4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Па адзенні сустракаюць…

Як апранацца на дзелавыя сустрэчы? Як рабіць пазітыўнае ўражанне на публіку і пры гэтым заставацца верным сабе? Ці можна навучыць упэўненасці? Пра гэта і не толькі разважае сёння Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл.

Нядаўна адзін бізнес-клуб запрасіў мяне выступіць з лекцыяй пра тое, як апранацца на дзелавыя сустрэчы. Я ніколі не адмаўляюся ад публічных выступаў, але ў гэты раз я не быў упэўнены, што буду ў стане даць слушную параду па тэме.

Даведаўшыся пра некаторыя падрабязнасці, я высветліў, што прычынай арганізацыі лекцыі стаў не зусім паспяховы вопыт дзелавых сустрэч беларускіх IT-кампаній з брытанскімі калегамі. Я не прафесіянал у гэтым пытанні, але некаторы час жыў і працаваў у Мілане, што, вядома, не робіць мяне найлепшым дарадцам па стылі. Але менавіта гэты вопыт дазволіў мне даведацца, што ж італьянцы называюць “bella figura” – добрым выглядам.

Падрыхтоўка: вызначэнне мэты

За гады працы мне давялося пабываць на мностве выступаў. І лепш за ўсё мне запомніліся тыя, што былі не толькі пазнавальнымі, але і займальнымі. Як правіла, слухачы запамінаюць толькі некалькі момантаў з усёй прэзентацыі. Таму я вырашыў, што, выступаючы па тэме, у якой я адчуваю сябе не зусім упэўнена, я павінен даць слухачам над чым паразважаць.

У дадзеным выпадку я прыйшоў да высновы, што асноўны фокус трэба зрабіць не на вопратцы. Вядома, важна добра выглядаць, каб зрабіць уражанне пры першай сустрэчы, бо другога шанцу можа не быць. Але правільна апрануцца – гэта толькі частка рашэння.

suit

Я стаў згадваць падрыхтоўку да свайго прыезду ў Беларусь. Разам з трэнерам мы распрацоўвалі мой «асабісты брэнд» для новай ролі кіраўніка – амбасадара. Спачатку я ​​скептычна ставіўся да самой ідэі «асабістага брэнда». Мне здавалася, што гэта ўсяго толькі чарговая бескарысная выдумка бізнес-школ, якая ніякага дачынення не мае да таго, чым займаюся я.

З трэнерам у мяне было ўсяго некалькі заняткаў, і асноўную частку часу мы прысвяцілі абмеркаванню адпаведнасці формы і зместу. Гэта значыць, важны не столькі сам «брэнд», колькі тое, як ён адлюстроўвае маю сутнасць. Іншымі словамі, я павінен «быць сабой», калі кірую сваёй камандай і калі з’яўляюся на публіцы.

Як не падмануць спадзяванні

Добра падумаўшы, я прыйшоў да наступнай ідэі. Ключ да разумення – у маёй пасадзе. Падчас навучання не раз паўтаралася, што ў людзей асаблівыя спадзяванні наконт чалавека на пасадзе пасла, аж да стылю яго адзення. Прыехаўшы ў Беларусь, я даведаўся: беларусы чакалі, што я буду апрануты ў добры касцюм. Як я сказаў слухачам, я прадстаўляю краіну з насельніцтвам 63 млн чалавек з аб’ёмам эканомікі ў 2,5 трыльёна даляраў ЗША і павінен выглядаць адпаведна.

Але ўва мне моцны і дух супярэчнасці: я люблю не адпавядаць спадзяванням. Таму я вырашыў, раз ужо мяне запрасілі выступіць з такой прамовай, што апрануся не так, як бы я апрануўся на афіцыйную сустрэчу, а быццам бы збіраўся на нефармальную лекцыю.

Такім чынам: не касцюм і гальштук, а кашуля ў палоску (такія я звычайна надзяваю на працу) і пінжак (я ведаў, што мяне будуць фатаграфаваць). Таксама штаны ў стылі «кэжуал», якія да таго ж былі не зусім чыстымі, бо я неспадзявана запэцкаў іх у той дзень за абедам. Зручныя макасіны – звычка, якую я набыў у Італіі – замест традыцыйных брытанскіх чорных скураных туфляў, якія я звычайна нашу. І ніякіх шкарпэтак (справа была ў жніўні)!

presentation

Ніколі нельга быць упэўненым у тым, як адрэагуе на цябе незнаёмая аўдыторыя. Як я і спадзяваўся, слухачоў заінтрыгаваў мой выгляд. Яны ветліва пагадзіліся, што я быў ​​апрануты не зусім так, як яны чакалі. Гэта і падвяло нас да асноўнай думкі выступу: калі хочаш зрабіць ўражанне на патэнцыйных дзелавых партнёраў, думай пра сябе як пра пасля сваёй справы і апранайся адпаведна.

Праца са слухачамі

Жарты і хітрыкі – гэта, вядома, добра, але ёсць небяспека, што аўдыторыя запомніць толькі іх. На самай справе апранацца як пасол – не галоўнае. Вядома, важна добра выглядаць, каб зрабіць патрэбнае першае ўражанне. Але я хацеў, каб слухачы зразумелі, як важна думаць пра тое, чаго яны хочуць дамагчыся.

Я чытаў пра такі феномен, як «тонкі зрэз» – “thin slicing” – навуковае абгрунтаванне першых уражанняў. І добрае адзенне – гэта толькі частка таго, з чаго складаецца ўражанне. Як прыклад я паказаў фота нядбайна апранутых знакамітых прадпрымальнікаў у галіне IT і людзей, апранутых з іголачкі, але не гатовых весці з вамі справы.

Распавядаў я і пра сапраўднасць (аўтэнтычнасць), і пра тое, як цяжка мне было зразумець, як гэтае паняцце суадносіцца з маёй дзейнасцю. Таму я падзяліўся парай ідэй аб сваім разуменні сапраўднасці. Для гэтага я выкарыстаў алітэрацыю – паўтарэнне гукаў, – што дапамагае лепш запомніць думку.

lady

Я не ўпэўнены, што правільнае азначэнне сапраўднасці ўключае ў сябе паняцці ўпэўненасці (confidence), зручнасці (comfort) і пераканаўчасці (credibility). Але менавіта яны сустракаюцца ў тэкстах аб тым, як правільна рабіць прэзентацыі. Я ведаю, што зручнае  адзенне спрыяе пачуццю ўпэўненасці і пераканаўчасці – вядома ж, як і выдатнае веданне сваёй справы, выразнае разуменне таго, чаго ты хочаш дасягнуць, і гэтак далей.

Жаданне большага

Завяршыў я выступ думкай аб тым, што падчас дасягнення сваіх мэтаў неабходна знайсці раўнавагу паміж жаданнем апрануцца з іголачкі, каб зрабіць уражанне, і захаваннем сваёй сапраўднасці. На шчасце, слухачы засталіся пад уражаннем і задалі шмат пытанняў пасля выступу. Да таго ж я не тлумачыў падрабязна, што ж значыць «добра апранацца».

А кропку ў лекцыі я паставіў пытаннем «Ці можна навучыць упэўненасці?» Сам я лічу, што нельга, пра што і паведаміў аўдыторыі. Мне падалося, яны засталіся задаволеныя такім адказам. Але я да гэтага часу думаю над гэтым пытаннем.

Рыхтуючыся да прэзентацыі, я прачытаў наступнае выказванне адной вельмі паспяховай бізнэс-лэдзі на сайце ВВС:

«Як і большасць людзей, я хацела б стаць лепшым прафесіяналам, дамагчыся славы, зарабіць кучу грошай і застацца вернай самой сабе».

Дакладна такія ж мэты я ставіў перад сабой, калі быў маладзейшы (ды і цяпер некаторыя з іх актуальныя). Але нашмат прасцей рабіць прэзентацыі, чым ажыццяўляць ідэі. Я спадзяюся, што мяне зноў запросяць выступіць, таму што з тых часоў я шмат думаю пра тое, як апранаюся і выглядаю і якое ўражанне раблю.

 

Гэта каментар да прэзентацыі ў бізнес-клубе Imaguru 23 жніўня 2014 года.