Склалі для вас машрут працягласцю каля 40 кіламетраў па сядзібах Аршанскага раёна: тут пабачым шыкоўную неагатычную рэзідэнцыю Любамірскіх ХІХ стагоддзя, сціплую драўляную сядзібу Васілеўскіх, колішні палац Лубенскіх, які сёння служыць часткова праваслаўным храмам, часткова крамай, ды шмат іншых цікавостак.
Юрцава, сядзіба Любамірскіх. Фота: planetabelarus.by
Сядзіба Васілеўскіх, Пішчалава
Пачнем з самага сціплага будынка нашай вандроўкі, драўлянай сядзібы ХІХ стагоддзя, якая належала роду Васілеўскіх. Сёння будынак знаходзіцца ў вёсцы Пішчалава, але ўзводзіўся ён як частка сядзібна-паркавага ансамбля маёнтка Гародня.
Першыя вядомыя сёння звесткі пра Гародню паходзяць з 1844 года, калі Ігнат Васілеўскі, маршалак шляхты Копыскага павета, атрымаў ад бацькоў Гародню і бліжэйшыя хутары. Наступным спадчыннікам маёнтка быў сын Ігната Васілеўскага Казімір, пасля ягоная сястра Клемянціна Храстоўская. Апошнім гаспадаром у Гародні быў яе сын Казімір Храстоўскі, а потым прыйшла савецкая ўлада...
Сядзіба Васілеўскіх, Гародня. Малюнак Напалеона Орды
Як першапачаткова выглядаў мясцовы сядзібна-паркавы ансамбль, можам пабачыць на малюнку Напалеона Орды. На ім ацалелая да сёння сядзіба знаходзіцца на другім плане злева. У Напалеона Орды яна была пазначана як «аднапавярховы жылы будынак з калонным ганкам». Верагодней за ўсе, гэта адна з дзвюх меншых сядзібаў у стылі класіцызм, дзе жылі служкі маёнтка. Побач знаходзіліся 2 лядоўні і флігель.
Рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля Васілеўскіх у Пішчалава. Фота: racyja.com
Асноўны будынак сядзібна-паркавага ансамбля, узведзены ў 1852 годзе Ігнатам Васілеўскім, да нашых дзён не ацалеў. Вядома, што палац меў шыкоўныя інтэр’еры, а сцены будынка былі распісаныя фрэскамі рукі вядомага мастака, аднога з найбуйнейшых прадстаўнікоў позняга акадэмізму Генрыха Семірадскага, стрыечнага брата жонкі Ігнацыя Васілеўскага, якая паходзіла з роду Цюндзявіцкіх. У бібліятэцы і архіве Васілеўскіх захоўвалася шмат каштоўных дакументаў, сярод якіх было апісанне знаходжання Напалеона 20 лістапада 1812 г. у маёнтку Гародня.
Рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля Васілеўскіх у Пішчалава. Фота: тэлеграм-канал vandrvm
Ацалелы сядзібны дом можна знайсці ў Пішчалава па сіметрычнай прысадзе ліпаў, якая вядзе да яго. Верагодна, яна засталася ад колішняга пейзажнага парка, якім быў аточаны маёнтак. Побач захаваліся рэшткі сажалак, якія жывіліся з найбліжэйшай крыніцы. Мясціны навокал вельмі маляўнічыя, вартыя таго, каб туды завітаць.
Рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля Васілеўскіх у Пішчалава. Фота: тэлеграм-канал vandrvm
Сядзіба Лубенскіх-Дзеражынскіх, Межава
Палацава-паркавы комплекс Лубенскіх-Дзеражынскіх знаходзіцца ў 8 км ад Пішчалава, у вёсцы Межава, на схілах лагчыны, утворанай ракой Скуп’я і крыніцай Варанец. Заклаў сядзібу апошні ўладальнік маёнтка Межава Леў Лубенскі ў ХІХ стагоддзі. Ён быў праўнукам мясцовага буйнога землеўласніка Францішка Ксаверыя Любамірскага, сынам Канстанціна Любамірскага, у гонар якога, верагодней за ўсё, першапачаткова і называўся мясцовы маёнтак Канстанцінава. Сядзібна-паркавы ансамбль складаўся з палаца ў стылі мадэрн, парку, бровара і гаспадарчых пабудоваў.
Сядзіба ў Межава з перабудаванага боку
Пейзажны парк пры сядзібе быў закладзены ўжо наступнымі гаспадарамі, Дзеражынскімі, у 1901 годзе на своеасаблівай паўвыспе, аточанай перакрытай дамбай Скуп’яй і ручаём. Парк і сёння лічыцца адным з самых прыгожых куточкаў Аршаншчыны ды з’яўляецца прыродным помнікам мясцовага значэння, які ахоўваецца дзяржавай. Яго варта наведаць, каб прайсціся сеткай старадаўніх паркавых сцежак, што захаваліся да сёння. З экзотаў тут можна сустрэць лістоўніцу еўрапейскую, піхту сібірскую, дугласію шэрую і іншыя хваёвыя дрэвы, якім ужо больш за сто гадоў.
Прысядзібны парк у Межаве
Сядзібны дом захаваўся да сёння, але ў вельмі змененым выглядзе. Пасля Другой сусветнай вайны ён быў перабудаваны і, асабліва з паркавага боку, атрымаў рысы, уласцівыя сталінскаму ампіру. Гэтая частка будынка сёння не выкарыстоўваецца, за савецкім часам там месціўся дом культуры. У іншай частцы колішняй сядзібы, з супрацьлеглага боку размясціўся праваслаўны прыход храма Серафіма Сароўскага, тут на святы збіраюцца вернікі ды адбываюцца набажэнствы. Цэнтральная частка будынка выкарыстоўваецца як памяшканні для крамаў. Наўрад ці недзе яшчэ можна пабачыць настолькі сюррэалістычны будынак, ужо дзеля гэтага сюды варта завітаць.
Сядзіба ў Межаве з боку крамы
З боку сядзібы, дзе месціцца храм, можна пабачыць цікавы аб’ект — каменны крыж, усталяваны адразу насупраць уваходу. Рэліквія была ўзнята ў 2005 годзе з рэчкі Адроў, што ля суседняй вёскі Пількавічы. Першапачаткова на крыжы быў бачны надпіс, які так ніхто і не здолеў расчытаць.
Існуе некалькі версій паходжання крыжа. Паводле першай, крыж быў надмагіллем жаўнера, які загінуў падчас Паўночнай вайны. Згодна з другой, гэта яшчэ больш старажытны памежны знак, які мог стаяць на межах земляў Друцкага і Віцебскага княстваў.
Сядзіба ў Межаве з боку царквы
Сядзіба Любамірскіх, Юрцава
У Юрцаве, за 6 кіламетраў ад Межава, захаваўся палацава-паркавы ансамбль, закладзены тагачасным гаспадаром маёнтка Кацішын (сёння ўсходняя частка вёскі Юрцава) Канстанцінам Любамірскім у 1846 годзе, а дабудаваны праз некалькі дзесяцігоддзяў.
Двухпавярховы неагатычна-эклектычны палац з дзвюма вежамі больш падобны да муроў сярэднявечнага замка на беразе ракі. Вакол сядзібы быў закладзены парк з вялікай сажалкай, на берагох якой месціўся вялікі гаспадарчы двор. Як яно выглядала, можна пабачыць на карціне Напалеона Орды, які гасцяваў тут у 1877 годзе.
Сядзіба Любамірскіх, Юрцава
Пасля спачыну Канстанціна Любамірскага маёнтак атрымала ў спадчыну ягоная дачка Ядвіга, якая пабралася шлюбам з Адамам Грабоўскім. Апошняй гаспадыняй тут была іх дачка Марыя, жонка Гераніма Друцкага-Любецкага. Пры Саветах у палацы месцілася жаночая вязніца, а з 1953 года у ёй быў адчынены першы ў БССР супрацьсухотны шпіталь для інвалідаў — стацыянар доўгі час месціўся акурат у палацы і флігелях. Пасля будынкі былі аддадзены пад патрэбы абласнога шпіталя для ветэранаў Другой сусветнай вайны.
Сядзіба Любамірскіх, Юрцава
У 2020 годзе колішні палац быў істотна адрамантаваны і ў ім размясціўся новы лекавы корпус шпіталя. Да сёння побач з сядзібай захавалася некалькі гаспадарчых пабудоваў, але ў моцна пераробленым выглядзе. Большасць з іх была знесена ў 2014 годзе.
Сядзіба Любамірскіх, Юрцава, рэшткі гаспадарчых пабудоваў
Сядзіба Макрыцкіх, Высокае
Далей наведаем колішнія ўладанні Любамірскіх, сёння вёску Высокае. Пасля Любамірскіх тут гаспадарылі Мазарапіі, Рыкеры, а на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў Высокае атрымаў ва ўласнасць род Макрыцкіх. Новымі гаспадарамі тут быў закладзены велічны сядзібна-паркавы ансамбль у стылі неакласіцызм, які часткова можам пабачыць у Высокім і сёння.
Сядзіба Макрыцкіх, Высокае. Фота: planetabelarus.by
Архітэктурны комплекс складаўся з сядзібнага дома, двух флігеляў, гаспадарчых пабудоваў і ўзведзенай у 1912 годзе афіцыны. Навокал быў закладзены пейзажны парк з сажалкай. Сам палац да нашых дзён захаваўся ў вельмі занядбаным стане: драўляная частка яго згарэла, каменная паступова разбураецца. Толькі адзін з флігеляў цалкам ацалеў, адрамантаваны ды знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.
Сядзіба Макрыцкіх, Высокае. Адноўлены флігель. Фота: horki.info
Захаваўся і пейзажны парк, які мае сёння статус помніка прыроды. Яшчэ Макрыцкія на пачатку ХХ стагоддзя прывезлі сюды з розных краінаў шмат розных відаў дрэваў і хмызоў, многія з іх захавалася і да нашага часу. Калі выгляд руінаў не асабліва ўражвае, то хаця б дзеля таго, каб пабачыць стогадовых экзотаў мясцовага парку, варта наведаць Высокае.
Сядзіба Любамірскіх, Берасценава
Сядзіба Любамірскіх у Берасценава ўзведзена ў стылі класіцызм у пачатку ХІХ стагоддзя. На сёння ад яе засталіся рэшткі будынка самой сядзібы, частка флігеля, некалькі гаспадарчых пабудоваў і пейзажны парк. У здзічэлым парку да сёння сустракаюцца грабы, старыя дубы ды шмат розных гатункаў бэзу, якія ўвесну ратуюць наваколле ад змрочнасці ды запусцення.
Сядзіба Любамірскіх, Берасценава. Фота: racyja.com
Першапачаткова мясцовы маёнтак, як і шмат суседніх, належаў Канстанціну Любамірскаму. Пасля ягонай смерці, у 1872 годзе, перайшоў да жонкі Канстанціна Кацярыны з Талстых. На пачатку ХХ стагоддзя маёнтак Берасценава належаў лютэраніну Альфрэду фон Валю, брату былога віцебскага губернатара. Вядома, што ў гаспадарцы маёнтка было некалькі прадпрыемстваў: косткадрабільны і клееварачны заводы і завод па сухой перагонцы драўніны. Яшчэ пры маёнтку існавала цэлых 3 карчмы.
Сядзіба Любамірскіх, Берасценава. Флігель. Фота: racyja.com
За савецкім часам у сценах сядзібы месціўся інтэрнат для псіхічна хворых. Побач, на беразе Дняпра, можна заўважыць шэраг безыменных магілаў насельнікаў тутэйшай установы, што дадае змрочнасці навакольным краявідам. Зараз сядзіба закінутая і імкліва занепадае, таму варта паспяшацца сюды, пакуль яшчэ ёсць, што пабачыць.
Сядзіба Любамірскіх, Берасценава. Фота: wikipedia.org
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Вандруем па нетурыстычных мясцінах: 5 нагодаў наведаць Карму
7 маляўнічых месцаў для пікнікоў па ўсёй Беларусі