Лекцыя Міхаіла Гуліна “Алег Цалкоў. Неафіцыйнае мастацтва СССР ”

13.03.2017 19:00 - 19:00 Прастора «ЦЭХ» (вул. Кастрычніцкая, 16) 4 рублі

Мастак і куратар Міхаіл Гулін распачаў цыкл аўтарскіх лекцыяў па гісторыі мастацтва ХХ–ХХІ ст.

Штопанядзелак а 19:00 у прасторы ЦЭХ ён расказвае пра тых асобаў і тыя з’явы, якія пакінулі важны адбітак у мастацтве ХХ стагоддзя і сучаснасці, паўплывалі на прафесійнае станаўленне Гуліна, уразілі і працягваюць уражваць.

Лекцыі адбудуцца 13, 20, 27 сакавіка і 3 красавіка.

Мастацтва сёння часта патрабуе медыяцыі ды інтэрпрэтацыі, мы не заўжды маем час на чытанне спецыялізаванай літаратуры, а, прыходзячы ў галерэю, здараецца, і губляемся. Наўрад ці хто можа дапамагчы разабрацца ў тэме так, як адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускага сучаснага арту.

Міхаіл Гулін вядомы сваёй разнастайнаю практыкай, у якой удала спалучаецца дасціпны поп-культурны жывапіс, акцыянізм з выразным сацыяльным кампанентам і куратарства. Аўтар лекцыяў выстаўляецца ў Беларусі, мае багата прафесійных кантактаў па-за межамі краіны, курыруе міжнародныя экспазіцыі. Вымушаны перапыніць сваю выкладчыцкую дзейнасць у 2012 годзе, пасля акцыі «Персанальны манумент», ён працягвае ўдзельнічаць у адукацыйных праектах і творча супрацоўнічае з маладзейшым пакаленнем мастачак і мастакоў. Адзін з апошніх прыкладаў – удзел у якасці т’ютара ў Школе мастацкага жэсту (Artbat FEST, Алматы) і праграме «10 майстэрняў», арганізаванай Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» у 2016 годзе.

У сваёй другой лекцыі, 13 сакавіка, Міхаіл Гулін звернецца да фігуры Алега Цалкова, значнай постаці ў расійскім нон-канфармізме 60−70-x. Вымушаны эміграваць у Францыю ў 1977-м пад ціскам савецкай улады, ён неўзабаве зрабіўся адным з найбольш вядомых расійскіх мастакоў у свеце. Творы Цалкова захоўваюцца ў фондах шматлікіх музеяў, а таксама ў прыватных калекцыях. У 2014-м ягоная персанальная выстава прайшла ў Tate Modern.

Акрамя творчасці Цалкова Гулін, вядома, раскажа і пра феномен савецкага нонканфармізму, згадае Эрнста Неізвестнага, Віктара Піваварава і “Калектыўныя дзеянні”. Паколькі тэма надта вялікая для адной лекцыі, гэтым разам аўтар плануе сканцэнтравацца на персаналіях, а падчас наступнай сустрэчы надаць больш увагі групам і кірункам.

Запрашаем усіх цікаўных у панядзелак, 13 сакавіка, а 19:00 у прастору ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая 16).

Уваходны квіток: 4 рублі (поўны), 2 рублі (ільготны)


Вам можа быць цікава

Фэст аўтарскага тэкстылю «ТэкСтыльны букет» у Мінску

17.06.2025 18:00 - 17.08.2025 20:00 Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3)

Выстава «Шаржы на Петруся Броўку» ў Мінску

25.06.2025 18:00 - 03.08.2025 18:00 літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. К. Маркса, 30)

Майстар-клас па стварэнні «відкоў» у Заслаўі

13.07.2025 (12:00 - 14:00) музей беларускай маляванкі (вул. Дачная, 13)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ