“Літаратурнае падарожжа” да 125-годдзя Максіма Гарэцкага

14.09.2018 15:00 - 15:00 Бібліятэка імя Д.Р. Новікава (вул. Паркавая, 1) Бясплатнае

14 верасня 2018 г. а 15-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і бібліятэка імя Д.Р. Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі) ў рамках музейнага праекта “Літаратурнае падарожжа” ладзяць мерапрыемства, якое прысвечана 125-годдзю Максіма Гарэцкага.

Два перыяды звязваюць Максіма Гарэцкага (1893–1938) з Горкамі: першы (1912–1913) – падрыхтоўка і вучоба ў Горы-Горацкай каморніцка-агранамічнай вучэльні, другі (1926–1928) – праца ў Горацкай сельгасакадэміі загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі.

Асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону – таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці – Максім Іванавіч Гарэцкі пакінуў яскравы след ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства, унёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.

На імпрэзе выступяць даследчыкі жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага Алена Сяргееўна Гурская і Аляксандра Міхайлаўна Чарнавокая. Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэт Віктар Шніп распавядзе пра кнігі “Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам” і “Максім Гарэцкі. Творы” з серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры” (т. 12), якія выйшлі ў выдавецтве апошнім часам. З прэзентацыяй аўдыёдыска твораў Максіма Гарэцкага выступіць рэжысёр, артыст Беларускага радыё Алег Вінярскі. Вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі беларускай літаратуры Паліна Мікалаеўна Саўген прэзентуе прысутным свой аўтарскі праект – выставу “Максім Гарэцкі. «Ахвярую сваім “Я”…». Правядзе сустрэчу загадчык навукова-экспазіцыйнай аддзела Вольга Барысаўна Гулева.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца даследчыкі жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага, пісьменнікі, прадстаўнікі СМІ, студэнты і выкладчыкі БДСГА, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк.

 

Уваход вольны.

 

Месца правядзення:                                      

г. Горкі, Магілёўская вобласць, бібліятэка імя Д.Р. Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі

Куратар мерапрыемства:                        

вучоны сакратар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Кацярына Сяргееўна Унучак

Кантактны тэлефон: (17) 283-29-86


Вам можа быць цікава

Выстава "Палка" ў Мінску (12+)

07.03.2026 09:00 - 10.05.2026 19:00 НЦСМ (пр-т Незалежнасці, 47)

Вялікдзень у Дукоры

12.04.2026 (12:00 - 18:00) Дукорскі маёнтак (вул. Школьная, 12)

Паша Крывец у Празе

14.04.2026 (19:00 - 21:00) Ty kávo! (J. Plachty 3163/28)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ