7 фільмаў пра падзенне рэжымаў і барацьбу з дыктатурай

Для тых, хто сумняецца ў непазбежнасці падзення рэжымаў і дыктатур, а таксама для тых, каму ўжо сёння карціць хоць адным вокам пабачыць, як гэта будзе адбывацца, Budzma.org зрабіў адмысловую падборку фільмаў.


1. «Бункер» (Der Untergang, 2004)

«Bunkier»

Жанр: гістарычная драма

Рэжысёр: Олівер Хіршбігель

Вясна 1945 года. На Берлін наступаюць войскі саюзнікаў. Горад паступова ператвараецца ў руіны. Нямецкая армія настолькі разгромлена, што зброю ў рукі бяруць нават дзеці.

У той жа час у бункеры засядае вярхушка СС на чале з Адольфам Гітлерам. Страціўшы сувязь з рэальнасцю, ён спадзяецца, што Берлін здолее выстаяць пад націскам Савецкай арміі. Акружэнне Гітлера разумее, што гэта канец. Хтосьці імкнецца перахапіць уладу, а хтосьці гатовы сустрэць смерць разам з дыктатарам.

«Бункер» — гэта гісторыя пра агонію нацысцкай Германіі перад яе канчатковым крахам. Фільм заснаваны на ўспамінах сакратаркі Адольфа Гітлера Траўдль Юнге.

2. «Смерць Сталіна» (The Death of Stalin, 2017)

«Smierć Stalina»

Жанр: чорная камедыя

Рэжысёр: Арманда Янучы

Адным халодным вясновым днём у прасторным кабінеце, аздобленым у стылі ампір, знаходзяць непрытомнага Іосіфа Сталіна. Напалоханае кіраўніцтва краіны збіраецца на нараду: ці сапраўды правадыр памірае? І што рабіць? Можа, выклікаць лекара? Але якога, калі амаль усіх добрых дактароў ужо рэпрэсавалі?

Пакуль галоўныя палітыкі краіны робяць выгляд глыбокай занепакоенасці станам правадыра, Сталін робіць апошні ўздых... і памірае. А далей пачынаецца самае цікавае — гонка за ўладу. У Сталіна засталіся двое дзяцей: сын-п’яніца і экзальтаваная дачка. Дапускаць іх да кіравання краінай ніхто не збіраецца. У гонку ўступаюць Хрушчоў, Жукаў, Малянкоў і Берыя.

«Смерць Сталіна» — чорная камедыя пра тое, што адбываецца пасля смерці дыктатара. Людзі, якія яшчэ ўчора кляліся яму ў вечнай адданасці, імгненна мяняюць свае погляды і пачынаюць бязлітасную барацьбу за ўладу.

3. «Гудбай, Ленін!» (Good Bye, Lenin!, 2003)

«Hudbaj, Lenin!»

Жанр: трагікамедыя, драма

Рэжысёр: Вольфганг Бекер

Уявіце, што вы ўпалі ў кому і прачнуліся ў зусім іншым свеце: мінулага палітычнага рэжыму больш няма, а дыктатура павалілася. Менавіта ў такой сітуацыі апынулася Крысціне Кернер — гераіня фільма «Гудбай, Ленін!». Яна ўпадае ў кому ва Усходнім Берліне і прачынаецца праз восем месяцаў. Рэклама Coca-Cola зіхаціць на сценах будынкаў, а велізарны бюст Леніна сумна праплывае над горадам, развітваючыся з сацыялістычным мінулым.

Але ёсць адна праблема. Дактары папярэджваюць дзяцей Крысціне, што яна можа не перажыць моцнага стрэсу. Таму яе сын Алекс вырашае не расказваць маці, што ГДР больш не існуе. Замест гэтага ён стварае для яе цэлы ілюзорны свет, у якім Усходняя Германія нібыта працягвае жыць. Але як доўга ўдасца хаваць праўду?

«Гудбай, Ленін!» — сумная і адначасова іранічная гісторыя пра падзенне Берлінскага мура і пра тое, як старэйшае пакаленне, што шчыра верыла ў ідэалы ГДР, не можа змірыцца з крахам звыклага свету.

4. «Не» (No, 2012)

 «Nie»

Жанр: гістарычная драма

Рэжысёр: Пабла Лараін

Малады Рэнэ жыве ў Чылі напярэдадні гістарычных падзей. Палітыка яго мала цікавіць. Хаця яго бацькі былі вымушаныя пакінуць краіну пасля прыходу да ўлады Аўгуста Піначэта, сам Рэнэ вярнуўся на радзіму і вырашыў трымацца ўбаку ад палітыкі. Ён працуе рэкламшчыкам, выхоўвае сына і, здаецца, цалкам задаволены сваім жыццём.

Аднак усё хутка мяняецца. Дыктатура пачынае хістацца, і Рэнэ з чалавека, які заўсёды лічыў сябе «па-за палітыкай», нечакана становіцца ўдзельнікам падзей, што могуць вызначыць будучыню ўсёй краіны.

Фільм распавядае пра падзеі 1988 года, калі жыхары Чылі атрымалі магчымасць на рэферэндуме вырашыць, ці застанецца Аўгуста Піначэт пры ўладзе. «Не» — гэта гісторыя пра выбар, грамадзянскую адказнасць і пра тое, як нават некалькі хвілін тэлерэкламы могуць паўплываць на ход гісторыі.

5. «Персепаліс» (Persepolis, 2007)

Жанр: анімацыйная драма, біяграфія

Рэжысёры: Маржан Сатрапі, Венсан Пароно

«Piersiepalis»

Анімацыйны фільм, прысвечаны падзеям у Іране ў 80-х гадах ХХ стагоддзя. Дзяцінства і сталенне дзяўчынкі Маржан праходзіць на фоне вялікіх палітычных перамен. Падчас рэвалюцыі зрынуты шах, і ў іранцаў з’яўляецца надзея, што краіна стане свабоднейшай: палітычных вязняў вызваляць, а жыццё нарэшце зменіцца да лепшага.

Аднак замест чаканай свабоды да ўлады прыходзяць ісламісты. Маржан выхоўваецца ў прагрэсіўнай сям’і, таму новыя парадкі яна ўспрымае вельмі балюча. Дзяўчынка спрачаецца з настаўніцамі, не прымае навязаныя правілы, а пасля заняткаў таемна слухае забароненыя кружэлкі сваіх любімых рок-гуртоў.

«Персепаліс» — гісторыя пра падзенне аднаго рэжыму і нараджэнне іншага, які не прынёс чаканай свабоды. Але гэта таксама гісторыя пра людзей, чый дух і імкненне да свабоды не здолелі зламаць ні рэвалюцыя, ні новы рэжым.

6. «Зіма ў агні: барацьба Украіны за свабоду» (Winter on Fire: Ukraine’s Fight for Freedom, 2015)

«Zima ŭ ahni: baraćba Ukrainy za svabodu»

Жанр: дакументальны

Рэжысёр: Яўген Афінееўскі

Дакументальны фільм пра падзеі ва Украіне ў 2013–2014 гадах. Мірныя студэнцкія пратэсты ў падтрымку еўрапейскай інтэграцыі паступова перараслі ў маштабнае супрацьстаянне паміж грамадзянамі і сілавікамі.

У фільме сабрана хроніка тых падзей: намётавае мястэчка на Майдане, сутыкненні з «Беркутам», успаміны ўдзельнікаў пратэстаў і кадры, знятыя ў самы драматычны момант Рэвалюцыі годнасці.

Гэта фільм-дакумент пра тое, якой высокай цаной часам даецца свабода і чаму за яе варта змагацца.

7. «Жыццё іншых» (Das Leben der Anderen, 2006)

«Žyćcio inšych»

Жанр: драма, трылер

Рэжысёр: Фларыян Хенкель фон Донерсмарк

Падзеі фільма разгортваюцца ва Усходнім Берліне ў 1984 годзе. ГДР знаходзіцца пад пільным кантролем Штазі, якая імкнецца трымаць грамадства пад наглядам амаль ва ўсіх сферах жыцця. Агент Візлер — адзін з тых, хто ажыццяўляе гэты кантроль.

Чарговым заданнем для яго становіцца назіранне за вядомым драматургам і яго каханай. Аднак паступова ўсё ідзе не па плане. З аднаго боку, Візлеру абяцаюць кар’ерны рост за паспяхова выкананую аперацыю, а з другога — у ім самім пачынаецца ўнутраны пералом.

«Жыццё іншых» — фільм пра тое, што нават унутры таталітарнай сістэмы можа нарадзіцца сумненне, а перамены часам пачынаюцца з выбару аднаго чалавека.

Марта Радушкевіч, budzma.org