Каляндар на 25 красавіка – 1 траўня. Што святкуем? Па чым сумуем?

25.04.2022 Каляндар

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата – кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.

25 красавіка

1918. Тэлеграма кайзеру

Праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі Радай БНР была складзеная і адпраўленая знакамітая тэлеграма, адрасаваная кайзеру Вільгельму II.

Змест тэлеграмы быў такі: віншаванне і падзяка за забеспячэнне парадку на падкантрольнай немцам тэрыторыі, а зусім не акт капітуляцыі ці прапанова сваіх паслугаў.

Для чаго гэта было зроблена? Беларусь апынулася пад нямецкай акупацыяй, у БНР папросту не было свайго войска, якое магло б выступіць супраць акупантаў.

У савецкі час гэтая тэлеграма падавалася як «здрада» дзеячаў БНР. Цяпер гісторыкі глядзяць крыху іначай на тыя падзеі, але адзначаюць недальнабачнасць тых, хто яе склаў і адправіў. Паколькі гэты крок не даў ніякага практычнага плёну.

 kajzer.jpg

26 красавіка

2002. Памёр Міхаіл Пташук

У гэты дзень 20 гадоў таму пайшоў з жыцця слынны беларускі кінарэжысёр, акцёр і прадзюсар Міхаіл Пташук.

Пташук нарадзіўся ў 1943 годзе ў вёсцы Фядзюкі Ляхавіцкага раёна. У 1967 годзе скончыў рэжысёрскі факультэт Тэатральнага вучылішча імя Б. Шчукіна, а ў 1972 годзе вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР. Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані. З 1974 года — на кінастудыі «Беларусьфільм».

Яшчэ за савецкім часам Міхаіл Пташук здымаў глыбока нацыянальнае кіно. Ён экранізаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча.

Загінуў у аўтакатастрофе па дарозе ў Маскву на ўручэнне прэміі «Ніка», дзе ягоная карціна «У жніўні 44-га...» трапіла ва ўсе асноўныя намінацыі кінапрэміі.

 M_Ptashuk.jpg

27 красавіка

1945. БССР прынята ў склад дзяржаў заснавальніц ААН

Першапачаткова савецкае кіраўніцтва спрабавала правесці ў склад ААН прадстаўнікоў усіх пятнаццаці саюзных рэспублік, але заходнія дыпламаты такі крок не падтрымалі.

Акрамя ўласна СССР у ліку дзяржаў-заснавальніц апынуліся толькі дзве саюзныя рэспублікі — БССР і УССР. Афіцыйна за вялікі ўклад у перамогу над фашызмам. І гэта сапраўды мела месца: абедзьве краіны моцна пацярпелі ў часе вайны і выставілі па мільёне байцоў на фронт кожная.

Неафіцыйная прычына — бо Беларусь і Украіна мелі не толькі фармальныя атрыбуты дзяржаўнасці, як усе саюзныя рэспублікі, але такімі дзяржавамі ўспрымаліся ў вачох заходніх палітыкаў.

bssr_u_aan.jpg

Ілюстрацыя: Дэлегацыя БССР падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска, 26 чэрвеня 1945 года

28 красавіка

1919. Пачынае выходзіць «Беларуская думка»

У гэты дзень пабачыў свет першы нумар газеты «Беларуская думка», якая выходзіла ў Вільні на беларускай мове.

На старонках «Беларускай думкі» друкаваліся самыя розныя аўтары таго часу, пераважна дэмакратычных і сацыялістычных поглядаў. А таксама прызнаныя класікі беларускай літаратуры.

Крытыцы падвяргалася палітыка маскоўскіх бальшавікоў, а таксама польскіх нацыянал-дэмакратаў. Рэдакцыя газеты паслядоўна выступала за непадзельнасць беларускай этнічнай тэрыторыі.

Выданне было спынена 27 ліпеня 1919 года польскай адміністрацыяй.

bielarusja_dumka.jpg

29 красавіка

1921. Нарадзіўся Мікола Ермаловіч

Ужо адзін толькі вобраз гэтага чалавека прываблівае: паўсляпы даследчык, седзячы над паперамі кожны дзень, вяртае беларусам іхную ж спадчыну.

Галоўны даробак Міколы Ермаловіча ў ягонай творчай дзейнасці — абгрунтаванне таго, што Вялікае Княства Літоўскае — не чужая нам дзяржава.

Рэч у тым, што ў Акадэміі навук БССР да 1970-х — 1980-х гадоў не было нават асобнага сектару па вывучэнні ВКЛ. Княства ўспрымалася выключна літоўскай дзяржавай, куды беларусы былі зацягнутыя ледзь не гвалтам.

Цяпер, калі гістарычная навука пайшла далёка наперад, працы Міколы Ермаловіча нельга чытаць без крытычнага падыходу. Гэта добры старт для цікаўных. Але і нельга адмаўляць ягонага істотнага ўнёску.

Мікола Ермаловіч трагічна загінуў 5 сакавіка 2000 года, трапіўшы пад колы машыны на сталічнай вуліцы.

 mikola_jermalovic.jpg

30 красавіка

1632. Памёр Жыгімонт ІІІ Ваза

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, заснавальнік фактычнай дынастыі Вазаў у Рэчы Паспалітай, пайшоў з жыцця ў гэты дзень у Варшаве.

Сын караля Швецыі Юхана III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога.

Абраны польскім каралём на элекцыйным сойме 1587 года, пасля смерці Стэфана Баторыя, дзякуючы падтрымцы Ганны Ягелонкі, а таксама канцлера і вялікага гетмана кароннага Яна Замойскага. Кароль шведскі ў 1592–1599 гадах.

Цягам усяго жыцця імкнуўся вярнуць сабе шведскі трон, які страціў. Гэта прывяло да працяглага канфлікту са Швецыяй, дзе абодва бакі перамагалі з пераменным поспехам.

Аказваў падтрымку Ілжэдзмітрыю І і Ілжэдзмітрыю ІІ. Распачаў вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609–1618 гадоў.

Менавіта ў часе праўлення Жыгімонта ІІІ Вазы была заключаная Берасцейская царкоўная унія, якая мела на мэце аб’яднаць праваслаўных і каталікоў у ВКЛ, але па факце яшчэ больш абвастрыла супярэчнасці ў дзяржаве.

 zyhimont_vaza.jpg

1 траўня

1942. Нарадзіўся Міхаіл Басалыга

Вядомы беларускі графік з’явіўся на свет у Слуцку. Займаўся ў Слуцкай студыі выяўленчага мастацтва Гарадскога дома піянераў і школьнікаў ва Уладзіміра Садзіна.

У 1970 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе пераважна ілюстратарам кніг, таксама стварае карціны на гістарычную тэматыку. Мае вельмі пазнавальны стыль.

Работы Міхаіла Басалыгі захоўваюцца ў многіх музеях Беларусі і блізкага замежжа. Брат іншага вядомага беларускага мастака — Уладзіміра Басалыгі.

velikiy-knyaz-vitovt.jpg