Тэатр у Магілёве – абмяркоўваем з “Будзьма!” 13 лістапада

13.11.2018 18:30 - 18:30 Канферэнц-зала гасцініцы “Губернская” (вул. Ленінская, 56/6) Уваход Вольны

Тэатр – мастацтва для абраных або для ўсіх і кожнага? Чым жывуць сёння і як стасуюцца са сваёй аўдыторыяй прафесійныя тэатры Магілёва, у якім кірунку развіваюцца? Ці патрэбны наогул гораду прафесійны дзяржаўны рэпертуарны тэатр, ці адпавядае яго цяперашні стан патрабаванням сучаснасці і запытам аўдыторыі? Тэатральнае жыццё горада значна актывізуецца ў сакавіку, калі праводзіцца Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “Март-кантакт”.  Чым жыве тэатральны Магілёў у астатні час, чаго яму не хапае? Паразмаўляем пра гэта на грамадскай дыскусіі ад “Будзьма беларусамі!”.

У Магілёве дзейнічаюць два прафесійныя дзяржаўныя рэпертуарныя тэатры – Магілёўскі абласны драматычны тэатр і Магілёўскі абласны тэатры лялек. Сёння ім даводзіцца балансаваць паміж камерцыйнымі мэтамі і мастацкімі задачамі, пры гэтым захоўваючы цэльнасць рэпертуарнай палітыкі, выконваючы сацыяльныя і асветніцкія функцыі. Прадстаўнікі абодвух прафесійных тэатраў Магілёва акрэсляць місію сваіх устаноў, агучаць надзённыя праблемы.

Што ж цікавага і адметнага могуць прапанаваць сваім гледачам тэатр драмы і тэатр лялек, запрашае высветліць 13 лістапада грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” на дыскусіі пад назвай “Тэатр у Магілёве: шлях да гледача”. Таксама паспрабуем разам з экспертамі адказаць на пытанне: Магілёў – тэатральны цэнтр або тэатральная правінцыя?

Гаворка будзе ісці ў трох кірунках:

Сённяшні стан прафесійных тэатраў Магілёва. Наколькі эфектыўна яны працуюць? У які бок яны развіваюцца і як будуюць сваю рэпертуарную палітыку?

Тэатр і яго аўдыторыя. Наколькі запатрабаванае сёння сярод жыхароў Магілёва тэатральнае мастацтва, ці адпавядае яно іх запытам і чаканням? Ці можа тэатр адначасова выконваць камерцыйныя і асветніцкія задачы?

Перспектывы развіцця магілёўскіх тэатраў. Што можна зрабіць, каб ажывіць тэатральнае жыццё горада? Якія захады робяць тэатры, каб быць канкурэнтаздольнымі, запатрабаванымі, цікавымі і даступнымі для аўдыторыі?

Спікерамі ў дыскусіі выступяць:

– Саўлюс Варнас – галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

– Уладзімір Андрэенка – дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра лялек.

– Уладзімір Пятровіч – акцёр і рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

У дыскусіі возьме ўдзел запрошаны знешні эксперт:

– Алена Мальчэўская – тэатральны крытык, журналіст, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” (Мінск).

Запрашаем да дыялогу ўсіх зацікаўленых магілёўцаў – блізкіх і далёкіх ад тэатра. Паразважаем разам,  які тэатр патрэбны гораду, чаго чакаюць гараджане ад тэатраў і, адпаведна – тэатры ад сваёй аўдыторыі.

Дата: 13 лістапада 2018 г.

Месца: г. Магілёў, канферэнц-зала гасцініцы “Губернская”, вул. Ленінская, 56/6

Пачатак: 18:30

Уваход вольны!


Вам можа быць цікава

Выстава Іллі Гічана «53/27» у Мінску

03.05.2025 18:00 - 02.06.2025 19:00 галерэя «Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ