Маршрут: Мінск – Смілавічы – Убель – Азёрны – Чэрвень – Ляды – Роткаўшчына – Алесіна – Шыпяны – Мінск, з наведваннем адзінага ў свеце музея Станіслава Манюшкі. Сумесныя спевы твораў Манюшкі разам са “Спеўным сходам”. Спеўны працэс майструе саліст Белдзяржфілармоніі Сяргей Доўгушаў. Запрошаны госць – прафесар Віктар Скарабагатаў.
Першы прыпынак нашай вандроўкі – мястэчка Смілавічы. Згадкі пра яго знаходзім яшчэ ў 16 ст. З тых часоў разам з беларусамі ў Смілавічах жылі жыды, татары. Татарская абшчына захавалася і да цяперашняга часу. Але наша асноўная мэта ў мястэчку – палацава-паркавы ансамбль Манюшкаў. І абавязкова наведаем і музей Хаіма Суціна, беларуска-французскага мастака-экспрэсіяніста. Ён лічыцца адным з найбольш славутых майстроў нацюрморта. Пра яго, пра Манюшку і пра іншых гістарычных асоб на працягу ўсяго маршруту нам будзе распавядаць экскурсавод Павел Каралёў.
Далей – вёска Убель, дзе 5 мая 1819 г. і нарадзіўся Станіслаў Манюшка. Гэта потым у жыцці славутага кампазітара, дырыжора, знаўцы беларускага фальклору, стваральніка беларускай і польскай нацыянальнай оперы будуць Мінск, Берлін, Вільня… А першыя тры гады яго асобу фармавалі гукі радавога фальварка. Цяпер на яго месцы стаіць памятны знак, узведзены яшчэ ў 1966 г. На знаку – нотны запіс з оперы Манюшкі “Галька”. Таксама ў Убелі можна пабачыць невялікія фрагменты парку, у якім гуляў кампазітар, калі быў маленькім. Парк – лепшае месца, каб праспяваць песні на музыку Манюшкі. Дапаможа нам у гэтым мастацкі кіраўнік “Спеўнага сходу” Сяргей Доўгушаў.
Наступны прыпынак нашага маршруту – в. Азёрны. Менавіта ў ёй і знаходзіцца адзіны ў свеце Музей Станіслава Манюшкі. Фонд музея налічвае больш за 500 экспанатаў: копіі малюнкаў з мясцовымі пейзажамі, партрэты настаўнікаў, блізкіх сваякоў і, канешне ж, малюнкі з маленькім Станіславам. Тут таксама знаходзяцца сцэнічныя касцюмы з опер Манюшкі, якія падарылі музею польскія оперныя тэатры. Канешне ж, маюцца і ноты, і запісы твораў на пласцінках, касетах, фотаздымкі пастановак опер, кнігі пра кампазітара.
Наступным прыпынкам стане Чэрвень, які да 1923 г. меў назву Ігумен. Упершыню мястэчка згадваецца ў 1387 г., а ягоны касцёл – у 1669 г. У 1800 г. у мястэчку быў пабудаваны драўляны касцёл Уздвіжання Святога Крыжа, які быў знішчаны камуністамі ў 1930-я гады і адноўлены ў пачатку 21-га ст. І менавіта ля касцёла паўстаў бюст найвядомейшаму ўраджэнцу раёна – Станіславу Манюшку. У касцёле плануецца невялічкі музычны выступ па творах Манюшкі.
Вёска Малыя Ляды – чарговы прыпынак нашай вандроўкі – вядомая Свята-Дабравешчанскай царквой (помнікам архітэктуры барока), і былым уніяцкім кляштарам. З 1791 г. належала сям’і Манюшкаў. Тут мы ўбачым не толькі краявіды, якія сфармавалі творчы стрыжань нашага выбітнага кампазітара, але і зможам наведаць царкву Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы (18 ст.). Яна занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Наступная кропка вандроўкі – Роткаўшчына – была ўладаннем Дамініка Манюшкі, дзядзькі знакамітага кампазітара. Дамінік Манюшка быў чалавекам перадавых поглядаў, заснаваў агранамічную школу для мясцовых сялян. Роткаўшчыну і яе наваколле неаднойчы наведваў і Станіслаў.
Алесіна – радавое гняздо роду Манюшкаў, якое напрыканцы ХІХ стагоддзя перайшло Ваньковічам. Перад намі паўстане сучасны аграгарадок з атмасферай фальварка часоў Манюшкі. Некаторыя старажытныя пабудовы захаваліся – яны ўдала выкарыстоўваюцца да цяперашніх патрэб вёскі. А яшчэ Якуб Колас, які ў свой час настаўнічаў па-суседству, шмат прататыпаў трылогіі “На ростанях” узяў менавіта з Алесіна. Можа быць, мы сустрэнем кагосьці з праўнукаў герояў рамана?
І, нарэшце, Шыпяны – вёска ўпершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакументах як маёнтак у Вялікім княстве Літоўскім. Потым ім валодалі Манюшкі, і менавіта падчас іх кіравання вёска ажыла наноў. Сёння тут можна ўбачыць сядзібны дом канца 19 ст., жылы дом і канюшню гэтага ж часу. Ну і, вядома, перад вяртаннем у Мінск паспяваць разам са “Спеўным сходам” каля дрэў старадаўняга парку.
Кошт вандроўкі – 33 рублі з чалавека.
Кажыце пароль “Едзем са “Спеўным сходам!” і едзьце за 30 рублёў!
У кошт вандроўкі ўваходзяць:
1. Праезд у турыстычным аўтобусе.
2. Экскурсійнае абслугоўванне на маршруце.
3. Удзел у музычных імпрэзах “Спеўнага сходу” падачас вандроўкі.
Дадаткова аплочваюцца ўваходы ў музеі: Станіслава Манюшкі – 1 рубель, Хаіма Суціна – 4,7 рубля.
Абедаем у Чэрвені. Абед аплочваецца самастойна.
Запісацца на вандроўку і атрымаць дадатковую інфармацыю можна па тэл.:
+375 29 1342804, +375 25 5458430, + 375 44 718-11-16,
гарадзкія: 2175515, 2832198, 237-40-38.
Арганізатары вандроўкі: Турыстычная кампанія “КоларЛэнд”, ініцыятыва “Спеўны сход” і ўстанова “Культура роднага краю”.
Падзея ў Вконтакте.