27 мая ў 18.30 ва ўнутраным дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея пачнецца мерапрыемства, прысвечанае афіцыйнаму запуску культурна-адукацыйнага праекта “Шляхецкая Спадчына Беларусі”.
Зусім нядаўна, літаральна некалькі гадоў таму тэма шляхты і старадаўняй шляхецкай культуры здавалася сярэднестатыстычнаму жыхару Беларусі дзіўнай, чужой, незразумелай і нават крыху небяспечнай, афарбаванай у колеры палітычных супрацьстаянняў мінулых эпох. Але ж мінула зусім няшмат часу, і вяселлі ў шляхецкім стылі, карпаратывы са старадаўнімі забавамі, школьныя экскурсійныя праграмы ў шляхецкіх танах робяцца ўсё больш папулярнымі па ўсёй краіне. Тым не менш, для большасці нашых суайчыннікаў шляхецкая тэма хаця і перастала пужаць ці здавацца зусім чужынскай, аднак па-ранейшаму засталася тайнай за сям’ю пячаткамі.
Менавіта таму шляхецкі тэатр “Захаранка Арт-груп” вырашыў ініцыяваць запуск культурна-адукацыйнага праекта, накіраванага на тое, каб данесці звесткі пра культурныя набыткі і традыцыі нашых шляхецкіх продкаў як мага большай колькасці сённяшніх беларусаў. Ідэю падтрымалі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і сталічная турыстычная кампанія “Бьюці Тур”.
Асноўная мэта праекта – даць магчымасць жыхарам і гасцям нашай краіны ўласнымі вачыма ўбачыць і на практыцы дакрануцца да самых розных бакоў і праяў старадаўняй шляхецкай культуры, створанай на працягу больш, чым паловы тысячагоддзя, адной з самых арыстакратычных нацый Еўропы – па-старадаўняму “ліцвінамі” ці па-сучаснаму “беларусамі”. Варта ўзгадаць і яшчэ адну, на самой справе – самую галоўную, хаця знешне крыху абстрактную мэту – спрыяць фармаванню і ўзмацненню нацыянальнага гонару, самапавагі сённяшніх жыхароў краіны. Асэнсаванне прыналежнасці да такіх высокіх культурных набыткаў, якія за стагоддзі свайго існавання і развіцця нарадзіла беларуская шляхецкая традыцыя, мусіць падштурхнуць людзей да больш высокіх маральных стандартаў, любові і павагі да ўласнай гісторыі, большай адказнасці за ўласнае жыццё ў сённяшнім свеце.
Галоўны прынцып усіх праграм у межах праекта – “ажывіць” шляхецкую гісторыю нашай зямлі непасрэдна на вачах у гледачоў. У выніку людзям не давядзецца пасіўна слухаць доўгія расказы, яны змогуць пачуць жывы музычны голас мінулых стагоддзяў, дакрануцца рукой да сапраўдных шляхецкіх строяў, навучыцца танчыць папулярныя калісьці, але зусім незнаёмыя сучаснаму чалавеку танцы. Не праблемай стане і адчуць сябе сапраўдным ваяром мінулых эпох, узяўшы ў руку поўныя копіі сапраўднай гістарычнай зброі, альбо нават паспрабаваць культуру продкаў на смак падчас дэгустацыі забытых шляхецкіх страў і напояў.
У праграме мерапрыемства:
- Агульнае прадстаўленне Шляхецкага тэатра “Захаранка Арт-груп” і культурна-адукацыйнага праекта “Шляхецкая Спадчына Беларусі”;
- Выступленні арганізатараў і партнёраў праекта, гасцей прэзентацыі;
- Міні-прэзентацыі розных зрэзаў старадаўняй шляхецкай культуры Беларусі – музыка, танец, традыцыйны шляхецкі строй, шляхецкая збраёвая культура, шляхецкая шабельная школа і інш.;
- Паходная кузня з майстар-класам па кавальскім майстэрстве;
- Выступленні спецыяльных гасцей – тэатра танца “Фламея”, гурта сярэдневечнай музыкі “Літы Талер”, квартэта “Акварэль”;
- Міні-спектакль “Шляхта ў Карчме” і традыцыйныя шляхецкія гульні для гледачоў;
- Дэгустацыя страў шляхецкай кухні.
З больш падрабязнай інфармацыяй аб праекце “Шляхецкая спадчына Беларусі” і ўсіх прапановах у яго межах можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце праекта http://project.szlachtycz.by.
Шчыра спадзяемся ўбачыць Вас у шэрагах нашых гасцей!
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,
Штодня з 11.00 да 19.00
тэл. 8017 321 23 71, 327 43 22
histmuseum.by