«the REM sleep». Фотавыстава Змітра Вайноўскага
Пачатак: 05.10 (13:00)Канец: 15.10 (13:31)
Plac Łokietka
У Любліне з 5 па 15 кастрычніка будзе праходзіць фотавыстава Змітра Вайноўскага «the REM sleep», прысвечаная падзеям 2020 года ў Беларусі.
Адкрыццё выставы 5 кастрычніка, а 13:00.
Адрас: плошча Лакетка (Plac Łokietka)
Уваход вольны.
Вось што напісала пра выставу куратарка праекта Алена Пратасевіч:
«Праект Змітра Вайноўскага «the REM sleep» — гэта фотадакумент, яркае сведчанне трагічных і натхняльных падзей, якія адбываюцца «тут і цяпер» у Беларусі, даследаванне парадаксальнай з’явы мірнага негвалтоўнага пратэсту беларускага народа. Менавіта пратэст становіцца галоўнай формай мастацтва, а вуліца — галоўнай мастацкай пляцоўкай краіны. Час для роздуму, аналізу, мастацкага самавыражэння будзе пазней. «Тут і цяпер» кожны з нас з’яўляецца ўдзельнікам, дакументалістам, куратарам. Кінематаграфіст (як і Ёзэф Кудзелка, дзякуючы якому увесь свет пабачыў Пражскую вясну 1968 года) быў «занадта блізка» да падзеяў і, нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск рэжыму на незалежных журналістаў і на кожнага чалавека з камерай, змог схапіць і зафіксаваць на стужцы ўсе асноўныя ніткі гэтай складанай і драматычнай гісторыі. Быць часткай пратэсту, быць разам з людзьмі, паказаць салідарнасць і адзінства — вось асноўны і галоўны матыў фатографа. Фотадакумент, які цяпер, без сумневу, з’яўляецца мастацкім выказваннем аўтара, уяўляе сабой цудоўны, нечаканы матэрыял, які, як і сам мірны беларускі пратэст, знаходзіцца ў стане work in process. Выбар інструментаў (класічная камера, чорна-белая стужка) у сучасным лічбавым свеце ў нейкім сэнсе з’яўляецца працягам парадаксальнай гісторыі пратэсту, які стаў перш за ўсё эстэтычнай рэвалюцыяй».
У лістападзе 2020 года Зміцер Вайноўскі быў арыштаваны падчас «Маршу пенсіянераў». Гэты была апошняя ягоная палявая работа на вуліцах сталіцы. Фатограф атрымаў 13 сутак арышту па сумнавядомым артыкуле 23.34. Пасля вызвалення ціск на яго працягваўся, і Зміцер вымушаны быў з’ехаць з Беларусі. Зараз ён жыве ў Любліне.
Зміцер Вайноўскі пра праект:
Я назваў свой праект «the REM sleep» («REM—сон»). Усё, што адбываецца зараз у беларускім грамадстве, я разглядаю як фазу парадаксальнага супольнага сну — фазу REM, якая характарызуецца падвышанай актыўнасцю мозгу. Адным з сімптомаў гэтай фазы з’яўляецца хуткі рух вачэй. Здаецца, што чалавек, які спіць, глядзіць на нейкія прыгожыя маляўнічыя вобразы і праз імгненне прачнецца, зафіксаваўшы ў памяці ўбачанае. Я спрабаваў зафіксаваць на стужцы ўвесь гэты неспакойны сон з яго фазамі — то хуткімі, то маруднымі, што мяняюцца ўвесь час.
Я не ведаю, аб чым марыць нашае грамадства, у якой з двух фаз карцінкі паўтараюцца, а ў якой з’яўляецца нешта новае. Але я дакладна ведаю, што хацеў бы быць побач, калі гэтыя вочы расплюшчацца.