17 красавіка ў Беластоку пройдзе прэзентацыя беларускага перакладу даследавання «Кірылічныя выданні выдавецтваў з Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVIII ст.» з удзелам яго аўтаркі Зоі Пераслаўцаў-Ярашэвіч.
Зоя Пераслаўцаў-Ярашэвіч — польскі гісторык, спецыялізуецца на гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Шмат гадоў займала пасаду дырэктара Інстытута гісторыі і міжнародных адносін Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне. Кніга, беларускі пераклад якой будзе презентаваны, пабачыла свет у выдавецтве гэтага ўніверсітэта.
Гэта самае грунтоўнае на дадзены момант навуковае даследаванне, прысвечанае кнігам на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах, выдадзеных на нашых землях да іх інкарпарацыі у склад Расійскай імперыі.
У кнізе раскрываецца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага з нечаканага боку. У масавай свядомасці функцыянуюць уяўленні толькі пра некалькіх выбітных беларускіх кнігадрукароў часоў ВКЛ — як правіла, Францыска Скарыну і Сымона Буднага. У даследаванні раскрываецца ўся паўната кнігавыдавецкай дзейнасці ў ВКЛ — з нябыту вяртаюцца дзясяткі кнігадрукароў, разглядаецца прадукцыя дзясяткаў выдавецтваў, чыя дзейнасць мела бясспрэчны культурны эфект. За тры стагоддзі беларускія друкарні ў ВКЛ выдалі каля 380 выданняў, чый сукупны аб’ём склаў больш за 22,55 тыс. аркушаў.
З кнігі можна даведацца:
— Колькі ў ВКЛ дзейнічала друкарняў, якія выпускалі кнігі на старабеларускай мове, а таксама ў якіх гарадах і мястэчках яны былі.
— Якія былі тыражы і рэпертуар гэтых выданняў?
— Якія друкарні дзейнічалі найдаўжэй?
— Якія друкарні вялі рэй з пункту гледжання аб’ёмаў кніжнай прадукцыі, дамінавалі колькасна на тагачасным рынку друкаванай прадукцыі.
— Што можна сказаць пра змест выдадзеных кніг, іх жанры і функцыянальныя тыпы.
— Чым адметны быў графічны бок друкаў, фарматы выданняў, іх дызайн (прыёмы нумарацыі старонак, стылі шрыфту і тэхніка набору, выкарыстанне заставак і канцовак, ініцыялаў, рамак на маргінэсах, тытульных аркушаў, ілюстрацый).