Выстава “Якуб Колас: вядомы і невядомы”

15.02.2017 16:00 - 16:00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5) Уваход вольны

15 лютага а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, які сёлета адзначае юбілей Песняра – 135-годдзе з дня нараджэння, запрашае на ўрачыстае адкрыццё новай стацыянарнай выстаўкі на сядзібе Якуба Коласа ў гаспадарчай пабудове “Склеп” і выстаўкі “Якуб Колас: вядомы і невядомы” з фондаў музея Песняра.

Юбілей літаратурнага класіка − гэта не проста юбілей аднаго чалавека ці нават асобнай нацыянальнай літаратуры, гэта юбілей народа, бо з лёсаў лепшых сыноў айчыны складаецца лёс Бацькаўшчыны. Жыццё  народнага паэта Беларусі Якуба Коласа – выдатная старонка ў гісторыі беларускай літаратуры, а творчасць паэта ілюструе цэлую эпоху ў культурным жыцці краіны, велізарны пласт нацыянальнага жыцця.

З кожным годам усё большы прамежак часу аддзяляе нас ад таго гістарычнага часу, калі жыў і тварыў класік беларускай літаратуры, і таму больш прыцягальным становіцца не толькі вобраз Паэта – як выдатнейшага майстра паэтычнага слова, але Паэта – чалавека, з яго думкамі, клопатам, радасцямі і смуткам.

Юбілейны год будзе адзначаны разнастайнымі мерапрыемствамі, якія не толькі бліжэй пазнаёмяць грамадскасць Беларусі з літаратурным геніем, але і дазволяць адкрыць для сябе Якуба Коласа з зусім іншага боку – як клапатлівага бацьку і дзядулю, надзейнага сябра, мудрага дарадцу, удумлівага крытыка, ветлівага і гасціннага гаспадара.

Паэт Мікола Аўрамчык успамінае: “Шыракаплечы, мажны, па-сялянску просты, са сваёй грувасткай паходкаю Якуб Колас заўсёды здаваўся мне зямным, хатнім, нават басаногім, якім, дарэчы, мне давялося бачыць яго ў трохі незвычайнай сітуацыі…”. Такім простым, хатнім, знакаміты пісьменнік прадстане на фотаздымках 1901-1956 гг., а асабістыя рэчы Якуба Коласа дапоўняць рэтраспектыву жыцця пісьменніка на выстаўцы “Якуб Колас: вядомы і невядомы”.

Ва ўспамінах сучаснікаў і блізкіх сяброў Якуб Колас заўсёды выглядае руплівым і дбайным гаспадаром, заўзятым грыбніком і рыбаловам. Да канца жыцця народны паэт сам даглядаў малады сад, які ўласнаручна пасадзіў на сваёй сядзібе, давяраў народным прыкметам, клапаціўся аб добрым ураджаі, праводзячы разнастайныя доследы. Новая стацыянарная выстаўка “Склеп” у гаспадарчай пабудове на сядзібе Якуба Коласа– рэканструкцыя гарадскога склепа сярэдзіны ХХ стагоддзя. Рэчы, прадстаўленыя на экспазіцыі, лядоўня (першы халадзільнік без электрычнасці), разнастайныя спосабы захоўвання садавіны і гародніны, а таксама традыцыйныя рэцэпты прыгатавання ў беларускай народнай кулінарыі з’яўляюцца яркім адлюстраваннем беларускай нацыянальнай ментальнасцi і традыцый народнага харчавання.


Вам можа быць цікава

Выстава «Сям’я як выбар» у Познані

04.07.2025 18:00 - 15.07.2025 20:00 GRAY MANDORLA STUDIO (Mostowa 5/12)

Купала-фэст у Каробчыцах

12.07.2025 13:00 - 13.07.2025 02:00 маёнтак Каробчыцы

Ганна Янкута ў Лавіньі пад Лазанай

13.07.2025 (18:30 - 21:00) Château de Lavigny (Route d’Etoy 10,)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ