Калі змрок нэгатыву і дэпрэсіі ўсё гусьцейшы й цяжэйшы, чаму б не пашукаць пазытыў і надзею на лепшае ў нечаканым і, здавалася б, самым непрыдатным для гэтага месцы — уласна ў гэтым змроку? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік ускараскваецца на беларускую барыкаду і з пазытывам назірае за жабагадзюкінгам, які адбываецца па той бок ад нас.
Каб вы толькі ведалі, наколькі я стаміўся ад усіх гэтых сварак, разборак і звадаў, якія нібы гіганцкімі абцугамі разрываюць нашую супольнасьць на шматкі! Той ня тое сказаў, а ў гэтай кубак занадта дарагі, а той паехаў, куды ня трэба ехаць, а гэтая штосьці там напісала ў сацыяльных сетках — штодзённы вір узаемных прэтэнзіяў высмоктвае з нас апошнія кроплі энэргіі і памкненьня хоць штосьці рабіць, перажоўвае й выплёўвае вонкі абгрызеныя і ўжо нікому не патрэбныя косткі былой салідарнасьці і колішняга ўзаемапаразуменьня.
Каюся, я й сам часам зрываюся на нейкую рэзкую рэпліку ў чыйсьці бок, пра што пазьней бязьмежна шкадую: «Вось навошта яно мне было патрэбнае? Ды хай там хоць на галаве ходзяць — чаго я лезу?».
Карацей, калі што — я таксама далёка ня ў белым палітоне. Але ўсё-ткі намагаюся пэцкаць яго як мага радзей.
Па розныя бакі беларускай барыкады Менск, 2020. Фота spring96.org
Зрэшты, хачу вас супакоіць: бясконцыя звады і сваркі — гэта ня нейкая там унікальная рыса змагароў. Па той бок барыкады таксама далёка да стабільнасьці і згоды міжсобку. І калі разборкі ў нашых шэрагах выклікаюць ува мне глыбокую скруху і стому, то жабагадзюкінг сярод лукашыстаў — наадварот — зларадна цешыць і... дадае надзеі.
Па-першае, гэта сьведчаньне таго, што аніякага адзінства ў іх шэрагах няма. Найчасьцей у мэдыя трапляюць прадстаўнікі дзьвюх групаў лукашыстаў, якія літаральна ненавідзяць адно аднаго — гэтак званых «прабеларускіх» на чале з гісторыкам і дэпутатам Ігарам Марзалюком і беларусафобаў, якіх яшчэ называюць вамбатамі. Апошніх найбольш гучна прадстаўляюць гэткія адыёзныя пэрсанажы, як былая кантрабандыстка з Горадні Вольга Бондарава і мастачка Сьвятлана Жыгімонт.
Вольга Бондарава і адзін зь яе стандартных беларусафобных допісаў, гэтым разам — супраць літары «Ў»
Да прыкладу, на днях у этэры СТБ Марзалюк абрынуўся на Алену Стэфановіч, паплечніцу Бондаравай, назваўшы яе швальлю (я цытую!) і псэўдапатрыёткай.
«Вось ёсьць псэўдапатрыёты. Калі нейкая шваль у Горадні, працягваючы працаваць у мэдычнай установе, заяўляе, што для яе беларускі пашпарт — гэта проста кавалак паперкі, калі яна называе мову «мойвай», калі яны зьневажальна ставяцца да беларускай улады, калі яны цкуюць міністра культуры, то гэтыя людзі, якія нібыта патрыятычна настроеныя і махаюць ня бел-чырвона-белым, а чырвона-зялёным, яны робяць тое самае і ствараюць нэгатыўны імідж у электаральную кампанію».
Ну а дзе няма адзінства, там напаўняецца сэнсам усім вядомая формула «Вораг майго ворага...» — і гэта другі пазытыўны момант ува ўсім гэтым жабагадзюкінгу.
Разважаючы ў адным з сваіх папярэдніх тэкстаў пра разнаквецьце беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, я задаваўся лягічным пытаньнем: як нам прыйсьці да нацыянальнага адзінства, калі мы ўсе гэтак па-рознаму ўсьведамляем быцьцё беларусамі? Адказ — у пошуку таго, што нас лучыць. І лучыць нас усіх найперш любоў да Беларусі, хай і кожны разумее яе на ўласны капыл.
І гэта якраз тое, што напаўняе маё сэрца пазытывам, калі я назіраю за тым, як абарзелым расейскамоўным імпэрцам, каторыя ў сваіх абразах усяго беларускага ўшчэнт страцілі сувязь з рэчаіснасьцю, б’юць па руках як раз-ткі прабеларускія лукашысты. То-бок прадстаўнікі нацыянальна-савецкага беларускага праекту.
Ня кідайце ў мяне камянямі, але, па вялікім рахунку, гэта і ёсьць нашыя — прадстаўнікоў нацыянальна-рамантычнага праекту — хаўрусьнікі па той бок беларускай барыкады. І пакуль мы ня можам даць розным бондаравым па руках за беларусафобства, добра, што гэта робіць хаця б тойсама Марзалюк.
Алена Стэфановіч і Ігар Марзалюк
Зрэшты, вядома ж, без ілюзіяў: мы рэпрэсаваныя і пазбаўленыя ўсялякіх магчымасьцяў удзельнічаць у кіраваньні Беларусьсю ў тым ліку і рукамі вось гэтых «прабеларускіх хаўрусьнікаў». І зразумела ж, за канкрэтныя злачынствы ў будучыні давядзецца адказваць усім — і тым, хто за «мову», і тым, хто за «мойву». Але гэта ўжо пытаньні аднаўленьня законнасьці й пакараньня канкрэтных злачынцаў, а не таго, як нам усім далей мірна суіснаваць у межах аднае дзяржавы.
За злачынствы давядзецца адказаць, бо зло ня можа заставацца беспакараным — калі мы хочам жыць нармальна, а не ў пастаянным рэжыме «иногда не до законов».
Што ж да нацыянальнага замірэньня — а да яго мы аднойчы абавязкова прыйдзем, бо ўсе войны рана ці позна сканчаюцца — яно адбудзецца як раз-ткі на падмурку агульных для нас каштоўнасьцяў. Вы за беларускую мову? І мы за беларускую мову! Вы за незалежнасьць Беларусі? І мы за незалежнасьць Беларусі! Дык давайце разам будаваць наш агульны Беларускі Дом, дзе будзе месца ўсім, хто любіць Беларусь — незалежна ад палітычных ці нейкіх там яшчэ перакананьняў!
Праца, дасланая на творчы спадоб да 175-цігодзьдзя з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага «Каго любіш? Люблю Беларусь!». Фота «Радыё Свабода»
Валера Руселік