Шпалера “Самсон на бяседзе ў філістымлян” з прыватнай калекцыі ўпершыню будзе прадстаўлена на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Твор уваходзіць у серыю тканін “Гісторыя Старога Запавету”, якія выконваліся па кардонах мастака Сімона Вуэ ў XVII стагоддзі ў майстэрнях Парыжа.
Сімон Вуэ (1590–1649) – мастак-манументаліст, партрэтыст, дэкаратар. З 1630 года стаў Першым мастаком караля Людовіка XIII і паспяхова кіраваў майстэрняй каралеўскіх шпалер. Адна з серый кардонаў для майстэрняў прысвячалася гісторыі Старога Запавету і ўключала 8 тканін. Існуе легенда, што шпалера “Самсон на бяседзе ў філістымлян” была заказана самім каралём для ўпрыгожвання палацавых інтэр’ераў у Луўры. Шпалера вядома ў некалькіх паўторах, якія належаць розным французскім майстэрням XVII стагоддзя. Прадстаўленая на выставе шпалера, верагодна, выканана ў парыжскай майстэрні Аляксандра Команса ў першай палове XVII стагоддзя.
Сюжэт шпалеры заснаваны на біблейскім паданні аб старазапаветным героі Самсоне, які змагаўся супраць філістымлян, што заняволілі яго народ. Дзякуючы сваім доўгім валасам, Самсон валодаў вялікай фізічнай сілай, сакрэт гэты ён старанна захоўваў. Аднойчы Самсон горача закахаўся ў філістымлянку Далілу, якая падманам змагла пазнаць яго тайну і паведаміла яе філістымлянам. Калі Самсон спаў, яму абстрыглі валасы, і герой страціў сваю магутнасць. Філістымляне схапілі Самсона, асляпілі яго, закавалі ў ланцугі і кінулі ў астрог. У падзяку багам за перамогу над Самсонам філістымляне наладзілі бяседу ў храме і загадалі прывесці туды героя для забавы. Да гэтага часу валасы Самсона адраслі і сіла паступова да яго вярнулася. Хлопчык-павадыр па просьбе Самсона падвёў яго да цэнтральных слупоў храма. Абапёршыся рукамі аб дзве калоны, якія падтрымлівалі скляпенне, Самсон разбурыў будынак, і ўсе, хто былі на бяседзе, загінулі.
У рамках прэзентацыі калекцыянерам Яўгенам Мікалаевічам Хмяльніцкім у дар музею будзе ўрачыста перададзены вясельны куфар – касоне, выраблены ў 1671 майстрамі Паўночнай Еўропы. Плануецца, што з часам касоне, несумненна, упрыгожыць новую экспазіцыю заходнееўрапейскага мастацтва музея.
Нацыянальны мастацкі музей вельмі шануе гэты шчодры жэст і падтрымку ў папаўненні музейнага фонду яркімі артэфактамі. Чакаем вас 15.01.2017 а 17-й гадзіне.
15 студзеня 2018 года а 17-й гадзіне
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
вул. Леніна, 20