4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Эмоцыі дыпламатаў

Быць дыпламатам можа не кожны. Гэтая прафесія вымагае не толькі адпаведнай адукацыі, але і выключнай эрудыцыі. Трэба, каб чалавек разбіраўся ў розных сферах дзейнасці, ведаў шмат не толькі пра сваю краіну, але і пра краіну, у якой працуе. На яго плечы ўскладзеная вялікая адказнасць прадстаўляць сваю краіну. Бо вельмі часта менавіта па дыпламату мяркуюць пра краіну і яе народ. А ці мае права дыпламат на эмоцыі? “Як паводзяць сябе дыпламаты, калі падчас перамоваў іх нехта раздражняе? Ці можа дыпламат паказаць свае пачуцці?” – на гэтыя ды іншыя пытанні чытачкі блогу адказвае амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл у допісе “Эмоцыі дыпламатаў”.

“Як паводзяць сябе дыпламаты, калі падчас перамоваў іх нехта раздражняе? Ці можа дыпламат паказаць свае пачуцці? Ці існуе якая-небудзь тэхніка, якая дазваляе пераадолець эмоцыі?”, – такія пытанні цікавяць Ліку Акубардзіа, чытачку блогу Амбасадара Бруса Бакнэла.

Мне асабліва спадабалася тэма, бо прымусіла задумацца пра сваё прафесійнае жыццё, неабходныя дыпламату навыкі, а таксама псіхалагічныя моманты маёй прафесіі.

Дыпламатыя не магла б існаваць зусім без пачуццяў, таму што перамовы вядуць людзі, не робаты. А з чалавекам, які не выказвае пачуццяў, вельмі складана весці справы. Як я ўжо пісаў, дыпламаты мусяць разумець іншых. Таму дапамагае, калі суразмоўцы праяўляюць эмоцыі, бо гэта дазваляе даведацца, пра што яны думаюць, што ім важна.

Усталяванне ўзаемаразумення часта ёсць першым этапам перамоваў. Гэтаму спрыяе выказванне пазітыўных эмоцый. Лепш за ўсё ў дыпламатаў атрымліваецца праяўляць цікавасць да іншых краін, бо любоў да замежных моваў і культураў – гэта, урэшце, адна з найважнейшых прычын выбару прафесіі.

Падчас перамоваў выяўленне эмоцый можа апярэджваць самі перамовы. Мімалётнае выказванне ўхвалы ці наадварот можа сігналізаваць пра поспех ці праблему, калі ўдзельнікі сапраўды хочуць дасягнуць згоды.

Часам здараецца так, што выказванне моцных эмоцый грае на вашую карысць. Можа здарыцца так, што вам давядзецца даказаць партнёрам, што вам можна давяраць, ці паказаць, што нешта недапушчальна, ці што вы дасягнулі межаў сваіх паўнамоцтваў. Кароткі выбух эмоцый пакажа, што вам не ўсё роўна, ці што гэта важна для вашай краіны, ці што вы ўжо дайшлі да “чырвонай лініі”.

Таму мне здаецца, што ў любых перамовах, паміж пасламі ці кімсьці яшчэ, праяўленне пачуццяў толькі дапамагае абодвум бакам. Аднак ход думкі ў зададзеным пытанні вельмі слушны. Дыпламаты імкнуцца не выказваць эмоцый, бо мэтазгоднасць гэтага ўсё ж такі абмежаваная.

Аднойчы на семінары вядоўца (не дыпламат) сказаў маім калегам, што дыпламаты не маюць схільнасці да “эмацыйнага нетрымання” ў прафесійным развіцці. Сапраўды, нам плацяць не за тое, каб мы паводзілі сябе як зоркі Галівуда.

Дыпламаты – гэта прадстаўнікі сваіх дзяржаваў і палітыкі сваіх урадаў. Мы гатовыя да зносін з тымі, хто мае іншыя погляды, хоча справакаваць нас ці проста патрабуе ад нас рэакцыі. Таму сама прафесія вымушае нас быць (ці рабіцца) цярплівымі, вучыцца чакаць адпаведнага моманту, калі інтарэсы і пазіцыі нашага ўрада пачынаюць супадаць з інтарэсамі і пазіцыямі іншых.

Мы дзейнічаем паводле інструкцый, якія прыходзяць са сталіц. Як і прадстаўнікі іншых прафесій, мы адчуваем сувязь з іншымі дыпламатамі. Мы разумеем накладзеныя адно на аднаго абмежаванні і не прымаем нязгоды блізка да сэрца.

Таму калі нас штосьці раздражняе, мы хутчэй спытаем самі сябе, ці ёсць прычына, з якой гэты чалавек так сябе паводзіць ці гаворыць. Бо магчыма, гэта яго нармальныя паводзіны.

І, як я ўжо намякаў вышэй, час можа адыгрываць значную ролю. У ходзе перамоваў чым менш часу ва ўдзельніка на дасягненне згоды, тым слабейшая ягоная пазіцыя. Таму праяўленне эмоцый можа выдаць, што вы адчуваеце напружанне.

А затым наступае канец. Лагічнае заканчэнне перамоваў – пісьмовае пагадненне. Дыпламаты складаюць праект дакумента і ўзгадняюць дакладную фармулёўку. І лепш за ўсё, калі ваш розум пры гэтым чысты, здольны да аналітычнага мыслення і збольшага пазбаўлены эмоцый. Але трэба разумець і браць пад увагу адметныя рысы псіхалогіі людзей, на якіх паўплывае пагадненне, і ўжываць тыя словы і выразы, якія яны могуць прыняць.

Я не думаю, што дыпламату, які не здолеў стрымацца, варта чакаць катастрафічных наступстваў у прафесіі. Усё залежыць ад кантэксту. Здаралася так, што напружаныя спрэчкі спрыялі заканчэнню перамоваў, якія праходзілі безвынікова, і давалі бакам такую неабходную перадышку (як, напрыклад, падчас перамоваў па канфлікце на Балканах у 1990-я). Дыпламатычныя перамовы – нялёгкая справа: часцей за ўсё, каб дасягнуць выніку, патрабуецца некалькі афіцыйных сустрэч.

Асабіста я не ведаю ніякіх спецыяльных тэхнік, якія б дапамагалі пазбегнуць праяўлення моцных эмоцый. Падчас перамоваў мы шмат часу аддаем даследаванням, праверкам і тлумачэнням пазіцый іншых краін – ці нашых асабістых, па важных пытаннях. Эмоцыі рэдка ёсць часткай гэтай гульні.

Нарэшце, давайце разгледзім вынікі перамоваў, у якіх удзельнічаюць дыпламаты. Найлепшыя перамовы – гэта тыя, у выніку якіх абодва бакі адчуваюць, што нешта выйгралі, атрымалі ўзаемную выгаду. І найбольш верагодна, што такі вынік будзе дасягнуты, калі перамоўнікі ставяцца адно да аднаго па-сяброўску пазітыўна і прадбачліва.

Такім чынам, падчас перамоваў можна выяўляць эмоцыі, каб праверыць, куды перамовы рухаюцца, але важна ведаць разумныя межы.

Фота: Аляксандр Ждановіч