Вось кажуць здаўна: заблудзіўся ў трох хвоях. Але можна паблукаць і па дарогах трох паэтаў. Прынамсі, край бярозаўскі ўскалыхаў на сваіх плячах непаўторнае слова Раісы Баравіковай, Ніны Мацяш і нечаканую вершаваную мудроту Алеся Разанава. І землякі ганарацца тым, што менавіта з гэтай зямлі ў вялікі сьвет пайшлі, узбагачаючы літаратуру, як выслаўляліся колісь даўней, трох паэтаў.
Прынамсі, выступоўцы на гонар нашай 500-годнасці Антаніна Хатэнка і Алесь Камоцкі, што завіталі 15-га траўня ў раённы гарадок, і дагэтуль ахоўваны помнымі мурамі старажытнага кляштару, пераканаліся: тут усё сваё берагуць, шануюць і даглядаюць.
Падчас мастацкіх сустрэч у першай, другой і трэцяй школах Бярозы гаворка якраз і вялася са спадкаемцамі літаратурных здабыткаў гэтых палесскіх мясцін пра ўмельства красамовіць, што бярэ пачатак у далёкай збытнасці, а жывіць душы людскія нязменна.
Бо час праміне-прамільгне, а напісанае, як вядома, застанецца. Застанецца, каб доўжылася й мацнела пераемнасць пакаленняў – творчая, майстэрская, ваярская, гаспадарчая. І цяперашнія школьнікі, слухаючы песні, вершы, роздумы сталічных гасцей, лёгка і нязмушана самі падлучаліся да разваг пра мінуласць і будучынь, пра пошукі свайго месца і прызначэння ў жыцці.
Акурат жа творчы шлях усіх трох літаратараў, што паходзяць з гэтых мясцін, і пацвярджае старую, як свет, ісціну: зямля бацькоў сілкуе і вядзе, дараджвае і ратуе, надае веры і магуты жыць ды здзяйсняць тое, дзеля чаго ты тут і цяпер з’явіўся.
Школьнікі глыбакадумна гулялі ў гістарычна-філасофскую віктарыну, вышукваючы і фармулючы асабістыя адказы на складанае запытанне-запатрабаванне часу: як вярнуцца народу да народных вартасцяў, каб узняць нацыянальную годнасць. І высновы зрабілі надта ж прыдатныя кожнаму з нас – насельнікаў краіны Беларусь, простыя і абарончыя: навучыцца ізноў спяваць разам свае песні, пазнаваць-адкрываць радовішчы сваіх славы, гонару, волі і стваральніцтва.
Гэтак 500-годнасць кнігадруку каторы ўжо раз нагадала здалёк, з паўтысячагадовай даўніны, пра жыццядайную любоў-ласку да гнёздаў, вулляў і віроў сваіх.