11 сакавіка ва “Універсітэце Залатога Веку” ў Гародні прайшла імпрэза, прысвечаная 500-гадоваму юбілею беларускага кнігадруку і сучасным перакладам замежнай класікі на беларускую мову. У імпрэзе ўзялі ўдзел перакладчыкі Ганна Янкута і Ігар Крэбс, а паслухаць пра пераклады прыйшлі валанцёры і выкладчыкі Універсітэта. Імпрэза пачалася з таго, што перакладчыкі расказалі пра святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадруку, і такі пачатак быў цалкам лагічны: усе сучасныя кніжныя выданні і серыі — гэта спадкаемцы скарынаўскіх першадрукаў.
Пасля перакладчыкі расказалі пра інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет” і пра серыю кніг, якую часопіс выдае сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Ганна Янкута спынілася на складанасцях перакладу з ангельскай мовы і расказала пра тое, як каманда часопіса працавала над кнігай “Нататкі пра Шэрлака Холмса” Дойла. Яна растлумачыла, чаму важна перакладаць на беларускую мову кнігі, якія ўжо даўно перакладзеныя на рускую мову, і пра тое, чым беларускія пераклады могуць быць цікавейшымі за рускія. Потым яна апавяла пра нечаканыя адкрыцці, якія часам робіць перакладчык: напрыклад, пра тое, што насамрэч такога каменя, як блакітны карбункул, апісанага ў гісторыях пра Шэрлака Холмса, насамрэч не існуе, і што змеі паводзяць сябе зусім не так, як напісаў Дойл у апавяданні “Стракатая стужка”. Потым Ігар Крэбс расказаў пра асаблівасці перакладу на беларускую мову “Прыгод барона Мюнхгаўзэна” і пра тыя падводныя камяні, з якімі яму давялося сутыкнуцца, і прачытаў фрагмент пра барона Мюнхгаўзэна і генерала, якому чэрапна-мазгавая траўма дапамагла дасягнуць вышынь у мастацтве распівання алкагольных напояў. Лекцыйная частка імпрэзы скончылася аповедам Ганны Янкуты пра тое, чаму ў беларускім перакладзе Мэры Шэлі звыклы ўсім Франкенштэйн ператварыўся ў Франкенштайна.
Потым Ганна Янкута і Ігар Крэбс прадставілі свае пераклады з серыі “Паэты планеты” і пачыталі па-беларуску вершы Ўільяма Шэкспіра, Генрыха Гайнэ, Джона Кітса, Эдгара По. Пасля паэтычных чытанняў яны зладзілі для гасцей імпрэзы перакладчыцкі конкурс: усе прысутныя атрымалі раздрукоўкі, у якіх трэба было выбраць з прапанаваных варыянтаў правільныя значэнні для беларускіх слоў, узятых са слоўніка безэквівалентнай лексікі. Пераможца конкурсу атрымала прыз ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” — торбу “500-годнасць” і часопіс “Дзеяслоў”.
Пасля гэтага разгарэлася дыскусія пра пераклады на беларускую мову. Госці імпрэзы распытвалі, як можна далучыцца да перакладчыцкай справы, задавалі пытанні пра кнігі. Ганна Янкута і Ігар Крэбс запрасілі ўсіх прысутных, зацікаўленых у перакладзе, прыязджаць на заняткі Перакладчыцкай майстэрні і супрацоўнічаць з часопісам “ПрайдзіСвет”.