Няма нічога ў свеце больш трывалага і больш паважнага за традыцыю. Традыцыя змацоўвае пакаленні розных эпох у жывыя звёнцы культуры. Традыцыя зводзіць адрознасці і адметнасці ў адну чуйную тканку памяці. Традыцыя жывіць і насычае бегкі час асаблівым сэнсам паяднання і паразумення, узводзячы мігатлівасць у спаконвечнасць.
Гэтак акурат і адбылося 18-га чэрвеня ў Ветцы, калі 500-годнасць беларускага кнігадруку абвясціла сваю прысутнасць у прасторы музею стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Хведара Шклярава. Традыцыя, што асталявалася тут ад самага заснавання гарадка і наўпрост доўжыцца й дасюль, нязважна на ўварванне ў людское жыццё чарнобыльскай разрухі і адсяленне шмат якіх вёсак, дзе была ўкарэнена непараўнальная ні з чым культура арнамэнтальнага ткацтва і вышывання, расхінула да 500-годнасці кнігадруку не толькі скарбы народнай творчасці, але й багатую калекцыю старадрукаў ды абразоў.
Так сышліся ў адно вякі. Вякі мудрасці і мужнасці, пошуку і стваральнасці. Так сімвалічна (а ў гэтым міфалагічна-мастацкім мікрасвеце якраз і валадарыць яго Вялікасць сімвал) спаткаліся першадрукар з Полацку Францыск Скарына і тыя нязнаныя рупліўцы, што натхнёна перапісвалі кніжкі ад рукі альбо паслядоўна засвойвалі тэхналогію друкавання. Каб людзям паспалітым навучанне даць і новыя далягляды адкрыць.
Далягляды й сапраўды разгортваліся ў чэрвеньскую нядзелю шырока і вольна. У перадкупальскую пару, калі ўсё жывое чуе надзвычайную касмічную злітнасць, трох выступоўцаў, завіталых у Ветку, – Таццяна Матафонава, Наталля Матыліцкая і Антаніна Хатэнка – спявалі, разважалі, спаміналі разам з наведнікамі музею пра самае стараладнае, неацэннае , што мае кожны народ, – слова. Бо толькі Слова – думнае, напісанае, праспяванае ці прашаптанае ў маленні – ператварае бязмоўную істоту ў чалавека, узвышае яго да стану адухаўлёнасці.
Вось і тут, вось і цяпер і магічныя купальскія спевы, уладаваныя Наталляй Матыліцкай і падхопленыя гасцямі музею, і задумныя рамансы, нібыта птахі, узляталыя з-пад гітарных струн Таццяны Матафонавай, і лірычныя вершы, чытаныя-прамаўляныя Антанінай Хатэнкай, і ўсе незлічоныя хароствы-мудроты, зберажоныя ў веткаўскім краі, знітаваліся ў хваласпеў той самай нягаснай Традыцыі, адзіназдольнай перадаваць праз адлегласці стагоддзяў магутны ток чалавечых пачуццяў і дум, чалавечага памкнення быць і застацца, пакінуць па сабе помны след і добры знак.
І не дзіва зусім, што з Веткі аблашчаныя гісторыяй, падмацаваныя жыццядайнай сілай сівых курганоў-валатовак над Бесядззю, слова і песня лёгка перамясціліся ў Гомель, у цяністы парк вакол палацу Румянцавых-Паскевічаў, у адным з будынкаў якога ўтульна месцяцца яшчэ некалькі філіяльных залаў Веткаўскага музею.
Не такая гэта мясціна–ахутаная традыцыяй Ветка, каб адпусціць падарожніка, не завёўшы ў таямніцы і загадкі незагаслай звычаёвай культуры палешукоў, шчыльна пераплеценай з абрадавай ніцінай прышлага сюды некалі даўно стараверніцтва. Таму і ў філіі Веткаўскага музею ў Гомелі зноў вялася заклапочаная гаворка пра ўмельства ўспадчыніць і захаваць, раскрыць і развіць народныя традыцыі на карыстанне нашчадкам. Музыка, спявак, даследнік народнай культуры, стваральнік некалькіх этнічных гуртоў (у тым ліку “Палац”, “Крыўя”, “Юр’я) Юры Выдронак не адно навучаў аўдыторыю аўтэнтычным спевам, але й апавядаў купальскія міфы. А фальклорныя творы старажытнасці, агучаныя Наталляй Матыліцкай, быццам паглыблялі дзень сучасны ў векавую даўніну. Пра повязь мінуласці і будучыні праз нас, хто жыве цяпер у сваёй Краіне, у сваім часе, пра значнасць справы Скарыны, што запачаткаваў выданне кнігі на мове люду тутэйшага, і класічнай літаратуры, якая ўздымае жыццё нацыі на новыя прыступкі цывілізацыі, гаварыла паэтка Антаніна Хатэнка. Ды йзноў гучалі напоўніцу песні і вершы.
А трэцяя сустрэча аднаго з самых даўгіх дзён лета адбылася ў моладзевым клубе “Каўчэг”. Сустрэча-дыскусія, сустрэча-спрэчка. Наезджыя госці і гамельчукі – дзяўчаты і хлопцы, што смакуюць роднае слова і родныя песні, абмяркоўвалі гістарычны лёс Беларусі, адлюстраваны ў народнай песні, у абрадавым календары, паводле якога й дагэтуль жывуць суайчыннікі, хоць шмат хто з іх нават пра нешта гэткае не задумляецца. Зноў выяўляла моц купальская песня. І спявалі яе ўсе супольна, захоплена й разняволена. Зноў чыталіся вершы. І клубаўцы прасілі іх чытаць усё болей і болей. Зноў усцешана прымалі гаспадары зямлі гомельскай дарункі ад кампаніі Будзьма – сабе дамоў і помнымі сувенірамі ў клуб.
А значкі 500-годнасці яшчэ раней, у парку, дзятва, прыкмеціўшы ў аднаго з маладзёнаў “Талакі”, расхапала, як пачастункі, ды папрышпіляла тут жа на грудзі. Ці даўно маленькія беларусы сталі так вясёла забаўляцца ў свае, адпаведныя з праўдай і доляй, гульні?! Скарына паўстае й насамрэч каралеўскім садоўнікам, якому ўдаецца й з па-зачасся ўзгадоўваць чуйныя, хоць пакуль і кволыя, парасткі самасвядомасці.