Выстава да 70-годдзя рэстаўратара Аркадзя Шпунта

02.06.2017 17:00 - 17:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

2 чэрвеня 2017 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава, прысвечаная аднаму з заснавальнікаў айчыннай рэстаўрацыі тэмпернага жывапісу і скульптуры.

Прадстаўленыя на выставе помнікі беларускага мастацтва – толькі невялікая частка духоўнай творчай спадчыны нашага народа, якая захавалася да нашых дзён. Іх экспанаванне стала магчымым пасля правядзення комплексу мерапрыемстваў па выратаванні і аднаўленні твораў падчас рэстаўрацыйных работ. Большасць абразоў і карцін трапляюць у музей у складаным тэхнічным стане і патрабуюць тэрміновага ўмяшання рэстаўратара для іх захавання. На сённяшні дзень у музеі працуюць каля 25 спецыялістаў у розных галінах гэтай унікальнай прафесіі. Аднак айчынная рэстаўрацыя пачала фарміравацца толькі ў 1970-я гады. Аркадзь Самуілавіч Шпунт стаяў ля вытокаў яе зараджэння.

А.С. Шпунт нарадзіўся 28 мая 1947 г. у горадзе Барысаве. У 1967 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і атрымаў дыплом скульптара.

У 1970 годзе малады спецыяліст уладкаваўся на працу ў ляпны цэх «Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў». Варта адзначыць, што на той момант арганізацыя толькі пачала сваё існаванне. Вынікам яго працы ў гэтых майстэрнях у 1970–1973 гг. стала рэстаўрацыя ляпніны Сафійскага сабора ў Полацку, палаца Булгакаў у Жылічах і галоўнае – рэстаўрацыя керамічнага ўбрання пахавальні князёў Паскевічаў у Гомелі.

Рэстаўрацыйная справа ў БССР у тыя гады толькі пачыналася, таму А.С. Шпунт вучыўся рэстаўрацыі ў Маскве ва Усесаюзнай цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі кансервацыі і рэстаўрацыі музейных каштоўнасцей у такіх майстроў, як Яўгенія Міхайлаўна Крысці, Вольга Уладзіміраўна Лелекава, і ў горадзе Уладзіміры ў Аляксандра Пятровіча Някрасава. Першая стажыроўка прайшла пад кіраўніцтвам Яўгеніі Міхайлаўны Крысці на базе Латвійскага этнаграфічнага музея пад адкрытым небам у Рызе. Гэта была рэстаўрацыя разьбы, скульптуры і дэкаратыўнага ўбрання царквы Усмас.

7 ліпеня 1977 года быў адкрыты Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. На сённяшні дзень у яго экспазіцыі прадстаўлена мноства ікон, якія адрэстаўрыраваў А. Шпунт. Тры з іх прадстаўлены на выставе.

У 1977 годзе ён упершыню прыняў удзел у навуковай экспедыцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (з 1993 г. – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь) і з тых часоў неаднаразова выязджаў для выратавання твораў мастацтва. Дзякуючы яго актыўнай дзейнасці музейная калекцыя папоўнілася рэдкімі ўзорамі іканапісу і скульптуры XVI–XVIII стст., многія з якіх знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі.

Падчас рэстаўрацыі алтароў касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску (1980–1986) сумесна з іншымі рэстаўратарамі майстар адпрацоўваў методыку і тэхналогію прымянення новых матэрыялаў. У гэты час А.С. Шпунт пазнаёміўся з легендарным кардыналам Беларусі Казімірам Свёнткам, з якім супрацоўнічаў з 1980 па 2006 год.

У 1985 годзе Усесаюзнай атэстацыйнай камісіяй Міністэрства культуры СССР Аркадзь Самуілавіч быў атэставаны як мастак-рэстаўратар вышэйшай катэгорыі.

У 1997 годзе брыгадай рэстаўратараў пад яго кіраўніцтвам была пачата рэстаўрацыя манументальнага жывапісу ў мінскім рымска-каталіцкім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі. У 2007 годзе канчаткова раскрыты скляпенне галоўнага нефа і роспіс капліцы Св. Феліцыяна. Гэта праца была адзначана апостальскім благаслаўленнем Папы Рымскага Бенедыкта XVI і ўручэннем А.С. Шпунту нагруднага знака Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

З 1999 года Аркадзь Самуілавіч Шпунт працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. У 2008 годзе ён стаў загадчыкам аддзела навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў. У сакавіку 2011 года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт узнагародзіў Аркадзя Шпунта граматай Патрыяршага Экзархата ў благаслаўленне за працу ў славу Святой Праваслаўнай царквы.

У 2012 годзе ён быў узнагароджаны «Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва» ў намінацыі «Музейная справа», у 2014 годзе – медалём Францыска Скарыны.

А.С. Шпунт таксама з’яўляецца аўтарам захапляльных аповесцяў-эсэ («Блики уходящего дня», 1989; «Момент Нуль», 2000; «Тире. Записки реставратора», 2012); шматлікіх артыкулаў, шэрага сцэнарыяў дакументальных фільмаў (напрыклад, кінастужка «Маці Мізерэкордыя» рэжысёра Ю. Гарулёва ўзнагароджана Гран-пры міжнароднага кінафестывалю ў Непакалянаве (Польшча), а таксама пастаянным аўтарам рэлігійна-культурнага часопіса «Наша вера».


Вам можа быць цікава

Выстава «Рай» у Віцебску

21.02.2025 17:00 - 20.06.2025 19:00 арт-прастора «Талстога, 7» (вул. Талстога, 7)

Фотавыстава Віталя Ціхамірава «Homo Verus» у Мінску

25.04.2025 18:00 - 17.05.2025 19:00 галерэя «Універстэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1)

Выстава «Віцебская акварэль» у Віцебску

13.05.2025 10:00 - 15.06.2025 18:00 Ратуша (вул. Леніна, 36)

Фэст «Мюнхеншчына-2025» пад Мюнхенам

27.06.2025 12:00 - 29.06.2025 18:00 Jugendzeltplatz Schwaighölzl

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ