У суботу, 26 ліпеня, у галерэі Савіцкага адбудзецца лекцыя даследчыцы гарадскога асяроддзя Вольгі Дзіканёвай «Савецкія дзіцячыя пляцоўкі ў Беларусі».
Разам з лектаркай вы паглыбіцеся ў гісторыю дзіцячых пляцовак як з’явы, азнаёміцеся з аўтарскай тыпалогіяй вулічных пляцовак для гульняў і тыпавымі праектнымі рашэннямі, параўнаеце асаблівасці добраўпарадкавання дваровых тэрыторый для дзяцей у розных гарадах Беларусі з досведам іншых постсавецкіх і заходніх краін.
Сама з’ява адмыслова арганізаванай прасторы для вольнага часу дзяцей бярэ пачатак у 19 стагоддзі.
Дзіцячыя пляцоўкі разглядаліся як інструмент прадухілення дзіцячай безнагляднасці і зніжэння ўзроўню дзіцячай злачыннасці: ва ўмовах хуткай урбанізацыі і індустрыялізацыі дзеці часта аказваліся пакінутымі на волю лёсу, а вуліцы станавіліся небяспечным асяроддзем.
Сучасная дзіцячая пляцоўка — гэта кульмінацыя больш чым 150-гадовых спрэчак пра тое, дзе і як дзеці і моладзь павінны праводзіць свой час, калі яны не ў школе.
На працягу большай часткі мінулага стагоддзя прынцып, што дзецям патрэбныя спецыяльна адведзеныя месцы для гульняў, быў шырока прынятым, але канцэпцыя ідэальнай пляцоўкі змянялася ў адказ на змяненне сацыяльных і экалагічных праблем.
Уваход — 8 рублёў (у кошт уваходзіць навведванне выставы Ліліі Нішчык «Архетыпы часу»).