Аргкамітэт конкурсу вызначыў уладальніка Гран-Пры, двух ляўрэатаў, а таксама адзначыў спэцпрызамі яшчэ трох выканаўцаў.
Конкурс «Засьпявай 2.0» стартаваў сёлета увесну. Маладым выканаўцам (да 27 год) прапаноўвалася паўдзельнічаць у дзьвюх намінацыях – «Сьпяваная паэзія» і «Кавэр». Усяго было пададзена 50 заяваў: 23 – на «Кавэр», 34 – на «Паэзію». Некаторыя выканаўцы бралі ўдзел адразу ў абедзьвюх намінацыях. Журы, у якое ўвайшлі Ігар Варашкевіч, Валеры Дайнека, Алег Хаменка, Адам Глёбус, Віталь Рыжкоў, Максім Жбанкоў, Тацяна Заміроўская, Павал Бераговіч, Ніна Шыдлоўская і Сяргей Будкін вызначыла па шэсьць фіналістаў у кожнай з намінацыяў, якія атрымалі магчымасьць выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых беларускіх гуртоў. Цягам усяго лета ў дворыку на плошчы Свабоды, 4, на тэрасе кавярні Chill Out праходзіла сэрыя з 12 канцэртаў. Некаторыя з канкурсантаў літаральна сьпеліся з тымі выканаўцамі, якія іх падтрымалі. Як Navi і «Палац», «Колір» і Naka, Symphorine i Leibonik (і Вярэніч з Бышлыкевічам асобна) утварылі шыкоўныя творчыя дуэты. Калі казаць непасрэдна пра выступы канкурсантаў, то ўсе без выключэньня паставіліся да іх зь вялікаю адказнасьцю і парадавалі сваёй падрыхтавасьцю і наогул творчай сьпеласьцю. За такімі выканаўцамі, як Марына Вярэніч, Валерыя Дэле, Кэтэвана, Vegetables, Teleport, Pauline, Navi безумоўна будучыня нашай музыкі.
На жаль, адзначыць усіх вартых у межах гэтага конкурсу не ўяўляецца магчымым. Тым ня менш заклікаем усіх без выключэньня канкурсантаў не складаць рукі, а працаваць надалей, найперш над уласным, аўтарскім матэрыялам, які часам выглядае цікавейшымі за тыя кавэры, якія яны выконваюць:).
Аргкамітэт конкурсу вызначыў уладальніка Гран-Пры конкурсу «Засьпявай 2.0». Яго атрымлівае гурт Navi за песьню «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса ў намінацыі «Кавэр» і за песьню «Жар-птушка» ансамблю «Сябры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка). Яна атрымаюць грашовую ўзнагароду ў памеры 500 эўра.
Ляўрэаткай конкурсу «Засьпявай 2.0» стала Марына Вярэніч за песьню «Чаму мы стрэліся ня ў час» на верш Тацяны Дзям’янавай у намінацыі «Сьпяваная паэзія». Сьпявачка атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 250 эўра.
Ляўрэатам конкурсу «Засьпявай 2.0» стаў Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песьню «Зачараваная» ансамблю «Песьняры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка).
Таксама аргкамітэт конкурсу «Засьпявай 2.0» адзначае гурт «Колір» за песьню «Застацца сабой» на вершАндрэя Аляксандрава ў намінацыі «Сьпяваная паэзія», Pauline за песьню «Малітва» на верш Янкі Купалы ў намінацыі «Сьпяваная паэзія» і К3tyvana за песьню «Skyfall» Аdele у перакладзе на беларускую мову ўнамінацыі «Кавэр». Усе яны атрымаюць падарункі ад арганізатараў конкурсу.
Афіцыйнае ўзнагароджаньне пераможцаў і ляўрэатаў зь міні-канцэртам Navi адбудзецца ў кнігарні «Логвінаў» (пр.Незалежнасьці, 37а) 28 верасьня ў 18.30. Уваход вольны.