Праменад па Нясвіжы ў стылі 20-30-х гг. ХХ ст. – KINEMO, ASTROFIZYKA, JAZZ

13.05.2017 19:00 - 22:30 Нясвіжскі Палац Радзівілаў (Нясвіж, МІнская вобласць) Бясплатнае

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”  і Музычны Дом “Класіка”запрашаюць шаноўнае паньства на “ПРАМЕНАД У СТЫЛІ 20-30-х ГГ. ХХ СТ. – KINEMO / ASTROFIZYKA / JAZZ

Падчас праменада Вы патрапіце ў Заходнюю Беларусь першай паловы мінулага стагоддзя. Акунецеся ў атмасферу міжваеннага жыцця, дазнаецеся, што ўяўляў сабою Нясвіжскі палац таго часу, як выглядалі беларускія гарады і мястэчкі, што хвалявала іх жыхароў. Канферанс’е і шэф Праменада – Віктар Шалкевіч – акцёр, паэт і шоўмэн, а таксама музыка і паліглот– падорыць святочны настрой і музыкальныя сюрпрызы. Віктар кажа, што “людзі ўспрымаюць мінулае, гісторыю ідэалізавана, безхмарна, безклапотна, вытанчана, вось такім Праменад зробім і мы. Падкрэслім тое яскравае і радаснае, што было ў жыцці беларусаў 100 год таму!”.

Штогод на “Ноч музеяў” экскурсійны маршрут па Палацы Радзівілаў становіцца супернетрадыцыйным, нават для пастаянных наведвальнікаў музея. Ноч 13 мая – не выключэнне! Вы пабываеце ў такіх месцах, куды не водзяць звычайныя экскурсіі ў звычайныя дні. Зачыненыя дзверы палацавых пакояў будуць гасцінна расчыненыя.

Дырэктар Музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў расказвае: “Кожны год мы выбіраем нейкі перыяд гісторыі Беларусі і Нясвіжа і імкнемся паглыблена і дэталёва расказаць пра яго нашым наведвальнікам свята. У гэтым годзе мы звярнуліся да 1920-30х гадоў мінулага стагоддзя і напоўніцу раскажам і пакажам гасцям тыя часы. Спадзяюся, нашыя творчыя задумы ў гэтым годзе ізноў здзівяць і парадуюць нават тых, хто не раз ужо прыязджаў да нас”.

Толькі ў гэты вечар Вас будуць сустракаць гаспадары Нясвіжскага Палаца пачатку мінулага стагоддзя – Альбрэхт Антоній Радзівіл і яго дачка Эльжбета. Дарэчы, сапраўднай Эльжбеце Радзівіл сёлета споўніцца 100 гадоў! Яна жыве ў Варшаве. Але сёлета Вы ўбачыце перад сабой юную, прыгожую дзяўчыну, якая завітала ў госці да бацькі, пакінуўшы дзеля гэтага Парыж і Лондан. А ў сутарэннях Палаца Вы сустрэнецеся з лекарам-алхiмiкам.

Святочную атмасферу вечара будзе ставараць гурт Дзіксілэнд JuicyJazz, на чале з вядомым саксафанiстам Віталём Ямуцеевым, які выканае амерыканскую i заходнееўрапейскую музыку. А спецыяльныя госці свята – Школа амерыканскіх танцаў “KACHELI” – пакажуць, як правільнатаньчыць swing, jazz, blues, а таксама правядуць майстар-класы і навучаць заморскім танцам гасцей.

На Праменадзе, ва ўнутраным дворыку Палаца, можна будзе паглядзець стужкіз залатога фонданямога кінематографа. Мы ўбачым “У гадзіну ночы”, “Казёл адпушчэння” і “Галавакружэнне” з удзелам трох вялікіх комікаў – Чарлі Чапліна, Бастэра Кітана і Гаральда Лойда.Увага! Усе стужкі суправаджаюцца жывой музыкай у выкананні сапраўднага тапёра.

Госцi Праменада здолеюць пабываць у выяздной Абсерваторыі Планетарыя – ад сталічных астраномаў вы пачуеце захапляльныя гісторыі пра нябесныя сферы, развіццё астранамічнай навукі і паглядзіце ў сапраўдныя тэлескопы! Далей – Вас чакае адмысловая экспазіцыя EXPIRIMENTUS з прыборамі і прыстасаваннямі, якія раскрываюць сутнасць разнастайных дзіўных і прыгожых фізічных явішчаў. Усе наведвальнікі стануць сапраўднымі даследчыкамі і першаадкрывальнікамі невядомага.

Партнёр мерапрыемства Турыстычная кампанія “Віаполь” праверыць Вашыя веды ў галіне гісторыі і геаграфіі на актывацыйнай пляцоўцы пад неардынарнай назовай – “Вялікая дэпрэсія”. Але не пужайцеся, бо менавіта тут Вы атрымаеце антыдэпрэсанты J!

Таксама ўсіх гасцей Праменада чакаюць: аўтамабіль 1931 года выпуска, тэматычная фотазона “Паветраны шар” і буфет з прысмакамі і напоямі.

Тэматыка і стыль “Ночы музеяў” у Нясвіжы  сёлета цесна звязаная з 20-30-мі гадамі мінулага стагоддзя яшчэ і таму, што ў палацавым комплексе адкрываецца вялікая і надзвычай цікавая  выстава, прысвечаная  тым часам. 13 мая Вы зможаце стаць першымі наведвальнікамі гэтай выставы і напоўніцу заглыбіцца ў побыт жыхароў Заходняй Беларусі міжваеннай пары. Завітаўшы ў выставачную залу Вы апынецеся на гарадской вуліцы, дзе дзейнічае пошта, банк, аптэка, школа, крамы, зможаце зазірнуць у кінатэатр і атэлье па пашыву моднага адзення.

  • Заклікаем Вас далучацца да максімальна поўнага ўзнаўлення атмасферы першай паловы мінулага стагоддзя. Будзем радыя, калі Вы ўключыце ў сваё адзенне элементы вопраткі, аксэсуары, галаўныя ўборы 1920-1930-х гг. Гэта толькі падкрэсліць Вашу адметнасць сярод удзельнікаў святочнага Праменада.
  • Здымайце відэа “Ночы музеяў” на любое тэхнічнае прыстасаванне. Па заканчэнні свята аб’явім конкурс відэаролікаў: “Мой Праменад па Нясвіжскім палацы 20-30х гг. ХХ ст.” Аўтары трох найцікавейшых ролікаў атрымаюць падарункі ад Нясвіжскага Палаца, Туркампаніі “Віаполь” і Музычнага Дома “Класіка”. Вызначаць пераможцаў будзем на афіцыйнай старонцы фэйсбука Палаца Радзівілаў: https://www.facebook.com/Niasvizh/ з 15 па 25 мая 2017 года. Даслаць сваё відэа можна на электронную скрыню: pramenad@gmail.com

 Мерапрыемства адбудзецца ў рамках правядзення Мiжнароднай акцыі “Ноч музеяў”

13 мая 2017 года (субота), Нясвіжскі Палац Радзівілаў, 19.00-22.30


Вам можа быць цікава

Выстава відзікаў у Мінску

24.04.2025 11:00 - 25.05.2025 18:00 Лошыцкі маёнтак (Лошыцкі парк)

Kretsu / Petchenko / Matjukhov Trio ў Сопаце

11.05.2025 (19:00 - 21:00) Teatr BoTo (Bohaterów Monte Cassino 54B)

Саша Філіпенка у Рызе

23.05.2025 (18:30 - 20:00) Rīgas Ebreju kopienas nams (Skolas iela 6)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ