Выстава графікі Яўгена Куліка “Душой адданы Беларусі”

30.10.2018 17:00 - 17:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

Выстава графікі Яўгена Куліка (31.10.1937–12.01.2002)

“Душой адданы Беларусі”,

прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння мастака

30 кастрычніка 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы графікі выдатнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Яўгена Сяргеевіча Куліка, прысвечанай 80-годдзю з дня яго нараджэння. На выставе дэманструюцца працы, створаныя мастаком на працягу 1956–2001 гадоў, выкананыя ў розных тэхніках графікі – малюнкі алоўкам і тушшу, пастэлі, акварэлі, лінарыты. Шырокі дыяпазон тэм і сюжэтаў твораў выстаўкі: гэта і зробленыя з натуры пранікнёныя пейзажныя замалёўкі цэркваў, курганоў, млыноў, і малюнкі-рэканструкцыі беларускіх замкаў, і вобразы беларускіх князёў, ваяроў – Усяслава Чарадзея, Давыда Гарадзенскага, паўстанцаў 1863 года, асветнікаў – Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага. Кніжная графіка прадстаўлена ілюстрацыямі да “Слова пра паход Ігараў” і паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Усе творы прасякнуты агульнай стрыжнёвай ідэяй, шчырым і адданым служэннем беларускаму адраджэнню, што з’яўлялася творчым крэда мастака на працягу ўсяго яго жыцця.

Спадчына Яўгена Куліка займае пачэснае месца сярод здабыткаў беларускага мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя. Бясспрэчны яго вялікі ўклад у абуджэнне і захаванне для нашчадкаў гістарычнай памяці. Дзякуючы руплівай працы Яўгена Куліка і намаганням яго аднадумцаў-паплечнікаў, у 80–90-я гады мінулага стагоддзя былі здзейснены шматлікія імпрэзы і выставы па ўшанаванні і вяртанні з небыцця імёнаў слаўных дзеячаў беларускай культуры, змагароў і асветнікаў, мастакоў і паэтаў – Міколы Гусоўскага, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Кастуся Каліноўскага, Пётры Сергіевіча, Язэпа Драздовіча ды іншых. Многім з іх Яўген Кулік прысвяціў свае графічныя творы, актуальныя і сёння, прадстаўленыя на гэтай выставе.

Шэраг твораў мастака паказаны тут упершыню. Выстава, якая будзе дзейнічаць да 2 снежня 2018 года, з’яўляецца данінай памяці сапраўднаму майстру, ушанаваннем яго ўнёску ў развіццё айчыннага мастацтва ХХ стагоддзя. Яна зацікавіць усіх тых, хто неабыякавы да беларускай гісторыі і культуры.


Вам можа быць цікава

Кватэрнік Аляксандра Памідорава ў Гданьску

09.05.2025 (19:00 - 21:00) БКТ «Хатка» (Księdza Leona Miszewskiego 17 / 307 (4 паверх))

Стэндап Ідрака Мірзалізадэ «Час белых дзяцей» у Варшаве

16.05.2025 (19:00 - 21:00) беларускі клуб Stand Up Lokal (Noakowskiego 16)

Гурт «Relikt» у Варшаве

16.05.2025 (19:30 - 21:00) VooDoo Club [сцэна 2] (Aleja Prymasa Tysiąclecia 48A)

Спектакль «Зэкамерон» у Варшаве

05.06.2025 19:00 - 06.06.2025 21:00 Scena Przodownik (Olesińska 21)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ