21 красавіка з удзелам сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў Ларысы Раманавай і Валянціны Восіпавай адбылася творчая сустрэча са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога. Вялася размова аб вялікай спадчыне – кнігах, надрукаваных Францыскам Скарынам, якая дагэтуль вучыць і здзіўляе суайчыннікаў, і, вядома, аб слаўным для Беларусі юбілеі – 500-годдзі беларускага кнігадрукавання.
Прысутныя змаглі ўбачыць часопіс “Дзеяслоў” №1 (86) , у першай рубрыцы якога – пачатак артыкула Ірыны Дубянецкай “Кніга роду. Новая беларуская Біблія” і асобныя тэксты Францыска Скарыны, пераствораныя са старабеларускай мовы Алесем Разанавым (з кнігі вершаў “Маем найбольшае самі”). Студэнты з цікавасцю аднесліся да паведамлення, агучанага ў артыкуле Ірынай Дубянецкай, “…аб надзеі ў 2017 годзе ўшанаваць 500-годдзе Скарынавага подзвігу выданнем першага плёну гэтай супольнай працы. Плануецца выдаць чатыры першыя раздзелы Кнігі Роду – не толькі найпрыгажэйшыя і найскладанейшыя для перакладчыка ўзоры старазапаветнай прозы, але й самыя вядомыя і пазнавальныя біблійныя сюжэты пра стварэнне свету, пра чалавека і жанчыну ў садзе і іх выгнанне з саду, і пра Каіна, які забіў свайго брата, а таксама Песню Песняў, якая ёсць выдатным узорам гебрайскай паэзіі і ўлюбёным тэкстам многіх, і Евангелле паводле Яна”.
Валянціна Восіпава, Ларыса Раманава чыталі ўласныя вершы – даўнія і новыя, распавядалі аб сваіх кнігах.
Бібліятэкары ўніверсітэта прадэманстравалі фільм аб сучасных тэхналогіях кнігадрукавання, наладзілі паказ кніг, выданняў, прысвечаных жыццю і дзейнасці Францыска Скарыны.
28 красавіка творчая сустрэча з удзелам Ларысы Раманавай, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, адбылася ў дашкольным Цэнтры развіцця дзіцяці г. Веткі.
“Поле белае, насенне чорнае. Хто яго сее, той усё разумее”,- з гэтай ды іншых загадах пачалося знаёмства хлопчыкаў і дзяўчынак з факсімільным выданнем “Кнігі быцця” (т. 1) – адной з шэрагу кніг факсімільнага ўзнаўлення “Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны,” выдадзенай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў Мінску ў 2013 годзе.
Дзеці даведаліся пра лёс і дзейнасць знакамітага беларускага першадрукара.
Пасля прачытання знакамітых радкоў Францыска Скарыны “Звяры, якія ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае…” Ларыса Раманава разважала з дзецьмі пра тое, чаму “пчолы ды ім падобныя бароняць вуллі свае”. Распавяла пры гэтым пра даўнія беларускія традыцыйныя ўяўленні, звязаныя з пчоламі, працу пчаляра, прызначэнне пчалярскіх інструментаў.
Студэнты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога, выхаванцы дашкольнага Цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі атрымалі ў падарунак прыгожыя паштоўкі, сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой ладзіліся сустрэчы, а найперш – веды пра жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны, пра сваю зямлю і, вядома, цудоўны творчы настрой.