У суботу, 24 траўня, у мінскай ратушы ладзяць лекцыю «Раскопкі горада на Менцы: гісторыя, вынікі даследавання і кансервацыя знаходак».
Лектары — Андрэй Вайцяховіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, і Сяргей Дупанаў, галоўны інжынер ГАДА «Транс-Цэнтр».
З 2022 года Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць на тэрыторыі гарадзішча на рацэ Менцы маштабныя археалагічныя раскопкі.
У кожным з закладзеных раскопаў выяўлена вялікая колькасць разнастайных артэфактаў, у тым ліку ўнікальныя індывідуальныя знаходкі, якія датуюцца перыядамі VIII–IX, X–XIII, XIV–XV і XVII–XVIII стст. і раскрываюць асаблівасці фарміравання і функцыянавання археалагічнага комплексу на Менцы ў Старажытнарускі перыяд, перыяд ВКЛ, позняе Сярэднявечча і ранні Новы час.
Андрэй Вайцяховіч раскажа пра вынікі апошніх даследаванняў, падзеліцца гісторыямі пра самыя нечаканыя знаходкі, пазнаёміць слухачоў з далейшымі планамі і перспектывамі работы па вывучэнні старажытнага гарадзішча.
Сяргей Дупанаў раскажа аб даследаванні драўніны збудаванняў X — XI стст. археалагічнага комплексу на р. Менке. З раскопу былі вынятыя ўзоры моранага дуба, праведзены радыёвуглеродны аналіз драўніны, выяўлены яе структурныя і хімічныя ўласцівасці.
Вы даведаецеся якімі метадамі карыстаюцца даследчыкі для вывучэння і захавання археалагічнай драўніны, убачыце ўнікальныя фатаграфіі розных этапаў працэсу кансервацыі.
Па завяршэнні лекцыі ў вас будзе магчымасць задаць лектарам пытанні, якія цікавяць.
Квіток — 7 рублёў.