Героі гэтага тэксту — беларусы, якія нарадзіліся ў іншай краіне ці пераехалі яшчэ ў дзяцінстве. Адных выхоўвалі беларусамі, а іншыя зацікавіліся беларускай культурай ужо дарослымі.
Ілюстрацыя: Ніка Кузняцова / Медыязона
«Медыязона» распавяла пяць гісторый пра жыццё ў іншай краіне, успаміны, дом і самаідэнтыфікацыю.
Беларускія песні і стажыроўка на «Радыё Свабода». Вольга з ЗША
Вольга Казак-Анлар нарадзілася ў сям’і музыкаў — заслужанай артысткі Беларусі Валянціны Пархоменка і саліста радыё- і тэлебачання Алеся Казака. Дзяўчынка з дзяцінства выступала разам з бацькамі: грала на цымбалах і спявала. У 1990 годзе — Вользе тады было 10 — уся сям’я разам з ансамблем паехала гастраляваць у ЗША.
У Амерыцы сям’я сустрэла доктара з Беларусі, які дамовіўся, каб дзяўчынку паглядзелі дактары ў Нью-Ёрку — у Вольгі быў скаліёз. Беларускія лекары прапаноўвалі «экстрэмальныя» метады лячэння — аддаць дзіця ў спецшколу, дзе «ты ляжыш, не ходзіш», сцвярджае жанчына.
— Дактары прапанавалі паназіраць мяне некалькі месяцаў і сказалі, што зробяць аперацыю бясплатна, калі яна спатрэбіцца. А гэта аперацыя, самі разумееце, каштуе сотні тысяч долараў.
Бацькі Вольгі напісалі на працу і растлумачылі сітуацыю, але іх назвалі «здраднікамі беларускага народа і Савецкага Саюза» і звольнілі, распавядае жанчына. Сям’я не ведала, што рабіць далей і ці можна ўвогуле вяртацца ў Беларусь.
— Маці вельмі плакала, для яе гэта было вельмі балюча. Бацькі любілі Беларусь і зараз любяць. Яны аддалі ўсё жыццё за яе: змагаліся за мову, культуру, песню. Яны ездзілі па ўсёй Беларусі, збіралі фальклор.
Сама Вольга хацела застацца ў ЗША. Там яна ўпершыню адчула свабоду і зразумела, што ў беларускай школе гаварылі няпраўду пра «дрэнных амерыканцаў, якія хочуць скінуць ядзерную бомбу».
Першыя гады жыцця ў Амерыцы былі складанымі. Сям’я прыехала з «парай валізак», у якіх былі касцюмы і беларускія інструменты. Але Вольга хутка адаптавалася да жыцця ў новай краіне: трапіла ў клас з амерыканцамі і за тры месяцы вывучыла мову.
У падлеткавым узросце Казак-Анлар хацела быць «як усе» і адмаўлялася гаварыць па-беларуску з бацькамі. Тыя прымушалі дачку чытаць і пісаць, каб не забываць родную мову.
— Тата мне сказаў: «Я не разумею. Калі табе штосьці трэба, ты павінна размаўляць са мной на беларускай мове». Бацькі казалі, што я вырасту і зразумею, чаму гэта так важна ведаць і захоўваць.
Пазней валоданне беларускай ёй сапраўды спатрэбілася — жанчына стажыравалася на «Радыё Свабода» ў Чэхіі. Там яна перакладала навіны з англійскай.
— Я напісала першы артыкул і прыйшла да галоўнага на радыё. Ён амаль усё падкрэсліў чырвонай ручкай. Мне засталося тры гадзіны да эфіру, а там столькі памылак! Думаю: «Божа мой, што я нарабіла? Навошта я ўзяла гэтую стажыроўку?» — смяецца Казак-Анлар.
Паступова памылак станавілася ўсё менш, а праца на радыё істотна дапамагла палепшыць мову. Вольга кажа, што яе сям’я заўсёды трымалася блізка да беларускай суполкі, шмат выступалі перад прадстаўнікамі іншых нацый і пашыралі беларускую культуру.
Жанчына лічыць сябе «беларускай амерыканкай». Яна адзначае, што вельмі любіць беларускую культуру, мову і песню ды спрабуе перадаць гэта сваім дзецям. Старэйшая дачка разумее беларускую мову, а малодшы нават на ёй размаўляе.
— Я ў дзяцінстве сустрэла ўкраінку, якая казала: «Треба ходити з гордо піднятою головою, якщо ти українець». Мы таксама павінны хадзіць з горда паднятай галавой, таму што мы беларусы, — кажа Вольга.
У Беларусі Вольга не была ўжо 30 гадоў, але дагэтуль добра памятае вуліцу Сурганава ў Мінску і ведае нумар тэлефону сям’і. Успаміны пра Беларусь, асабліва пра вёскі бабуль і дзядуль, вельмі цёплыя, кажа яна.
— Я шмат часу праводзіла ў Брэсцкай вобласці. Памятаю, як хата выглядала і пахі, калі смажаць сала ці бабуля штосьці пячэ.
Вольга часта наведвала бабулю ў Гомельскай вобласці, пакуль не адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Бабуля памерла ад анкалогіі менш чым праз год.
Усе гады эміграцыі іх сям’я сачыла за падзеямі ў Беларусі. На CNN, жартуе жанчына, Беларусь паказваюць толькі тады, калі адбываецца нешта дрэннае.
— Мне хацелася б, каб у Беларусі ўсё наладзілася. Каб усе былі шчаслівымі, здаровымі і ганарыліся, што яны беларусы. Каб Беларусь была дэмакратычнай краінай і беларусы не хацелі быць кімсьці іншымі.
Ілюстрацыя: Ніка Кузняцова / Медыязона
Мары вярнуцца ў Беларусь і бульба замест рысу з фасоляй. Галіна з Бразіліі
32-гадовая Галіна — таксама з сям’і музыкаў. У Бразіліі яна апынулася ў 1998 годзе — тата пачаў працаваць там у аркестры і паклікаў жонку з дачкой да сябе.
Партугальскай мовы дзяўчынка не ведала і перад школай наведвала падрыхтоўчы клас.
Некаторыя рэчы ў Бразіліі здаваліся Галіне дзіўнымі: напрыклад, карнавал з адкрытымі ўборамі і любоў бразільцаў да дзяцей — яны спакойна могуць падысці паціскаць нават незнаёмых. Дома з бацькамі Галіна заўсёды размаўляла на рускай мове, а праз некалькі год пасля пераезду пачала саромецца, калі маці звярталася да яе па-руску ў грамадскіх месцах.
— Я ёй кажу: «Мама, давай на вуліцы стасавацца па-партугальску, людзі на нас глядзяць». І мама кажа: «А чаго саромецца? Ты не бразільянка, ты беларуска». З мамай аўтаматычна пераходжу на рускую, яна прывучыла, — распавядае Галіна.
Амаль 10 гадоў яна сумяшчае працу скрыпачкі ў аркестры з выкладаннем рускай мовы бразільцам. Першы занятак адбыўся выпадкова — папрасіла замяніць знаёмая. Галіне нечакана спадабалася, і яна вырашыла працягваць вучыць рускую мову сама і выкладаць яе іншым.
Беларускую мову жанчына не ведае, але чула беларускія словы ад бабулі, што жывё ў вёсцы. З ёй Галіна спрабавала размаўляць «з беларускім акцэнтам».
— Бабуля тады такая: «О, усё разумееш». Я кажу: «Не разумею, але стараюся».
Ёй заўсёды падабалася прыязджаць у Беларусь, бадай адзінае, што выклікала непрыемныя ўражанні, — няветлівыя супрацоўнікі ў крамах.
Да 19 гадоў яна марыла пераехаць у Беларусь, а потым паступіла ў бразільскі ўніверсітэт, знайшла сяброў і «змірылася» з лёсам. Апошні раз жанчына была на радзіме ў 2014 годзе, а зараз знайсці квіткі на самалёт амаль немагчыма. Галіна спадзяецца, што хутка зможа наведаць Беларусь разам з сынам і дачкой.
Жанчына распавядае, што з Беларусі яе сям’я захавала некаторыя звычкі: не хадзіць дома ў абутку, прысесці «на дарожку» — да гэтага яна прывучае і дзяцей. Сям’я адзначае праваслаўны Вялікдзень і Раство, святкуе Новы год, гатуе салат з крабавых палачак і халадзец.
— Мама дагэтуль толькі бульбу можа есці, а ў Бразіліі звычайна ядуць рыс з фасоляй.
Галіна лічыць сябе напалову беларускай і напалову бразільянкай. Яна адчувае, што адрозніваецца ад звычайных бразільцаў і беларусаў.
— Я ў Бразіліі вырасала, правяла большую частку свайго жыцця. Але я заўсёды ўспамінаю Беларусь, памятаю вакзал і ў мяне на ўсіх вокладках — на тэлефоне, на камп’ютары — дагэтуль ёсць Беларусь..
«Жыве Беларусь» і беларуская з перакладчыкам. Вольга з Канады
Бацькі прывезлі Вольгу ў Канаду ў 2000 годзе, тады дзяўчыне было 15. Пераязджаць яна не хацела, але пасля рэферэндуму ў 1996 годзе мама і тата Вольгі вырашылі, што так будзе лепей.
Адаптацыя была нялёгкай — на непажаданую эміграцыю наклаўся пераходны ўзрост, і Вольга замкнулася ў сабе: не хацела хадзіць у школу і займацца баскетболам, які падабаўся раней. Пазней паводле парады выкладчыцы дзяўчына вярнулася ў спорт, пачала стасавацца з канадскімі дзецьмі і патроху прывыкла да новай краіны.
Наступным разам яна трапіла ў Беларусь у 19 гадоў і зразумела, што сваім домам ужо лічыць Канаду. «Думаю, справа ва ўзроўні жыцця. Напэўна, самае галоўнае — гэта перспектывы. Я бачыла іх болей у Канадзе», — тлумачыць Вольга.
Вяртаючыся ў Беларусь, Вольга заўважала, што яе знаёмыя і сябры пачалі размаўляць па-беларуску і цікавіцца культурай. Сама дзяўчына ў той час не задумвалася пра сваю ідэнтычнасць.
— У мяне тата размаўляе па беларуску. Гэта было ў сям’і ўвесь час. Тата ўзяў з сабой наш сцяг, калі мы прыехалі. Мае бацькі ўвесь час глядзелі навіны. Мы святкавалі беларускія святы, наш Вялікдзень. Бацькі ўвесь час спрабавалі нейкія traditions пакінуць.
У 2020 годзе беларусы Канады выходзілі на акцыі салідарнасці з пратэстоўцамі. Вольга пазнаёмілася з некаторымі і пачала займацца сацсеткамі і мерапрыемствамі беларускай суполкі.
— Спрабую сабраць нашых беларусаў тут, бо мы, як я заўважыла, распускаемся ў іншых суполках — людзі больш (адносяць сябе) да расійскага боку ці да ўкраінцаў.
Зараз жанчына актыўна вывучае мову: слухае падкасты, музыку, чытае навіны і размаўляе па-беларуску. Пакуль, прызнаецца яна, даводзіцца карыстацца гугл-перакладчыкам для праверкі. Дзеці Вольгі называюць беларускую мову «Жыве Беларусь».
— Часта чулі гэта на (беларускіх) мерапрыемствах. У мяне ёсць пара беларускіх дзіцячых кніжачак. Мы чытаем перыядычна, калі яны нешта не разумеюць, то перакладаю на ангельскую. Не ведаю, ці будуць яны адчуваць сябе беларусамі, але бэкграунд у іх будзе.
Сама жанчына лічыць сябе на 50% беларускай і яшчэ на 50% — канадкай.
— Я не адчуваю сябе аўтсайдэрам. Мне вельмі зручна ў Канадзе жыць. Але калі ў мяне людзі пыталі, адкуль я, я заўжды казала, што я з Беларусі і што не, we’re not a part of Russia. Так, я размаўляю на рускай, але гэта complicated.
Беларусы ў Сібіры і незвычайная гаворка. Кацярына з Расіі
Кацярына ад нараджэння жыве на Іркуччыне. Яе продкі апынуліся ў Сібіры яшчэ ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя — згодна з сямейнай легендай, прыехалі па лепшую долю.
— Я — гэта чацвёртае пакаленне перасяленцаў. Дваццаць гадоў я назіраю за сваімі сваякамі, і яны ўжо гучней кажуць, што маюць беларускія карані.
Яна дадае, што «беларускасць» у сям’і захавалася толькі дзякуючы таму, што бабуля з дзядулем жылі ў вёсцы, а вёскі беларусаў-перасяленцаў у Сібіры мала адрозніваюцца ад вёсак у самой Беларусі.
Вольга і яе сястра разам былі ў бабулі з дзядулем на канікулах, слухалі іх аповеды і спявалі беларускія песні. Маці жанчыны — музыка па адукацыі — займалася беларускімі народнымі спевамі і адкрыла гурток у школе, куды хадзілі і Вольга з сястрой. Яны пасябравалі з суполкай беларусаў і зацікавіліся культурнай спадчынай.
— Я 20 гадоў займаюся беларускай культурай, беларускай грамадскай дзейнасцю. Я прыйшла з фальклору, з песні. Потым пачала вывучаць беларускія строі, бо былі патрэбныя касцюмы. У музеях заўсёды наведвала этнаграфічныя аддзелы, калі прыязджала ў Беларусь.
За гэты час жанчына вывучыла беларускую — не па кніжках, а ў размовах з іншымі беларусамі. Беларускія словы Вольга чула з дзяцінства, але не ведала, што яны не з рускай мовы — думала, што бабуля дзіўна размаўляе.
— Людзі заўважалі, што ў мяне ёсць нейкі акцэнт. Я размаўляла то па-руску, то па-беларуску.
Яна часта наведвае сяброў у Беларусі — апошні раз прыязджала ў студзені мінулага года. Жанчына адначае, што культурнае жыццё ў Беларусі заўсёды віравала — кожны дзень Вольга наведвала спектаклі, канцэрты, выставы і імпрэзы, але пасля 2020 года гэта змянілася.
Вольга актыўна сачыла за навінамі пасля жнівеньскіх пратэстаў, але зараз навіны не чытае — толькі калі штосьці гучыць з «кожнага праса».
— Я нават не паверыла, калі ў 2020 годзе людзі выйшлі. Можа гэта павінна было адбыцца, каб беларусы пачалі адчуваць сябе беларусамі. Бывае, так разважаеш. Я сябе лічу беларускай, паўсюль кажу пра гэта.
Ілюстрацыя: Ніка Кузняцова / Медыязона
Польскі лялькавод з дыпломам і Tinder па-беларуску. Павел з Беластоку
Акцёр і рэжысёр-лялькавод Павел Станкевіч нарадзіўся ў Беластоку, ягоныя бацькі таксама з Падляшша. Станкевіч кажа, што часта сутыкаецца з непаразуменнем, калі называе сябе беларусам, прычым пытанні ўзнікаюць і з беларускага, і з польскага бакоў.
— Беларусы з Беларусі мяне пытаюць, чаму я сябе так называю: «Ты ж у Польшчы жывеш, ты нарадзіўся тут, значыць, ты паляк». Я тады пытаюся: «А што, ў Гародні палякаў няма?»
Падрыхтаваны адказ ёсць і для палякаў. «Адзін з маіх братоў мае жарт, якім я карыстаюся, калі які-небудзь польскі нацыст у мяне жорстка так пытаецца, калі я прыехаў са сваёй Беларусі. Я тады кажу: «Выбачай, я прынамсі 400 гадоў таму, а ты?»» — распавядае ён.
Летам 2020 года Павел прыехаў у Мінск. Ён шукаў дзяўчат у Tinder і «прымушаў размаўляць па-беларуску». Станкевіч кажа, што на той час добра разумеў беларускую мову, але актыўна ёй не карыстаўся.
— Мясцовыя беларусы маюць сваю беларушчыну ў такой велізарнай пашане, што калі ты не размаўляеш па-беларуску, то ты проста крыху «не наш». Ты быццам павінен умець сам па сабе, як мне здавалася. Я шмат гадоў прасіў бацьку дапамагчы мне навучыцца мове. Кажу адзін сказ, у ім адразу (заўважаюць) дзесяць памылак. Я сказаў: «Выбачай, пайдзі ты лесам, я не змагу такім чынам нічому вывучыцца», — распавядае ён.
Большую частку сваёй летняй паездкі ў Беларусь Павел правеў у вёсцы Юравічы. Там ён упершыню цэлы вечар размаўляў па-беларуску, але мясцовыя зразумелі, што Станкевіч «не адсюль» і нават баяліся прадаваць яму яйкі з падворка, згадвае ён.
Павел паехаў з Беларусі перад выбарамі, бо скончылася віза. З дня выбараў Павел не мог адарвацца ад навінаў і разам з паплечнікамі думаў, як падтрымаць беларусаў. Яны хутка скончылі справы з фондам «Тутака», арганізавалі канцэрт салідарнасці з беларусамі і дагэтуль працуюць над развіццём беларускай культуры — і традыцыйнай, і сучаснай. Бурлівая дзейнасць дапамагла Паўлу вывучыць беларускую мову — размаўляць па-беларуску даводзілася штодзённа.
Чытайце яшчэ:
Фонд «Tutaka»: Рыхтуем прарыўны год для беларускай культуры на Падляшшы
Станкевіч падкрэслівае, што мог бы займацца культурніцкай дзейнасцю і ў Варшаве, дзе жыў працяглы час, але беларуская культура лепш развіваецца на натуральным падмурку, на Падляшшы. На яго думку, там можна быць карысным не толькі для беларусаў з Беларусі, але і для беларусаў з Польшчы.
— Мне здаецца, што ў нас падобныя праблемы. Канечне, у Беларусі культуру знішчае перадусім вусаты. Але паняцце сораму за сваю нацыю, праблемы з мовай ёсць і там, і там. Тут людзі таксама сядзяць шчаслівыя, што ёсць чарка-шкварка, і не разумеюць, што з такім падыходам праз пакаленне нас ужо не будзе. А калі нас тут не будзе і ў Беларусі не пашанцуе, то што тады?