Выстава "У сузор’і Пагоні"

08.07.2020 11:00 - 19:00 Палац мастацтва (вул. Казлова, 3) Бясплатнае

Групавая выстава сямі сяброў суполкі “Пагоня” – ПЁТРЫ БАГДАНАВА, ВОЛЬГІ БЫЧКО, АНАТОЛЯ ВОЛКАВА, АЛЕГА І АЛЕНЫ КАРПОВІЧАЎ, ВІКТАРА МІКІТЫ І ЮРЫЯ ПІСКУНА адкрыецца ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” Беларускага саюза мастакоў 8 ліпеня 2020 года.

Выстава прысвечана 30-гадоваму юбілею суполкі “Пагоня”. Сем творцаў маладзейшай і сярэдняй генерацыі суполкі таксама адзначаюць у 2020 годдзе свае юбілейныя даты. Насамрэч іх сумесная экспазіцыя – гэта сем самастойных персанальных выставак, якія аб’яднаны адзінай для ўсіх “пагоняўцаў” любоўю да Беларусі. Кожны з мастакоў у сваёй адметнай творчай манеры апявае сваю Радзіму, услаўляе беларускую ідэю.

Самая маладая з удзельнікаў – ВОЛЬГА БЫЧКО. Для яе гэта першая юбілейная персанальная выстава. На ёй прадстаўлены творы апошніх гадоў: сімволіка-рамантычныя жывапісныя кампазіцыі, стрыжнёвая тэма якіх – сувязь гісторыі і сучаснасці. Галоўнымі героямі палотнаў часта выступаюць дзеці мастачкі.

Рэтраспекцыя жывапісу ПЁТРЫ БАГДАНАВА складзена з найбольш значных твораў мастака – адухоўленых жаночых вобразаў анёльскай прыгажосці.

У АНАТОЛЯ ВОЛКАВА асноўная тэма творчасці – беларуская гісторыя, апяванне часоў славы Вялікага княства Літоўскага. Вельмі цікавая і разнастайная экспазіцыя яго работ уключае і жывапісныя пано, і зброю, і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і інсталяцыі. Шэраг новых твораў мастак выканаў спецыяльна для гэтай выставы.

Муж і жонка АЛЕГ І АЛЕНА КАРПОВІЧЫ дэманструюць у сваіх экспазіцыях творы графікі. У Алены – гэта тонкія, паэтычныя акварэлі і кніжныя ілюстрацыі. У Алега Карповіча – малюнкі, сяброўскія шаржы і карыкатуры, якія карыстаюцца нязменным поспехам на яго шматлікіх персанальных выставах.

ВІКТАР МІКІТА – мастак, які выдатна працуе як у галіне графікі, кніжнай ілюстрацыі, так і жывапісу. На выставе ў “Палацы мастацтва” можна пабачыць найбольш знакамітыя графічныя серыі і жывапісныя творы ў аўтарскай тэхніцы.

Мастак-жывапісец і вядомы ў краіне майстар-дызайнер сцэнічнага касцюма і мастацтвазнаўца ЮРЫЙ ПІСКУН дэманструе свае жывапісныя творы розных гадоў. Найперш гэта партрэты блізкіх яму людзей.

Усе сем экспазіцый выставы “У сузор’і Пагоні” даюць магчымасць гледачу больш блізка пазнаёміцца з разнастайнасцю творчых пошукоў сябраў суполкі “Пагоня”, з іх адданасцю высакароднай місіі служэння Беларусі.

Выстава працуе да 19 ліпеня 2020 года.

Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».

Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.

Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49; +375 (29) 844 99 68 (МТС);

+375 (29) 264 68 48 (МТС).


Вам можа быць цікава

Выстава «Панямоння жыватворныя крыніцы» ў Гродне

17.09.2025 15:00 - 31.10.2025 18:00 абласны цэнтр народнай творчасці (вул. Саввецкая, 8)

Выстава Таццяны Маліноўскай-Рыбак «Жыццё шукаць у колеры» ў Мінску

17.09.2025 19:00 - 14.10.2025 19:00 «Грузінскі дом» (вул. Куйбышава, 48)

SAMOTA і navalach у Варшаве

28.09.2025 (20:00 - 22:00) Pub 2KOŁA (Tunelowa 2b)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ