6 чэрвеня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі на Гродзеншчыне. Першая сустрэча, на якую сабраліся мясцовыя настаўнікі і бібліятэкары, адбылася ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы і была прысвечаная 135-м угодкам з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі. М. Скобла расказаў пра некаторыя малавядомыя старонкі з жыццяпісу класіка, пра тое, як падчас Другой сусветнай вайны ў акупаваным Менску з’явілася вуліца імя Івана Луцкевіча, а Купалу (сапраўднае імя якога – Іван Луцэвіч) у Маскве прымусілі пісаць апраўдальныя лісты. Прагучала пытанне пра “клопат ураду пра Купалу, пра падараваны яму аўтамабіль “шаўрале”. І вось што расказаў паэт і даследчык літаратуры: “Аднойчы ў Ляўках, пабачыўшы лецішча Купалы і гараж з тым самым “шаўрале”, я пацікавіўся ў музейнага наглядчыка: а што гэта за дамок проста перад ганкам паэта? Аказваецца, у ім жыў Купалаў шафёр па прозвішчы Яртымік, які да Купалы працаваў у НКВД і вазіў прыгавораных да расстрэлу ў Курапаты… А цяпер пачытайце ліст Купалы да мастака Б. Емяльянава ад 8 траўня 1942 г.: “Шафёр Яртымік у мяне больш не працуе, пачаў хаміць – ажно да асабістых абразаў”. Ці магчыма ўявіць сабе звычайнага шафёра, які абражае таго, каго возіць – па даручэнні ўраду? Немагчыма. Значыць, шафёр, які меў дамок-вартоўню пры паэтавым лецішчы і добра ведаў маршрут “турма НКВД-Курапаты”, і за рулём “шаўрале” быў на службе. Старэйшыя пісьменнікі прыгадвалі: калі той шафёр памёр, дык хавалі яго з ротай ганаровай варты…”.
Т. Грыневіч-Матафонава выканала песні на вершы Я. Купалы – “Спадчыну”, “Явар з калінаю”, на вершы Я. Коласа, У. Караткевіча, Г. Бураўкіна.
Другая сустрэча з кіраўніком Лідскай суполкі ТБМ Станіславам Суднікам была зладжаная ў вёсцы Вáверка, у летніку пры мясцовай школе. Асноўнай яе тэмай стаў падзвіжніцкі чын Францішка Скарыны і 500-я ўгодкі беларускага кнігадрукавання, якія адзначаюцца сёлета.
Затым госці са сталіцы накіраваліся на Дзятлаўшчыну, у вёску Гезгалы, дзе да іх далучыўся слонімскі краязнавец Сяргей Чыгрын. Сустрэча адбылася ў летніку “Умка”, дзе адпачывалі лепшыя вучні з усяго Дзятлаўскага раёна.
Усе выступы ўспрымаліся з цікавасцю і былі карысныя і для вучняў, і для настаўнікаў. Вучні паказалі свае веды па гісторыі Беларусі, па беларускай літаратуры, за што самыя актыўныя з іх атрымалі сувеніры і падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
На развітанне дырэктар летніка Эдуард Ненартовіч падзякаваў гасцям за “выдатны ўрок патрыятызму” і запрасіў часцей да іх прыязджаць.
Барыс Баль