам можа быць цікава

„Калядны спеўны курс“ у Варшаве!

17.12.2025 (00:05 - 23:59) Беларускі Моладзевы Хаб (Dożynkowa 6A)

„Bulbamovie“ ў Беластоку

17.12.2025 (17:30 - 19:30) Кінатэатр «Forum» (ul. Legionowa, 5)

Калядныя спеўкі ў Вільні

23.12.2025 (18:30 - 20:00) "Кропка" (Savičiaus g. 6)

Калядная экскурсія па Гародні

03.01.2026 (11:30 - 14:30) музей гісторыі рэлігіі (вул. Замкавая, 16)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ