У нядзелю, 22 чэрвеня, у «аКсяродку» адбудзецца прэзентацыя аўдыёспектакля «Brest HERstory» пра жаночую гісторыю Брэста Другой сусветнай вайны.
Brest HERstory — гэта погляд на гістарычныя падзеі праз лёсы і дзейнасць жанчын.
Крыніцамі сталі архіўныя матэрыялы і фота, апублікаваныя тэксты і сведчанні, дзённікі і інтэрв’ю.
Апавяданне пачынаюць з 1939 г. і паказваюць, як змянялася сітуацыя ў Брэсце з прыходам савецкай і нямецкай уладаў. Далей апісваюцца падзеі, звязаныя са сталінскімі рэпрэсіямі і дэпартацыямі ў 1939-1941 гг.
Расказваюць пра ўдзел жанчын у падзеях у Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года, пра стварэнне і знішчэнне яўрэйскага гета, пра жаночы яўрэйскі супраціў.
Сваё месца таксама знайшлі гісторыі пра жанчын Брэсцкага камуністычнага падполля, практыкі клопату і выжывання, жанчын-остарбайтэраў, а таксама пра тое, з чым давялося сутыкнуцца жанчынам пасля вайны.
Brest HERstory прадставяць:
Аксана Гайко — ініцыятарка і аўтарка праекта, тэатральная рэжысёрка, заснавальніца тэатра «Крылы халопа»,
Аліна Дзеравянка — адна са стваральніц праекта, культурная менеджарка, даследчыца спадчыны і сучаснага мастацтва.
Уваход, выглядае, вольны. Данаты заўсёды шчыра вітаюцца!